Пункт погляду журналіста: Радзіма, як маці, адна-адзіная на ўсё жыццё

«Мой родны кут! Як ты мне мілы! Забыць цябе не маю сілы!» Зноў і зноў паўтараючы словы-прызнанне беларускага класіка, пранікаюся вялікай любоўю да роднай старонкі. Радзіма, як маці, адна—адзіная на ўсё жыццё.

Любы сэрцу Карэліцкі край. Ізноў у чарговы раз прызнаюся ў любові. Вялікай, шчырай, непадкупнай. Тут усё сваё, роднае, дарагое сэрцу. З роднай старонкай звязана дзяцінства, юнацтва, працоўнае жыццё. І на заслужанным адпачынку адчуваю прыналежнасць да роднага куточка.

Скажыце, ну дзе, калі ні на роднай Карэліччыне сустрэнеш старанных і працавітых людзей? Спрадвеку тут умелі вырошчваць хлеб. Жытнёвыя палеткі радавалі вока, а на збожжатаках позірк краналі залатыя зярняткі. І ў агульным беларускім караваі заўжды быў важкі ўклад карэліцкіх хлебаробаў. Няхай з іх вуснаў не гучалі вялікія прамовы, але іх рукі ніколі не цураліся ніякай працы. Так і зараз радуюць багатымі ўраджаямі, а ў нас на стале ёсць хлеб.

А поруч з Яго Вялікасцю Хлебам спрадвеку ішла песня. Чаго б мы былі варты без добрай мелодыі, якая вярэдзіць душу і ўзнімае настрой? Наш край багаты на таленты, якімі яго ўладальнікі шчодра дзеляцца з землякамі і гасцямі Карэліччыны. Яго праменьчыкамі надзелены і дзеці, ім дапамагаюць развіваць творчыя здольнасці старэйшыя сябры, і выхаванцы становяцца пераможцамі розных конкурсаў.

Дзяўчынкі і хлопчыкі праслаўляюць родную старонку не толькі песнямі, вершамі, танцамі. Яны здольныя і ў вучобе, і ў спорце, неаднаразова з’яўляліся пераможцамі алімпіяд і спаборніцтваў. Відавочна: у гэтым вялікая заслуга іх настаўнікаў, якія ўсе свае веды, навыкі, вопыт перадаюць маладому пакаленню.

Карэліччына — прыгожыя населеныя пункты, дзе пануюць цішыня і спакой, дзе сэрца радуюць навакольныя краявіды, дзе ў большасці сваёй дагледжаныя падворкі і дамы. І няхай не ва ўсіх вокнах свецяцца зімой агеньчыкі, але затое ўлетку не зарастаюць сцяжынкі да роднага парога. Гараджане прыязджаюць на маленькую радзіму, могілкі продкаў. Жыве памяць, і няхай так будзе заўжды.
Радзіма — самае дарагое, што ёсць у чалавека. Гэта тое, што робіць крыху шчаслівейшым нават тады, калі вяртаешся туды толькі ва ўспамінах. А якое велізарнае шчасце, калі жывеш на гэтай цудоўнай зямлі ўсё жыццё! Дык давайце любіць сваю радзіму, родную Карэліччыну, нягледзячы ні на якія жыццёвыя выпрабаванні і віхуры ў жыцці! Любіць так, як павінны любіць сыны і дочкі. Шчыра, пранікнёна, ад усёй душы.

Галіна СМАЛЯНКА