На Октябрьской кипит работа. Кореличские коммунальники продолжают благоустройство райцентра
Карэліцкія камунальнікі працягваюць добраўпарадкаванне раённага цэнтра. Зараз работы разгарнуліся на вуліцы Кастрычніцкай: на пешаходнай дарожцы ідзе ўкладка тратуарнай пліткі. Хутка частку вуліцы асвецяць новыя энергазберагальныя ліхтары.
Георгій Лазарэвіч, дом якога знаходзіцца на месцы, дзе Кастрычніцкая крута забірае ўправа, задаволены з’яўленнем пешаходнай зоны.
— Раней тут дарожкі для людзей не было, — гаворыць мужчына, — таму і рух быў небяспечным. Тут жа машыны не рэдкасць. А цяпер можна спакойна хадзіць нават цемраю.
80-гадовая суседка Валянціна Андрэеўна Зіноўева цяпер спакойная за свой двор і агарод: вада з праезнай часткі сюды не трапіць.
Дырэктар Карэліцкага раённага ўнітарнага камунальнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Рудак гаворыць, што ў гэтым годзе камунальнікі выканалі значны аб’ём работ па добраўпарадкаванні райцэнтра.
— Новы асфальт і пешаходныя дарожкі з’явіліся ў дварах па вуліцах Прытыцкага і 8 Сакавіка. Замест “народных тропаў” для зручнасці карэліччан каля магазіна “Хіт” і праз сквер да раённай паліклінікі пралеглі пешаходныя дарожкі. Насупраць райпаліклінікі абуладкавалі паркоўку для аўтамабіляў. Зараз стартавалі работы па асфальтаванні завулка Піянерскага. Цяпер да раённага вузла паштовай сувязі будуць весці новы асфальт і пешаходная зона.
Паклапаціліся камунальнікі і пра вулічнае асвятленне пасёлка. З пачатку бягучага года на змену старым ліхтарам прыйшлі 192 новых святлодыёдных і энергазберагальных. На днях на веладарожцы замянілі асвятляльную лінію на больш магутную.
У бягучым годзе на правядзенне добраўпарадкавання г.п. Карэлічы з раённага бюджэту зрасходавана больш за 120 тысяч рублёў. Прыцягвалася і спонсарская дапамога ААТ “Вікас” і СП ААТ “Леор Пластык”.
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара