Что изменится в Беларуси с 1 ноября
Павялічыцца бюджэт пражытачнага мінімуму
З 1 лістапада бюджэт пражытачнага мінімуму павысяць з 256,1 рубля да 258,11 рубля (на 0,81%) і будзе дзейнічаць да канца студзеня 2021.
Разам з ростам БПМ на 0,81% вырастуць і ўбудаваныя ў сістэму надбаўкі і павышэнні, асобныя сацыяльныя выплаты: памеры дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, сацыяльныя пенсіі, даплаты пенсіянерам ва ўзросце 75 гадоў і старэй (якія атрымліваюць пенсіі ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароны), дапамогі па догляду інваліда I групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, надбаўкі і павышэнні да пенсій для асобных катэгорый пенсіянераў.
Будуць дзейнічаць новыя памеры мінімальных спажывецкіх бюджэтаў
Мінімальны спажывецкі бюджэт на аднаго члена сям’і з чатырох чалавек з 1 лістапада (у разліку на месяц) складзе 419,78 рубля. Раней — 413,1 рубля. Мінімальны спажывецкі бюджэт — гэта выдаткі на набыццё набору спажывецкіх тавараў і паслуг для задавальнення асноўных патрэбаў чалавека.
З 1 лістапада мінімальныя спажывецкія бюджэты маладой сям’і з трох чалавек — 450,43 рубля, працаздольнага насельніцтва — 528,3 рубля, пенсіянераў — 410,1 рубля, дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў — 352,55 рубля, дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў — 448,14 рубля, дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў — 457,49 рубля.
Усталююць новы памер утрымання сродкаў для выплаты зарплаты
Цяпер пры разліку сродкаў для пералічэння па-за чаргой на пагашэнне запазычанасці па заработнай плаце наймальнікі павінны браніраваць 428,52 рубля ў разліку на аднаго работніка. Павелічэнне сумы звязана з ростам бюджэту пражытачнага мінімуму.
МТС і life знізяць тарыфы на галасавы роўмінг у Расіі
Званкі патаннеюць для ўсіх абанентаў МТС, незалежна ад тарыфнага плану і сеткі расійскага аператара (дзе рэгіструецца прылада). Гэта закране як уваходныя, так і зыходзячыя званкі. Цэны на SMS і інтэрнэт-трафік застануцца без зменаў. Новыя тарыфы будуць дзейнічаць аўтаматычна з 1 лістапада.
З 1 лістапада таксама знізіць кошт зыходзячых, уваходных званкоў, SMS па роўмінгу для абанентаў на тэрыторыі Расіі і аператар lifе. Тарыфы зменяцца ў рамках дарожнай карты па адмене роўмінгу на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы.
МТС павышае тарыфы
З 1 лістапада падаражэюць асноўныя паслугі сотавай сувязі аператара МТС — на 4% да ўзроўню бягучых тарыфаў. Падаражанне патлумачылі развіццём інфраструктуры, у прыватнасці сеткі 4G у гарадской і сельскай мясцовасці. Сярод асноўных паслуг у паведамленні былі пералічаныя абаненцкая плата, галасавыя выклікі, мабільная перадача дадзеных.
З 4 лістапада таксама павысіцца кошт паслуг аператара А1: абаненцкія платы, кошт зыходзячых выклікаў на нумары абанентаў Рэспублікі Беларусь, міжнародныя званкі, мабільны інтэрнэт звыш уключанага ў абаненцкую плату, SMS і MMS для фізічных і юрыдычных асоб — ад 3,06% да 4%. Змена кошту таксама закране роўмінг і дадатковыя пакеты мабільнага інтэрнэту, хвілін і SMS, іншыя дадатковыя паслугі, абаненцкую плату некаторых архіўных тарыфных планаў.
У Беларусі пачнуць афармляць электронныя тэхпашпарты
З 1 лістапада вытворцы транспартных сродкаў будуць афармляць электронныя пашпарты. Гэта адбудзецца згодна з пастановай № 254 Савета міністраў. На афармленне электронных пашпартоў упаўнаважаны такія арганізацыі, як «Белмытнясэрвіс» і «Белтэхагляд». Пашпарты на адзінкавыя ТС змогуць выдаваць выпрабавальныя лабараторыі.
Беларусь зніжае пошліны на нафту
З 1 лістапада Беларусь зніжае экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты, якія вывозяцца за межы мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза.
Забараняецца лоўля сома і сіга
З 1 лістапада па 31 сакавіка вылаў еўрапейскага сома паўсюдна забаронены з-за асаблівасцяў зімоўкі гэтага віду. Таксама з 1 лістапада па 15 снежня ўстанаўліваецца забарона на вылаў чудскага сіга, на перыяд нерасту.
Здабыча гэтых відаў рыбы ў час забароны можа пацягнуць адказнасць у выглядзе штрафу ў 12 базавых велічынь (324 рубля) за кожную асобіну еўрапейскага сома і 9 базавых велічынь (243 рубля) — за кожную асобіну чудскага сіга.
Па матэрыялах БелТА