В Кореличах наградили победителей районного этапа республиканской олимпиады по финансовой грамотности для школьников

На базе дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы» праведзены раённы этап рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай граматнасці для школьнікаў.

Як паведамілі ва ўпраўленні адукацыі Карэліцкага райвыканкама, алімпіяда праводзіцца з мэтай павышэння фінансавай граматнасці вучняў устаноў адукацыі. Сярод асноўных задач — папулярызацыя ведаў у галіне фінансаў, стварэнне ўмоў для рэалізацыі інтэлектуальных здольнасцей вучняў, набыццё імі вопыту пазнавальнай, камунікатыўнай, практычнай і творчай дзейнасці, фарміраванне ў вучняў практычных навыкаў выкарыстання фінансавых інструментаў для планавання бюджэту і назапашванняў, кантролю сваіх даходаў, расходаў і даўгоў, развіццё фінансавай культуры і ўмацаванне фінансавай дысцыпліны вучняў, укараненне новых форм прафесійнай арыентацыі вучняў.

Алімпіяда, арганізатары якой — Нацыянальны банк і Міністэрства адукацыі, праводзіцца ў чатыры этапы: першы (ва ўстановах адукацыі), другі (раённы), трэці (абласны) і заключны этап (рэспубліканскі).

У раённым этапе алімпіяды прадугледжаны наступныя блокі пытанняў: «Асабісты бюджэт», «Наяўныя грошы», «Зберажэнні», «Запазычванне», «Лічбавы банкінг», «Нацыянальны банк», «Страхаванні», «Падаткі», «Інвестыцыі», «Фінансавая матэматыка».

Пераможцамі ў раённым этапе алімпіяды па фінансавай граматнасці сталі вучні 11 класа ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы» Арцём Карп (першае месца) і Мікіта Ляўковіч (другое месца). вучань 10 класа ДУА «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы» Сяргей Свірыд стаў трэцім. Загадчык ДУ «Карэліцкі раённы вучэбна-метадычны кабінет» Ален Сянько ўручыла пераможцам Граматы ўпраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама.

Начальнік аддзела рознічных прадаж ЦБП № 423 у г. п. Карэлічы рэгіянальнай дырэкцыі па Гродзенскай вобласці ААТ «Белаграпрамбанк» Сяргей Капацэвіч адзначыў:
— Раённы этап алімпіяды па фінансавай граматнасці праведзены на высокім узроўні. Заданні былі разнастайнымі, як тэарэтычнага, так і практычнага накірункаў. Яе ўдзельнікам трэба было добра падумаць, паразважаць, прымяніць навыкі з жыцця, каб адказаць на неабходныя пытанні, і яны ў асноўным справіліся з заданнямі.

Лічу, што такія алімпіяды неабходна праводзіць. Разам з тым запрашаць у школьныя аўдыторыі банкаўскіх работнікаў, якія раскрывалі б фінансавыя пытанні перад старшакласнікамі. Так дзяўчаты і юнакі змогуць стаць фінансава граматнымі і падрыхтаванымі да жыцця. Фінансістам ёсць што сказаць: лічбавыя каналы прадаж пастаянна развіваюцца, і атрыманая інфармацыя будзе карыснай для моладзі ў далейшым.

— Хацелася паспрабаваць свае сілы і даведацца, наколькі я фінансава граматны, — расказвае Арцём Карп. — Пытанні алімпіяды былі не вельмі складанымі, але над некаторымі прыйшлося падумаць. Удзел у алімпіядзе — гэта свайго роду падрыхтоўка да самастойнага жыцця. Мару паступіць у эканамічны ўніверсітэт, а дадзеныя веды і вопыт толькі спатрэбяцца.

— Я ў другі раз удзельнічаў у алімпіядзе, — гаворыць Мікіта Ляўковіч. — Летась заняў чацвёртае месца, а сёлета — другое. У пераможцы выйсці не ўдалося: складанымі аказаліся пытанні па падатковай сістэме. Гэта значыць, што пастаянна ёсць да чаго імкнуцца і над чым працаваць. Трэба павышаць свой адукацыйны ўзровень.

— У мяне ёсць банкаўская картачка, на ёй маюцца грошы, якімі асабіста распараджаюся, — дзеліцца Сяргей Свірыд. — Бацькі не кантралююць мяне, бо давяраюць, у дзяцінстве навучылі граматна і рацыянальна расходаваць фінансы. Што да ўдзелу ў алімпіядзе, хацеў праверыць сябе, наколькі граматны ў абыходжанні з грашыма, а ў працэсе падрыхтоўкі да алімпіяды змог атрымаць новыя веды.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКА