Кореличчина туристическая. Средняя школа г.п. Мир славится музеями, где экскурсоводы — школьники

Вітаю вас, паважаныя сябры. Працягваем разам наведваць турыстычныя аб’екты Карэліцкага раёна. Сёння прапаную яшчэ адзін накірунак. Гэта сярэдняя школа г.п. Мір. Прыгожая, утульная, з добрым рамонтам і абсталяваннем. Там працуе творчы педагагічны калектыў і вучацца таленавітыя дзеці.

Не толькі сваімі вучэбнымі поспехамі знакамітая гэта школа.

Па-першае, яна носіць імя свайго былога дырэктара, падпольшчыцы Галіны Сташэўскай. Па-другое, у яе сценах дзейнічаюць народны краязнаўчы музей і музей сусветна вядомага земляка Ігнація Дамейкі.

Па-трэцяе, экскурсаводы музея – непасрэдна вучні школы, здольныя, зацікаўленыя, падрыхтаваныя. Яны на працягу не аднаго года займаюцца вывучэннем гісторыі роднага краю, распрацоўваюць разам з настаўнікамі экскурсы і рыхтуюцца прафесійна выконваць вельмі дарослую справу – быць экскурсаводамі. У выніку ўзровень падрыхтоўкі дае магчымасць праводзіць экскурсіі не толькі па роднай школе, але і па гістарычных месцах пасёлка для самага разнастайнага кантынгенту турыстаў.

Музей Дамейкі пачаў стварацца ў Мядзвядкаўскай школцы – на радзіме вучонага – у 1995 годзе. Пасля скасавання школы пераехаў у Мір і там паспяхова працягвае сваё развіццё – накоплівае экспанаты, падтрымлівае сувязі з нашчадкамі вучонага.

Гонар школы – краязнаўчы музей, які яшчэ ў 1986 атрымаў ганаровае найменне “народны”. Экспазіцыя створана з выкарыстаннем сучасных тэхналогій, таму зможа задаволіць нават самага патрабавальнага наведвальніка. Тым больш, што там дазваляюць не толькі паглядзець і паслухаць, але і патрымаць некаторыя экспанаты ў руках, нават паспрабаваць іх у справе. Не буду спыняцца на тым, што самае цікавае сярод экспанатаў. Лепш адзін раз пабачыць, чым сто разоў пачуць. Таму знайдзіце час, прыедзьце і паглядзіце ўласнымі вачыма, як карысна могуць бавіць час дзеці, калі побач НАСТАЎНІК. г.п.Мір, вул. Сташэўскай, 1, тэл. 8(01596)73-593, mirschool @ tut.by.

Нэллі МАІСЕЕНКА,
галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама