Многодетная мама Татьяна Ус из Оюцевичей рассказывает о своей заветной мечте

Добрая вестка ў гэтыя восеньскія дні прыйшла на Карэліччыну: палявод КСВУП «Птушкафабрыка «Чырвонаармейская» Таццяна Ус узнагароджана ордэнам Маці. Журналісты раённай газеты «Полымя» наведаліся да маладой сям’і і пацікавіліся сённяшнім жыццём і планамі на будучае.

— Таццяна Сяргееўна, скажыце, калі ласка, вестка аб узнагароджванні Вас ордэнам Маці застала знянацку?

— Я не думала, што атрымаю такую вялікую ўзнароду. Вунь колькі шматдзетных сем’яў жыве ў раёне! А тут яшчэ і да Дня маці. Было столькі радасці, якая перапаўняла ўсю істоту. Патэлефанавала сёстрам Ірыне і Ларысе, паведаміла ў першую чаргу мужу Генадзію. Усе разам былі шчаслівыя.

— Згадзіцеся, быць маці — вялікі гонар, але і вялікая адказнасць. Ці хапае любові на ўсіх пяцярых?

— Хапае, усе дзеці любімыя. Цімафею — адзінаццаць гадоў, Мікалай на год малодшы, Таццяне — шэсць, Міхаілу — чатыры, а Гаўрыілу ўсяго паўтара. Чатыры дзіцяці нарадзіліся восенню і толькі меньшы ў маі. Розныя па характары, яны ўсе добрыя і спагадлівыя.

— Хто ў вашай сям’і з’яўляецца лідарам?

— Вядома, бацька — галава сям’і. Гэта было закладзена яшчэ ў нашай сям’і, усё на мужчынскіх плячах. Я адказваю за дом, каб дзеці былі накормлены, апрануты, дагледжаны. Мне здаецца, што за мяне гэтага ніхто лепш не зробіць.

— Для вялікай сям’і ды, відаць, для кожнай патрэбны ўтульны дом, каб усім было камфортна. Што ў Вас у планах?

— Мы хочам пабудаваць свой уласны дом. Ужо сабралі дакументы на ўчастак для яго. Пакуль жывём у хаце маёй маці Святланы Феліксаўны. Нам тут добра, але хочацца сваё жыллё, каб былі дзіцячыя пакоі ды быць гаспадыняй.

— Якія рысы характару імкнецеся выхаваць у дзецях?

— Па-першае, каб яны выраслі добрымі, чулымі, шчырымі ў адносінах да іншых людзей. Каб не крыўдзілі слабейшага і неслі адказнасць за свае ўчынкі. Па-другое, каб у будучым былі працавітымі людзьмі. Гэтаму вучым ужо зараз. У нас ёсць свая асабістая гаспадарка: свінні, куры, агарод, бульбу садзім у полі. Сабіраем грыбы, кампотаў і варэння на ўсю зіму нарыхтавалі, толькі бярозавага соку закаталі 110 трохлітровых слоікаў.

— Хто з’яўляецца надзейнай апорай і падтрымкай у сям’і?

— Вядома, наша любая матуля Святлана Феліксаўна Бунчук. Дапамагае па доме і гаспадарцы, паглядзець за дзецьмі, дасць слушныя парады. З нагоды Дня маці хочацца яе шчыра падзякаваць за дапамогу і пажадаць моцнага здароўя і вялікага шчасця.

— Скажыце, у Вас ёсць захапленні, якія аб’ядноўваюць вашу сям’ю?

— Мы разам усёй сям’ёй любім хадзіць у грыбы і на рыбалку летам. А зімой на горку, якая знаходзіцца ў лесе. Дзеці катаюцца на мяшках з сенам, так як мы рабілі ў дзяцінстве.

— Які клопат пра вашу шматдзетную сям’ю праяўляе дзяржава, мясцовая ўлада? Хто яшчэ працягвае вам руку дапамогі?

— Па-першае, мы атрымліваем штомесячную дапамогу па доглядзе за дзецьмі. Па-другое, трое дзяцей бясплатна харчуюцца ў школе і дзіцячым садку. Па-трэцяе, атрымліваем ад дзяржавы адрасную дапамогу. І гэта яшчэ не ўсё. Да 1 верасня дзецям-вучням была выдзелена ад школы грашовая дапамога, ад КСВУП «Птушкафабрыка «Чырвонаармейская» — сацыяльная (школьныя прыналежнасці), ад СВК «Жухавічы» аказалі матэрыяльную дапамогу (на працы мужа). Хочацца дабавіць да ўсяго гэтага, што ў сувязі з нараджэннем дзяцей нашу сям’ю наведвалі прадстаўнікі Мірскага сельсавета, а загадчыца мясцовага ФАПа Ганна Уладзіміраўна Манюк — часты госць у нашай хаце.

— Вы жывеце ў аграгарадку Аюцавічы. Вас задавальняе інфраструктура населенага пункта?

— Безумоўна, у аграгарадку ёсць школа, ФАП, магазіны, пошта, кафэ, клуб — адным словам, усё для жыцця. Прыгожы населены пункт, ды, бадай, самае галоўнае — гэтая мая радзіма, любы сэрцу куточак. Ды і да Міра рукой падаць.

— У Вас ёсць запаветная мара. Калі можаце, то падзяліцеся.

— Паўтаруся: галоўная мара — пабудаваць дом, выхаваць дзяцей, пасадзіць сад. І каб у ім рос вінаград і былі арэлі. Каб дзеці выраслі добрымі, здаровымі, шчаслівымі.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКА