Школьницы, занесённые на доску Почёта Кореличского района, рассказывают об учёбе, увлечениях и семье
Дзеці — наша надзея і будучыня. Якімі яны вырастуць, залежыць і ад нас, дарослых. Менавіта важна ў школьныя гады праявіць увагу і аказаць падтрымку, каб дзяўчынкі і хлопчыкі маглі адчуць сябе асобай.
У нашым раёне шмат робіцца для таго, каб вучні маглі развіваць таленты і здольнасці. Пацвярджэнне гэтаму — перамогі вучняў у алімпіядах, конкурсах, спаборніцтвах. Не забываюць у раёне і пра тых, хто дабіваецца высокіх вынікаў — іх прозвішчы занесены на раённую Дошку пашаны.
Журналіст раённай газеты «Полымя» гутарыць з вучаніцамі дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г.І. Сташэўскай» — дзесяцікласніцай Анастасіяй КАВАЛЕВІЧ і адзінаццацікласніцай Кацярынай КАЛАСОЎСКАЙ.
— Занясенне на раённую Дошку пашаны для вучня — гэта гонар? Як успрынялі гэтую навіну аднакласнікі?
Насця: — Гэта сапраўды гонар. Мяне ўзнагародзілі за перамогу ў алімпіядах па беларускай мове і літаратуры. Гэтаму ўзрадаваліся мае бацькі, аднакласнікі ўспрынялі з радасцю.
Каця: — Для мяне таксама гонар. Я ўдастоена за поспехі ў гісторыка-краязнаўчай рабоце — заняла ІІІ месца ў конкурсе-канферэнцыі «Крыштальная Альфа». Усе былі рады за мяне, як бацькі, так і аднакласнікі.
— Вучоба — гэта цяжкая праца. Як будуеце свой дзень?
Насця: — Я стараюся размеркаваць свой час так, каб хапіла на вучобу і адпачынак. Пасля заняткаў магу некаторы час займацца сваім хобі, а затым з добрым настроем саджуся за ўрокі. Вечар я праводжу са сваёй сям’ёй.
Каця: — Мой дзень пачынаецца, як у маіх аднагодкаў, з паходу на заняткі ў школу. Пасля ўрокаў адпачываю, набіраюся сіл і зноў саджуся за ўрокі. Пасля гэтага займаюся сваімі справамі.
— А які прадмет з’яўляецца любімым у школе?
Насця: — Англійская мова. Яна адрозніваецца ад роднай, і мне гэта цікава, кожны раз пазнаю нешта новае.
Каця: — У мяне некалькі любімых прадметаў. Люблю біялогію, зараз мы вывучаем разнастайныя звесткі пра чалавека. А яшчэ дапрызыўную медыцынскую падрыхтоўку, бо хачу звязаць сваё жыццё з медыцынай. І гісторыю, бо кожны чалавек павінен ведаць сваю гістрыю, свае карані.
— Чаму, акрамя вучобы, аддаяце перавагу?
Насця: — Мне падабаецца маляваць. Часта ствараю карціны ў якасці падарунка для сваіх родных. Люблю маляваць хатніх жывёл. Раблю гэта з задавальненнем, бо такі занятак расслабляе.
Каця: — Я люблю фатаграфаваць прыроду, мне хочацца паказаць, наколькі навакольныя краявіды прыгожыя і цікавыя. У такія моманты адчуваеш сябе зусім па-іншаму, прыходзіць спакой на душы.
— Хто з’яўляецца найлепшымі дарадцамі?
Насця: — Мае настаўнікі даюць мне добрыя парады, бацькі таксама цікавяцца маёй дзейнасцю і стараюцца дапамагчы мне, нават маральна, бо вучоба — нялёгкая праца.
Каця: — Мае найлепшыя дарадцы — настаўнікі гісторыі Валерый Іванавіч Брант і Інэса Іванаўна Пастухова. Таксама мне дапамагаюць, вераць, падтрымліваюць мае бацькі, сястра Марына.
— Ці ёсць ужо зараз планы на будучае?
Насця: — Дакладных няма, але ў будучым мару шмат падарожнічаць, працягваць цікавіцца роднай мовай, атрымаць вышэйшую адукацыю.
Каця: — Асаблівых планаў не будую, хачу паспяхова закончыць школу і паступіць у ВНУ, прадаўжаць займацца фатаграфіяй.
— Ці любіце чытаць?
Насця: — Вельмі люблю. Асабліва мне падабаюцца творы беларускіх класікаў, фантастыка. Кнігі развіваюць асобу, фантазію, многаму могуць навучыць і ўвогуле маюць вялікае значэнне ў жыцці чалавека.
Каця: — Я люблю чытаць кнігі і глядзець фільмы на гэтую тэматыку, каб потым параўнаць і глыбей унікнуць у сэнс.
— Сям’я іграе вялікую ролю ў станаўленні асобы. Што яна азначае ў вашым жыцці?
Насця: — Сям’я для мяне значыць усё. Я лічу, што вельмі важна праводзіць час са сваёй сям’ёй для таго, каб добра разумець адзін аднаго.
Каця: — Сям’я для мяне стаіць на першым месцы. Яна падтрымлівае мяне, верыць і дапамагае, заўсёды прыходзіць на дапамогу ў патрэбныя хвіліны.
— А ці ёсць тое, што засмучае ў сённяшнім бурлівым жыцці?
Насця: — У мяне такога няма. Мяне акружаюць добрыя і прыветлівыя людзі ў школе і дома. Хочацца самой такой быць.
Каця: — У мяне заўсёды добры настрой. Яго перадаю акружаючым людзям, і ўсе рады мяне бачыць і дзяліць маю радасць.
— Калі б былі дырэктарам школы, што б змянілі ў ёй?
Насця: — Я думаю, наўрад што змяняла б у сваёй школе, мне ўсё падабаецца. Тут працуюць найлепшыя настаўнікі, якія дапамогуць у складанай сітуацыі, тут вучацца старанныя і прылежныя вучні, розныя па характары, але аб’яднаныя адной мэтай — атрымліваць трывалыя веды.
Каця: — Калі б я была дырэктарам школы, найхутчэй павялічыла б колькасць настаўнікаў па некаторых прадметах для больш дасканалага і глыбокага іх вывучэння. Напрыклад, беларускай мовы і літаратуры, бо яны — родныя, і іх трэба больш дасканала вывучаць. А ўвогуле, у школе працуюць прафесіяналы сваёй справы, якія аддаюць вучням веды і сэрцы.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ