Мастер Кореличского Дома ремесел Ольга Кришень: «Творчество — нескучное занятие для барышень и дам»
Творчыя людзі пастаянна ў пошуку. Як і хлебароб, апусціўшы зерне ў зямлю і прыклаўшы рукі, хоча атрымаць добрыя ўсходы, так і творца марыць аб тым, што яго праца ўскалыхне душу і будзе служыць людзям.
Сённяшні субяседнік — майстар народна-мастацкіх рамёстваў аддзела рамесніцкай дзейнасці Карэліцкага Дома рамёстваў Вольга КРЫШЭНЬ.
— Вольга Глебаўна, што для Вас творчасць?
— Творчасць — нясумны занятак для барышняў і дам. Займаючыся творчасцю, чалавек умацоўвае сваё здароўе, адпачывае псіхалагічна, супакойваецца. Да таго ж вырабы — добрыя падарункі для блізкіх і сяброў.
— Як захапленне стала прафесіяй?
— У 1996 годзе паступіла ў Кобрынскае вучылішча народна-мастацкіх промыслаў, спыніўшы свой выбар на спецыяльнасці інкрустатар саломкі па дрэве.
Пасля заканчэння навучальнай установы не змагла ўладкавацца на працу па спецыяльнасці. Сядзець склаўшы рукі не змагла — пайшла працаваць на чыгунку.
У 2007 годзе бацькі вярнуліся на Карэліччыну. Праз некалькі гадоў прыехала сюды і я. Уладкавалася майстрам народна-мастацкіх рамёстваў у аддзел рамесніцкай дзейнасці Карэліцкага Дома рамёстваў. Спрабую сябе ў розных накірунках: працую з саломкай, пляту паясы і карункі, шыю адзенне, рэканструюю старадаўнія народныя строі.
Сваёй сённяшняй працай задаволена. Разам з калектывам раённага Дома рамёстваў пастаянна знаходзімся ў творчым пошуку. Імкнёмся асвоіць ткацтва, пачалі са шнуроў і паясоў, у якасці прыстасаванняў — калодка і «вілка», якія зрабіў наш мастак Аляксандр Заблоцкі. Па гэтым накірунку праводзім майстар-класы і выстаўляем відэаверсіі ў сацыяльныя сеткі.
— Ведаю, што ў мінулым годзе Вы стварылі незвычайную карціну…
— Да 75-годдзя Гродзенскай вобласці вышыла карціну-гадзіннік з аўтэнтычным арнаментам кожнага раёна Гродзеншчыны. Раёнаў сямнаццаць, і для кожнага прадставіла свой узор. Гэтая карціна стала пераможцай конкурсу, прысвечанага юбілею Гродзеншчыны, і людзям таксама спадабалася.
— А хто найперш ацэньвае Вашы вырабы?
— Першымі ацанілі работу сёстры, якія таксама з’яўляюцца сапраўднымі творцамі. На сценах бацькоўскага дома — іх карціны, якія прыпаднеслі родным людзям як дарагі падарунак з нагоды знамянальных падзей.
— Любоў да творчасці і рамёстваў — гэта сямейнае?
— Рукадзеллем у нашай сям’і займаліся здаўна. Па бацькоўскай лініі цёткі былі выпускніцамі Інстытута шляхетных дзяўчат у Смольным, а бацькава мама цудоўна вышывала кашулі. Былі ў родзе і мастакі, а зараз да выяўленчага мастацтва цягнецца чатырнаццацігадовы сын Антон.
— Як чалавек творчы, у чым знаходзіце аддушыну ў складанай жыццёвай сітуацыі?
— У сям’і і дзіцячых успамінах. Я нарадзілася ў горадзе Баранавічы. Бацька Глеб Аляксандравіч працаваў на беларускай чыгунцы інжынерам праекціроўшчыкам, а мама Варвара Глебаўна — у гарадской аптэцы. Калі бацьку па працы накіравалі ў камандзіроўку ў Манголію, то паехала ўся сям’я. Праз паўгода мяне з-за праблем са здароўем адправілі да бабулі і дзядулі на Карэліччыну.
Вось гэтыя гады і ўсплываюць у маёй памяці на працягу ўсяго жыцця, а цёплыя ўспаміны з дзяцінства саграваюць душу.
З нецярпеннем чакала дзядулю з працы, бо ён прыносіў ласункі. Любіў парадак у двары, нарыхтоўваў венікі. Яго каганец з ядлоўцам і пах паляндвіцы памятаю да гэтага часу. Бабуля ўвіхалася па дому, пякла смачны хлеб на кляновых лістах. А яшчэ яна была адмысловай майстрыхай. Бабулін ткацкі станок і калаўротак пазней перадалі ў раённы музей, а мне засталіся два верацяна.
— Над чым зараз працуеце?
— Да юбілею раёна падрыхтавала сюрпрыз, а які, пакуль не раскрываю таямніцы, толькі скажу, што працавала з любоўю. Хочацца спадзявацца, што карэліччанам і гасцям раёна спадабаецца. Цяпер займаюся рэканструкцыяй старадаўняй жаночай верхняй вопраткі. Гатовы варыянт мы абавязкова прадэманструем шырокай аўдыторыі.
— Аб чым Вы марыце?
— Хачу працягваць работу з дзецьмі, каб навучыць іх ткаць, як калісьці іх бабулі рукадзельнічалі пры лучыне.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКА