В Кореличском районе уменьшилось число несовершеннолетних, нуждающихся в государственной защите

На пасяджэнні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта абмеркавалі меры па дзяржаўнай абароне дзяцей у сацыяльна небяспечных сем’ях. Адзначалася, што праведзеная работа дае станоўчыя вынікі: зменшылася колькасць дзяцей, маючых патрэбу ў дзяржаўнай абароне і адабраных у бацькоў, вырасла колькасць дзяцей, вернутых у біялагічныя сем’і пасля прызнання іх маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Стабільна павялічваецца паказчык кампенсацыі бацькамі расходаў на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца пад апекай дзяржавы.

Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 года № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у недабранадзейных сем’ях» з’яўляецца дзейсным інструментам у руках тых, хто абараняе правы дзяцей. Па словах намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх Карэліцкага райвыканкама Вольгі Базар, на 1 жніўня бягучага года ў раёне пражывае 31 сям’я, у якой выхоўваецца 57 непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. За кожнай з гэтых сем’яў — самая пільная ўвага з боку камісіі па справах непаўналетніх, сельскіх выканкамаў, міліцыі, школы і медустаноў. У першую чаргу праваабаронцы аналізуюць прычыны сямейных праблем, затым прымаюць рашэнні па абароне дзяцей і дапамагаюць бацькам знайсці выхад з няпростай сітуацыі: дапамагчы з лячэннем ад алкагольнай залежнасці, знайсці працу, зрабіць у доме рамонт і аплаціць жыллёва-камунальныя паслугі. За ўсім гэтым стаіць вялікі аб’ём працы. Штоквартальныя выязныя сумесныя пасяджэнні каардынацыйнага савета па выкананні Дэкрэта № 18 і камісіі па справах непаўналетніх на тэрыторыі пэўнага сельсавета з удзелам нядбайных бацькоў, шырокамаштабныя сельскія сходы, наведванне сацыяльна небяспечных сем’яў.

Часта бывае, што іншага выйсця проста няма, як для бяспекі дзяцей і іх паўнавартаснага выхавання і развіцця разлучыць з бацькамі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Рашэнне аб адабранні дзяцей прымае камісія па справах непаўналетніх. Дзяцей на паўгода змяшчаюць у прытулак, а бацькам тлумачаць, што яны павінны зрабіць для таго, каб ім вярнулі дзяцей.

Праца членаў камісіі па справах непаўналетніх накіравана менавіта на абарону правоў дзіцяці. Яны працуюць з гора-бацькамі і дапамагаюць ім выправіцца, вызначыць, што даражэй — гарэлка або ўласныя дзеці. Дарэчы, такія бацькі пасля адабрання дзяцей або памяшчэння іх на дзяржаўнае забеспячэнне становяцца абавязанымі асобамі, гэта значыць яны павінны ўладкавацца на працу і кампенсаваць дзяржаве выдаткі на ўтрыманне дзяцей. На 1 жніўня бягучага года ў раёне пражываюць 54 абавязаныя асобы ў дачыненні да 61 дзіцяці. Так, Мірскаму прафтэхкаледжу кампенсуюць расходы 23 абавязаныя асобы на 22 дзіця, Карэліцкаму прафтэхліцэю — 9 бацькоў на 9 дзяцей. У камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама канстатуюць: паказчык кампенсацыі бацькамі расходаў на ўтрыманне дзяцей стабільна павялічваецца. Так, працэнт спагнання ўпраўленнем адукацыі райвыканкама склаў 85%, каледжам — 86%, ліцэем — 81%. Дарэчы, штогод рашэннем райвыканкама браніруецца 50 працоўных месцаў для працаўладкавання абавязаных асоб. На сённяшні дзень усе абавязаныя бацькі працуюць. За імі наладжаны кантроль з боку наймальнікаў. У выпадку, калі гора-бацькі здзяйсняюць на працы правіннасць, іх прыцягваюць да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці, накіроўваюць у лячэбна-працоўныя прафілакторыі.
Як падкрэсліла Вольга Базар, праведзеная праца па рэалізацыі Дэкрэта № 18 у 2019 і бягучым гадах дала станоўчыя вынікі. Зменшылася колькасць дзяцей, прызнаных маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне і адабраных у бацькоў з 14 у 2018 годзе да 10 у 2019. За 7 месяцаў 2020 года адабраны двое дзяцей у аднаго бацькі.
Усе дзеці, адабраныя ў бацькоў у 2019 годзе, вярнуліся ў свае сем’і, у 2020 годзе гэты паказчык складае 90%. Усе дзеці-сіроты ўладкаваны на сямейныя формы выхавання і ні адно дзіця не накіравана ў інтэрнатныя ўстановы.

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара