Аграрный комплекс Кореличского района из года в год работает с прибылью

СВК «Свіцязянка-2003»

СВК “Свіцязянка-2003” – флагман жывёлагадоўлі раёна, вобласці і рэспублікі. Бясспрэчна, што высокія надоі – вынік прымянення сучасных тэхналогій вытворчасці, якія ўкараняюцца на жывёлагадоўчых аб’ектах гаспадаркі. Так, у кастрычніку 2018 года была ўведзена ў эксплуатацыю МТФ “Райца-1”, якая адпавядае сучасным патрабаванням. У бягучым годзе ў гаспадарцы плануецца атрымаць больш за 10 тысяч кг малака ад адной каровы.

Спецыялісты гаспадаркі — прызёры рэспубліканскага конкурсу

Сёлета «Свіцязянка» ў другі раз прыняла ўдзел у 30-й Міжнароднай спецыялізаванай выставе «Белагра-2020». У традыцыйным конкурсе “Лепшая племянная карова малочнай пароды” свіцязянская рагуля па мянушцы Акацыя стала адной з лепшых — удастоена кубка і дыплома ІІ ступені.

Штогод працаўнікі СВК «Свіцязянка-2003» з’яўляюцца перадавікамі аграрнай галіны, дасягаючы высокай ураджайнасці асноўных сельгаскультур. кіраўніцтва гаспадаркі не баіцца эксперыментаваць, спрабуючы новыя тэхналогіі раслінаводства. Так, сёлета на ўчастку плошчай каля 10 га былі пасеяны розныя гібрыды цукровых буракоў, каб параўнаць іх ураджайнасці і выбраць аптымальную.

На працягу 10 апошніх гадоў у агр. Райца актыўна будуецца жыллё для работнікаў і спецыялістаў гаспадаркі. На вул. Гастэлы з’явілася больш за 20 асобных катэджаў. У бягучым годзе на гэтай жа вуліцы здадзены пад ключ два двухкватэрныя дамы і аднакватэрны жылы дом на вуліцы Першамайскай у Райцы.

КСУП “Лукі-Агра”

Сёння калектыў сельгаспрадпрыемства – 279 чалавек. Працуюць ладна: і ў раслінаводстве, і ў жывёлагадоўлі.

Штогод насуперак капрызам надвор’я аграрыі гаспадаркі збіраюць добры ўраджай, а жывёлаводы гаспадаркі пастаянна імкнуцца да паляпшэння атрыманых вынікаў. На сучасным этапе МТФ “Далматаўшчына” за дасягненне высокіх паказчыкаў знаходзіцца на добрым ліку ў вобласці.

Падчас асенняй пасяўной кампаніі

Своеасаблівым тварам гаспадаркі можна смела назваць добраўпарадкаваныя мехмайстэрні, якія неаднаразова станавіліся пераможцам раённых і абласных конкурсаў-аглядаў.
Не першы год свінагадоўчы комплекс КСУП “Лукі-Агра” з’яўляецца адным з лепшых на Гродзеншчыне. Гэта прадпрыемства поўнага цыкла – ад гадавання парасят да здачы свіней на мясакамбінат. Сёлета комплекс заняў другое месца па вытворчасці прадукцыі сярод больш чым 30 свінагадоўчых гаспадарак вобласці, а аператар па абслугоўванні свінаматак з парасятамі Святлана Сакалова ўвайшла ў тройку лепшых спецыялістаў на Гродзеншчыне.

СВК “Жухавічы”

СВК “Жухавічы” – адно з буйнейшых сельгаспрадпрыемстваў Карэліцкага раёна, якое трывала стаіць на нагах і з упэўненасцю глядзіць у будучыню.

Асноўныя накірункі дзейнасці гаспадаркі – мяса-малочная жывёлагадоўля, вырошчванне зерневых культур і рапсу. Жывёлагадоўчы накірунак прадстаўлены пяццю малочнатаварнымі фермамі, дзе ўтрымліваецца 1630 кароў, і двума комплексамі буйной рагатай жывёлы. Адзін з іх, комплекс па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы “Пясочная”, у мінулым годзе заняў 19 месца ў рэспубліканскім рэйтынгу сярод 57 комплексаў краіны.

Камбайнер Віктар Квапіс на ўборцы азімага рапсу

Раслінагадоўчая галіна СВК “Жухавічы” была і застаецца раённым лідарам па асноўных паказчыках. У бягучым годзе хлебаробы гаспадаркі, скончыўшы жніво з ураджайнасцю 77,8 ц/га, сталі раённымі і абласнымі лідарамі. Ураджайнасць азімага рапсу таксама лепшая ў раёне – 45,9 ц/га. Адметнасцю гаспадаркі з’яўляецца яблыневы сад, дзе на плошчы каля 50 га вырошчваюцца садавіна і гародніна.

Не так даўно ў агр. Вялікія Жухавічы адрамантаваны шэраг аб’ектаў. Праведзены капітальны рамонт Дома культуры, сталовай гаспадаркі. Тут жа за апошнія гады пабудаваны два 12-кватэрныя дамы для работнікаў гаспадаркі.

КСУП “Царука”

Бульбяны край, прынёманскія краявіды, зямля, слаўная гераічнай гісторыяй і знакамітымі ўраджэнцамі. Менавіта так можна апісаць КСУП “Царука” – гаспадарку Карэліччыны, якая атрымала назву ў знак пашаны да славутага земляка, ураджэнца в. Вялікая Вобрына, Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Царука.

Актыўна ідзе корманарыхтоўчая кампанія

На сённяшні дзень КСУП «Царука» ўяўляе сабой высокаразвітае сельгаспрадпрыемства, якое спецыялізуецца на вытворчасці зерня, бульбы, цукровых буракоў, малочнай жывёлагадоўлі. На жывёлагадоўчых фермах утрымліваецца 2684 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх 1163 кароў. Добра разумеючы, што будучыня жывёлагадоўлі за перадавымі тэхналогіямі, у 2018 годзе распачата рэканструкцыя МТФ «Быковічы», якая завершана ў наступным годзе.

Усяго ў калектыве гаспадаркі – 203 работнікі, людзі самадастатковыя ў прафесіі. Для многіх з іх прынёманская зямля – малая радзіма, ёсць і працоўныя дынастыі. Адным са значных людзей на вытворчасці быў і будзе трактарыст-машыніст Віталій Мазюк, які сёлета ўдастоены Ганаровай граматы Гродзенскага аблвыканкама.

СВК “Маяк-Заполле”

СВК “Маяк-Заполле” – сельгаспрадпрыемства з яркай гісторыяй станаўлення і развіцця. Летась па ўраджайнасці зерневых культур, атрымаўшы 77,8 цэнтнераў на круг, “Маяк” заняў другое месца на Гродзеншчыне. Па выніках работы за 2019 год СВК “Маяк-Заполле” занесены на абласную Дошку пашаны.

Хлебаробы гаспадаркі ўдастоены абласных прафсаюзных узнагарод

На сучасным этапе гаспадарка служыць своеасаблівым маяком па ўраджайнасці зерневых і зернебабовых культур, рапсу, кукурузы і цукровых буракоў, асноўных паказчыках жывёлагадоўчай галіны не толькі для мясцовых гаспадарак, але і для ўсёй Гродзеншчыны.

Асноўны накірунак дзейнасці сельгаспрадпрыемства – вытворчасць малака, ялавічыны, свініны. Штогод у гаспадарцы вядзецца рэканструкцыя і ўзводзяцца новыя жывёлагадоўчыя аб’екты. Так, у канцы ліпеня бягучага года ўведзены ў эксплуатацыю новы цялятнік на МТФ “Паланая”. Некалькі гадоў таму ў развіццё свінаводства таксама зроблены значныя фінансавыя ўкладанні. У 2016 годзе праведзена рэканструкцыя свінафермы па адкорме на 27 тысяч парасят пры в. Камаровічы. Да таго ж вялікую ўвагу кіраўніцтва “Маяка” надае набыццю сучаснай тэхнікі. Сёння машынна-трактарны парк гаспадаркі адзін з лепшых у раёне.

КСУП «Цырын-Агра»

4212 гектараў сельгасугоддзяў, у тым ліку 2854 га ворыва, 252 працаўніка, 2 вытворчыя ўчасткі, у складзе якіх 4 малочнатаварныя фермы, 1 ферма па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы, мехмайстэрні, 2 зернесушыльныя комплексы, зернясховішча і бульбасховішча. Менавіта так лічбава можна ахарактарызаваць КСУП “Цырын-Агра”, якое насуперак усім цяжкасцям не адмаўляецца ад вырошчвання бульбы – другога хлеба беларусаў, брэнда цырынскай гаспадаркі.

Трактарыст-машыніст Пётр Фалейчык

У бягучым годзе бульба ў Цырыне ўрадзіла. З кожнага з 70 га сабралі каля 350 цэнтнераў крухмальных караняплодаў, з рэалізацыяй якіх няма ніякіх праблем. Па выніках сёлетняй корманарыхтоўчай кампаніі аграрыі КСУП “Цырын-Агра” – раённыя і абласныя лідары. На ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы нарыхтавана 44,1 цэнтнера кармавых адзінак. А калі ёсць якасныя кармы, то і жывёлагадоўля будзе даваць вынікі са знакам “плюс”.

КСУП “Племзавод Карэлічы”

За 80 гадоў існавання племзавод “Карэлічы” неаднаразова быў удастоены высокіх дзяржаўных узнагарод. Шэраг працаўнікоў гаспадаркі адзначаны на дзяржаўным узроўні. Усяго ў гаспадарцы ордэнамі і медалямі былі ўзнагароджаны 63 чалавекі.

Пасля рамонту ў сталовай — утульна і камфортна

Працоўныя традыцыі былых працаўнікоў гаспадаркі годна працягвае сучаснае пакаленне племзавадчан, якія могуць смела ганарыцца поспехамі ў раслінаводстве. У 2020 годзе хлебаробы гаспадаркі намалацілі 5688 тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 73,8 ц/га, з убраных 180 га накапалі 9365 тон цукровых буракоў пры ўраджайнасці 517 ц/га. Са 100 га рапсу атрымалі 291 тону алейных зярнят, узяўшы 41,4 ц на круг.

Кіраўніцтва гаспадаркі ўдзяляе значную ўвагу ўмовам працы і адпачынку механізатараў. З пачатку вясенніх палявых работ аграрыі забяспечваюцца гарачым харчаваннем, якое гатуецца ў новай сталовай. У 2019 годзе пустуючыя памяшканні ў Доме механізатараў пераўтварыліся ў сучасны харчаблок і ўтульную абедзенную залу. На рамонтныя работы затрачана больш за 50 тысяч рублёў.

КСУП “Малюшычы”

КСУП “Малюшычы” – адна з тых гаспадарак Карэліччыны, якая да паспяховых вынікаў ідзе павольна, крок за крокам. Гэта датычыцца як раслінаводства, так і жывёлагадоўчай галіны, малочны накірунак якой прадстаўлена чатырма малочнатаварнымі фермамі – МТФ “Малюшычы”, “Волца”, “Сэрвач” і “Машэвічы”. Апошняя ферма далёка не новая, каровы тут знаходзяцца на прывязным утрыманні, працуе лінейная дойка. Нягледзячы на ўсе гэтыя акалічнасці, МТФ “Машэвічы”, на якой утрымліваецца 380 галоў дойнага статку, паказвае лепшыя ў гаспадарцы вынікі: за 10 месяцаў бягучага года ад каровы надоена 5906 кг малака, альбо +315 кг да ўзроўню мінулага года. У планах кіраўніцтва гаспадаркі – рэканструкцыя фермы, якая будзе праведзена ў наступным годзе ў два этапы. Такія змены дазволяць павялічыць пагалоўе дойнага статку і палепшыць якасць атрымліваемай прадукцыі.

Аператар машыннага даення МТФ «Машэвічы» Тамара Арцюх

Вялікую ўвагу ў гаспадарцы надаюць корманарыхтоўчай кампаніі, якая ў бягучым годзе прайшла паспяхова: усяго нарыхтавана 54,5 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, з якіх 36,4 цэнтнера травяністых кармоў. У параўнанні з мінулым годам лепшай аддачай парадавала хлебная ніва: ураджайнасць узрасла з 48,4 ц/га да 52,8 ц/га.

КСВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”

КСВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” – сельгаспрадпрыемства Карэліччыны, якое размяшчаецца на мірскіх землях. Адным з накірункаў дзейнасці гаспадаркі з’яўляецца вытворчасць яек. На сённяшні дзень на птушкафабрыцы налічваецца 95774 галавы. нясушкі размяшчаюцца ў трох птушніках на тэрыторыі г.п. Мір. Асноўны іх рацыён — камбікорм уласнай вытворчасці. На прадпрыемстве амаль усе працэсы аўтаматызаваны: харчаванне, умовы ўтрымання птушкі, сартыроўка яек.

Трактарыст-машыніст Андрэй Цвірко

Прадукцыя птушкафабрыкі карыстаецца попытам. Ёю забяспечваюцца гандлёвыя кропкі Карэліцкага, Навагрудскага, Нясвіжскага і Дзятлаўскага раёнаў. Таксама яйкі пастаўляюцца ў школьныя сталовыя і бальніцы, кафэ і рэстараны. За апошнія 10 месяцаў бягучага года ў гаспадарцы атрымана каля 13,5 мільёнаў яек. Рэалізацыя склала амаль 100%, агульная выручка — 1 млн 885 тысяч рублёў.

Таксама КСВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” спецыялізуецца на мяса-малочнай вытворчасці, вырошчванні зерня, азімага рапсу, кукурузы і цукровых буракоў.

КУСП “Чарняхоўскі-Агра”

У цэнтры Карэліцкага раёна, паміж рэкамі Уша і Сэрвач, раскінуліся землі КУСП “Чарняхоўскі-Агра” – сельгаспрадпрыемства з глыбокімі каранямі, багатай гісторыяй і працавітымі землякамі, названага ў імя славутага палкаводца Івана Чарняхоўскага.

Трактарыст-машыніст Мікалай Жук

Прынёманская зямля ўрадлівая. Сёлета кожны гектар даў прыкладна 50 цэнтнераў зерня. Некаторыя палі былі і зусім шчодрыя, аддзячыўшы ўраджайнасцю каля 60 ц/га. Добра ўрадзіў і азімы рапс. З кожнага з 280 гектараў атрымана ў сярэднім 31,5 цэнтнера алеенасення.

Жывёлагадоўля — адзін з вядучых накірункаў дзейнасці КУСП “Чарняхоўскі-Агра”. Акрамя вытворчасці малака, гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні племянных свіней. У 2015 годзе ў сельгаспрадпрыемстве пачаў працаваць новы свінаводчы комплекс на 250 чыстапародных свінаматак з рэпрадуктарам на 950 свінаматак пры в. Камаровічы. На пачатак кастрычніка 2020 года на племянной ферме ўтрымлівалася 12116 тысяч галоў. Яе асноўная задача – пастаўка парасят на адкорм на свінакомплекс СВК “Маяк-Заполле”. Да таго ж КУСП “Чарняхоўскі-Агра” рэалізуе іншым сельгаспрадпрыемствам вобласці племянных свіней.

Карэліцкая райветстанцыя

Місія ветэрынарнай службы – важная і сацыяльна значная. Нельга не пагадзіцца з тым, што ад работы ветэрынараў залежыць не толькі здароўе жывёл, але і дабрабыт людзей, харчовая бяспека. Таму прыярытэтным накірункам у рабоце Карэліцкай раённай ветэрынарнай станцыі з’яўляецца папярэджанне ўзнікнення на тэрыторыі раёна, у прыватнасці сельскагаспадарчых аб’ектах, ачагоў небяспечных інфекцыйных захворванняў. Трэба адзначыць, што на працягу апошніх 5 гадоў сітуацыя ў Карэліцкім раёне ў гэтым плане застаецца стабільнай. Да таго ж работнікі райветстанцыі сочаць за якасцю нарыхтоўваемых кармоў у гаспадарках раёна, ажыццяўляюць нагляд за ветэрынарна-санітарным станам жывёлагадоўчых аб’ектаў.

загадчык участковай Карэліцкай ветлячэбніцы Алена Марушка

У склад Карэліцкай райветстанцыі, якая курыруе работу ветэрынарных урачоў і фельчараў раёна, уваходзяць тры структурныя падраздзяленні: райветлабараторыя, Карэліцкая і Мірская ўчастковыя лячэбніцы. Спецыялісты ўстановы праводзяць прафілактычныя, лячэбныя, ветэрынарна-санітарныя і супрацьэпізаатычныя і іншыя мерапрыемствы. Гэта маштабная работа, бо на тэрыторыі раёна размяшчаюцца 4 свінагадоўчыя комплексы, птушкафабрыка, 10 сельгасаб’ектаў, якія спецыялізуюцца на мяса-малочнай вытворчасці.

Падрыхтавала Аксана ЯНУШ