Активные кореличчанки делятся секретами интересного времяпрепровождения на пенсии

1 кастрычніка мы адзначаем Дзень пажылых людзей. Гэта свята тых, хто ўсё свядомае жыццё сумленна працаваў. Сёння ж яны знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю, вядуць здаровы лад жыцця і атрымліваюць асалоду ад залатога ўзросту.

Лідзія Казіміраўна АЛЯСЮК:

— Хто сказаў, што на пенсіі сумна? За дзесяць гадоў на заслужаным адпачынку я змагла рэалізаваць сябе ў многіх накірунках. Шмат гадоў наведваю гурткі і клубы Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна. З’яўляюся ўдзельніцай хора ветэранаў пры Цэнтры культуры і народнай творчасці. Выязджаем з канцэртамі да насельнікаў Жухавіцкага Дома-інтэрната, каб падарыць ім добрую песню і душэўнае слова. Падчас сустрэч іх вочы свецяцца радасцю, і гэта для нас, выканаўцаў, з’яўляецца найвышэйшай узнагародай. Таксама наведваю творчыя сустрэчы ў Карэліцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы.

А яшчэ добрая «знаходка» для маіх рук — праца на любімай дачы. Саджу шмат агародніны, кветак, лекавых траў. Ахвотна дзялюся імі з сябрамі.

Люблю чытаць кнігі. Выпісваю перыядычныя выданні. Маю асабістую бібліятэку, дзе сабраны творы класікаў, якія часта перачытваю.

Галіна Мікалаеўна КОМАР:

— Работа ў мяне была вельмі адказнай, таму выхад на пенсію ўспрыняла спакойна. У нас з мужам свой дом. Сад, агарод, кветкі — гэта, вядома, клопат, але і заняткі для душы. Саджу памідоры, агуркі, капусту. А яшчэ клубніцы, каб парадаваць маіх любімых унукаў. Іх у мяне ажно дзевяць. летам бывае пяць меншых, якія з’яўляюцца добрымі памочнікамі. Сярод кветак перавагу аддаю ліліям і хрызантэмам — яны зачароўваюць сваёй прыгажосцю, у хвіліны тугі і роспачы супакойваюць і дораць добры настрой.

Запісалася ў Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на заняткі па аздараўленчай гімнастыцы і скандынаўскай хадзьбе, і не пашкадавала. Яшчэ наведваю і гурток па танцах. Я — удзельніца клуба «Карэліччанка» пры Карэліцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Заняткі ў гуртках і творчыя сустрэчы дапамагаюць з карысцю праводзіць вольны час і знайсці патрэбнае для душы.

Ірына Аляксандраўна БАНДАРЫК:

— Вядома, вольнага часу на пенсіі шмат, але, на шчасце, ён праходзіць у клопатах і занятках. Адно з любімых захапленняў — вязанне. Вяжу рэчы для сваіх родных: і радасна, і цікава, і не даводзіцца сумаваць. Да таго ж гэта добры падарунак для дарагіх мне людзей.

Наведваю гурткі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Фізкультура, скандынаўская хадзьба, танцы — вось што прыцягнула маю ўвагу, і я не пашкадавала аб сваім выбары. Заняткі ўзбадзёрваюць і прыносяць асалоду. Гэта і пэўныя крокі да добрага здароўя.

І, бадай, наступнае маё захапленне робіць маё жыццё найбольш яскравым і святочным. Ля дома — кветкі і лужайкі. Іх немагчыма не любіць, бо яны ператвараюць сумныя гадзіны ў больш радасныя. Падыдзеш да кусціка ружаў — ад іх павявае такой прыгажосцю і жаноцкасцю, што замірае нават дыханне, а куст гартэнзіі навявае ўспаміны пра самае патаемнае ў жыцці. І сапраўды, чаму б не вырошчваць і не праяўляць клопат пра сваіх любімцаў ? Яны, як добрыя і надзейныя сябры, адорваюць такой невычэрпнай дабрынёй і радасцю. І ўсё гэта побач, ва ўласным агародчыку, ля твайго дома — толькі не лянуйся працаваць!

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ