Работа почты на колесах, уличное освещение, качество питьевой воды. Кореличчане звонят на «прямые линии» в райисполком

Згодна з Дырэктывай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2006 года № 2 “Аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва” кожную суботу кіраўніцтва райвыканкама праводзіць з насельніцтвам “прамыя лініі”.

26 верасня жыхарка вёскі Вялікая Мядзвядка патэлефанавала на “прамую лінію” да кіраўніка раёна Генадзія Шатуева, каб падзякаваць за аднаўленне прыёму ўрача агульнай практыкі, які быў часова  прыпынены з сакавіка бягучага года ў сувязі з пандэміяй каранавіруса. З верасня доктар зноў прымае вяскоўцаў па месцы жыхарства кожны апошні чацвер месяца. Таксама прагучала просьба адкрыць у вёсцы паштовае аддзяленне. Аднак паштовыя стацыянарныя аддзяленні адкрываюцца толькі ў буйных населеных пунктах, напрыклад, у адміністратыўных цэнтрах сельгасарганізацый або сельсаветаў. У Мядзвядцы зараз жыве 161 чалавек, таму вяскоўцаў абслугоўвае паштовая машына. Для таго, каб людзям было зручней чакаць пошту на калёсах, каля магазіна Карэліцкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства будуць устаноўлены навес і лаўкі.

У гэты ж дзень жыхар Міра пацікавіўся, ці можна перааформіць чэкі “Маёмасць” у чэкі “Жыллё”. Як патлумачылі званіўшаму мужчыне, у адпаведнасці з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 чэрвеня 2007 г. № 6 «Аб упарадкаванні абарачэння і выкарыстання імянных прыватызацыйных чэкаў «Жыллё» выдача чэкаў «Жыллё» спынена з 1 студзеня 2007 г., у сувязі з гэтым пераафармленне чэкаў «Маёмасць» у чэкі «Жыллё» немагчыма.

6 кастрычніка да старшыні Карэліцкага райвыканкама Генадзія Шатуева звярнулася жыхарка вёскі Горная Рута, якая паскардзілася на спазненне паштовага аўтамабіля. Жанчыне патлумачылі, што пошта на калёсах, перш чым прыехаць у Горную Руту, абслугоўвае жыхароў аграгарадка Палужжа, вёсак Міратычы і Вялікая Мядзвядка. А паколькі паштовы аўтамабіль выконвае такія ж складаныя функцыі, як і стацыянарнае паштовае аддзяленне, і працуе, пакуль не абслужыць апошняга кліента, магчымы змяненні ў графіку яго руху.

Тэлефанаваўшая жыхарка вёскі Літараўшчына паведаміла, што ў вёсцы не працуюць вулічныя ліхтары. Няспраўнасць ліквідавалі аператыўна: на другі дзень работнікі Карэліцкага раёна электрычных сетак выехалі на месца і аднавілі вулічнае асвятленне.

12 кастрычніка жыхарка г.п. Мір патэлефанавала на прамую лінію, калі дзяжурыў намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Ігар Лазарэвіч, і паскардзілася на якасць пітной вады. Карэліцкі камунгас правёў прамыўку водаправоднай сеткі пасёлка, і лабараторны аналіз паказаў, што ўтрыманне жалеза ў вадзе складае 0,18 мг пры норме 0,3 мг.

На думку старшыні Карэліцкага райвыканкама Генадзія Шатуева, суботнія «прамыя лініі» не толькі важныя для жыхароў раёна, але і карысныя для мясцовай улады:

— Часта бывае, што чалавек патэлефануе і нешта падкажа або раскажа пра існаванне праблемы, якой мы раней не бачылі. Такім чынам жыхары раёна аказваюць дапамогу мясцовай уладзе. А мы стараемся аператыўна рэагаваць, прымаць меры.

Іна ЛЕЙКА