Волонтёром можно быть в любом возрасте. Кореличчанка Вера Стецко вяжет носки для одиноких пожилых, выращивает лекарственные травы и верит в лучшее
Вера Віктараўна СЦЯЦКО з райцэнтра пятнаццаць гадоў як на заслужаным адпачынку. Яна не любіць марна траціць час: наведвае Карэліцкі Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, мае іншыя захапленні.
— Што Вам дае наведванне Карэліцкага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва?
— Два гады таму я страціла спадарожніка жыцця і засталася адна ў вялікім доме. Знаёмыя параілі наведваць Карэліцкі Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, каб перажыць гэты нялёгкі перыяд. І я не пашкадавала: сустрэла тут шмат добрых знаёмых, з якімі магла весці шчырыя размовы на самыя розныя тэмы. І яшчэ немалаважна: знайшла справу для рук, стала ўдзельніцай гуртка «Кудесница». Мы займаемся валанцёрствам, вяжам розныя рэчы, найчасцей шкарпэткі для насельнікаў Жухавіцкага Дома-інтэрната і адзінокіх пажылых, якія ляжаць на сацыяльных ложках у бальніцах раёна. Як аказалася, наша праца прыносіць карысць і радасць састарэлым людзям.
— А дома які занятак для душы знаходзіце?
— Сад і агарод — гэта тое, што патрабуе вялікай увагі і немалой працы. Ля дома шмат зямлі, стараюся кожны кавалачак давесці да ладу. Саджу, акрамя агародніны, шмат розных і рэдкіх лекавых траў, дзялюся імі з сяброўкамі. Даглядаю вялікі кветнік, дзе растуць самыя розныя кветкі і дэкаратыўныя кустарнікі. Усё гэта моцна люблю, бо гэтае захапленне дае мне магчымасць радавацца жыццю.
— У сталым узросце ўзнікае больш глыбокае пачуццё любові да роднага куточка. Вы бываеце на малой радзіме?
— Вядома, езджу пастаянна. Мая радзіма — маленькая вёсачка Качаны Турэцкага сельсавета. Там жыве мая любая 90-гадовая матуля Варэнік Соф’я Уладзіміраўна. З ёй побач — нявестка Алена і брат Мікалай, якім я вельмі ўдзячна. Да таго ж яны харошыя людзі і добрыя гаспадары, і гэтая акалічнасць мяне вельмі радуе.
— Згадзіцеся, што менавіта на пенсіі як ніколі важная падтрымка родных ці блізкіх па духу людзей.
— У нашай сям’і заўжды было шмат сяброў. Праз гады сяброўства не згубілася, мы падтрымліваем сувязь па тэлефоне і сустракаемся. У райцэнтры жыве сястра Галіна, яна дарагі мне чалавек. Дапамагаюць па гаспадарцы сын Сяргей і ўнук Аляксандр. А яшчэ я ўдзячна лёсу за дараваную мне Богам дачушку Алену, якая жыве за мяжой і час ад часу дае мне магчымасць падарожнічаць па іншых краінах і ўбачыць свет сваімі вачыма.
— А што асабліва радуе Вашу душу?
— Самыя простыя і звычайныя рэчы. Пайшоў дождж і на небе з’явілася вясёлка, у поле выйшлі камбайны і ўбіраюць спелую збажыну, распусціліся першыя кветачкі ў агародчыку і азарылі ўсё наваколле — гэта ўсё мне ў радасць. А яшчэ мне прыносіць радасць сяброўства з кнігай.
Гутарыла Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ