Любовь, Комсомол и Весна. Жители Кореличского района вспоминают свои комсомольские годы

24 верасня спаўняецца 100 гадоў Ленінскаму камуністычнаму саюзу моладзі Беларусі

Уладзімір КЛІМЯНКОЎ, першы сакратар  райкама ЛКСМБ, 1975-1979 г.г.:

– На працу ў райкам камсамола прыйшоў у 1975 годзе на пасаду загадчыка арганізацыйнага аддзела райкама, затым – другім сакратаром райкама, праз некаторым час стаў першым сакратаром. У гэты час на Карэліччыне было шмат моладзі. У кожнай школе, а таксама ва ўсіх калгасах раёна былі створаны камсамольскія арганізацыі. Некаторыя з іх былі шматлікія. Напрыклад, у камсамольскія арганізацыі калгасаў у Жухавічах, Малюшычах, Райцы ўваходзіла прыкладна па 80 юнакоў і дзяўчат. І штогод рады камсамольцаў папаўняліся. У многіх калгасах камсамольская работа была наладжана на высокім узроўні. Гэта сведчыла аб тым, што старшыні гаспадарак цікавіліся не толькі працоўным жыццём, але і вольным часам калгаснай моладзі.

Маладых людзей раёна неабходна было арганізаваць, а іх юнацкую энергію скіраваць у правільнае рэчышча. Гэтым мы і займаліся. Трэба адзначыць, што юнакі і дзяўчаты 1970-х гадоў адрозніваліся ад сучаснай моладзі. Яны не ведалі інтэрнэта і сацыяльных сетак, а былі заўсёды адкрыты для жывых зносін. Моладзь з задавальненнем чытала кнігі, часопісы і газеты, прымала ўдзел у спартыўных спаборніцтвах па розных відах спорту. Упэўнены, што ў памяці большасці камсамольцаў раёна засталіся традыцыйныя турзлёты ў Лузінаўцы, лёгкаатлетычны крос на прызы газеты “Полымя”, спаборніцтвы па шашках і шахматах.

Памятаю, як на Карэліччыне раней, чым у суседніх раёнах адкрылі дыскатэку ў рэстаране “Колас”, на якой усталявалі самаробную светамузыку. На той час гэта быў сапраўдны шык. Трапіць на дыскатэку можна было толькі па запрашальных білетах, якія выдаваліся ў камсамольскіх арганізацыях актывістам. На мерапрыемствах былі арганізаваны салодкі стол, пазнавальная і танцавальная праграмы. Несумненна, трапіць  на дыскатэку ў “Колас” хацеў кожны камсамолец.

У 1977 годзе Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання была дадзена ўстаноўка, каб палявыя работы ў гаспадарках раёна вяліся ў дзве змены. Адпаведна ўзнік дэфіцыт кадраў. Каб яго ліквідаваць, райкамам была распрацавана праграма па падрыхтоўцы механізатараў. Навучанне праходзіла на базе калгасаў і Карэліцкай сельгастэхнікі. За ўвесь перыяд было падрыхтавана каля 120 трактарыстаў. Зразумела, не ўсе яны працавалі потым у калгасах на тэхніцы, аднак, на мой погляд, набылі неабходныя для жыцця тэхнічныя навыкі.

Віктар Паўлавіч ЖАЛЕЗНЯКОВІЧ,

сакратар Карэліцкага райкама камсамола, 1982-1986 г.г.:

— Уступіць у члены ВЛКСМ было свайго роду экзаменам — прымалі самых дастойных. Да таго ж трэба было добра ведаць Устаў арганізацыі. Прыём ажыццяўлялі спачатку ў пярвічнай арганізацыі, а затым рашэнне прымала бюро райкама. На рахунку моладзі было шмат карысных спраў. Асабліва запомніліся студэнцкія атрады ВНУ, якія працавалі на раскопках Мірскага замка. Школьнікі ў той час актыўна выпісвалі і чыталі  перыядычныя выданні: «Знамя юности», «Зорьку», «Піянер  Беларусі». Збіралі металалом і макулатуру. Прымалі актыўны ўдзел у піянерскіх і турыстычных злётах. Дапамагалі калгасам ва ўборцы ўраджаю. Паміж моладдзю мацнела сяброўства,  усё больш загартоўваўся характар.

Людміла Пятроўна ГОЎША,

першы сакратар Карэліцкага райкама ЛКСМБ, 1979-1983 г.г.:

— Камсамол для мяне — гэта маладосць, дружны калектыў, жыццёвы пазітыў, школа жыцця. Гэта сяброўства, якое на ўсе гады. Камсамол аб’ядноўваў тысячы маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 28 гадоў. Была сістэма работы з піянерскім і камсамольскім актывам. Гэта рэспубліканскі і ўсесаюзны піянерскія лагеры «Зубронак» і «Артэк», усесаюзны лагер школьнага камсамола «Арлёнак», рэспубліканская і ўсесаюзная школы актыву. Штогод сотні лепшых маладых людзей узнагароджваліся значкамі, заахвочваліся турыстычнымі пуцёўкамі па краіне і за мяжу.

Шчыра віншую камсамольцаў 70-80 гадоў са 100-годдзем камсамола Беларусі! Жадаю добрага здароўя, нязгаснага аптымізму, дабрабыту ў сем’ях. А маладым людзям — працалюбства, канструктывізму, умення чуць і слухаць, быць пачутымі. Няхай у жыцці будзе шмат светлых дзён, дабрабыт і ўдача будуць нязменнымі спадарожнікамі на жыццёвым шляху.

 

Іван Мікалаевіч ШЫШ,

сакратар пярвічнай камсамольскай арганізацыі калгаса «Новае жыццё»:

— У 1979 годзе пасля заканчэння Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута прыехаў на працу ў калгас «Новае жыццё». Быў абраны сакратаром пярвічнай камсамольскай арганізацыі.  Моладзь у тыя гады жыла актыўным і змястоўным жыццём: арганізоўвалі мноства самых розных карысных і цікавых мерапрыемстваў. Сярод іх — ушаноўванне ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны да Дня Перамогі, спартыўныя спаборніцтвы, спартакіяды для калгаснай моладзі паміж вытворчымі ўчасткамі. Прымалі ўдзел у суботніках. Арганізоўвалі паездкі ў Брэст, Белавежскую пушчу, Хатынь,  на Курган Славы і іншыя знакамітыя мясціны Беларусі. У маладых людзей было шмат энергіі і  запалу, і любая справа ім была па плячы.

Падрыхтавалі Галіна СМАЛЯНКА і Аксана ЯНУШ.

Фота з архіваў герояў публікацый