Экскурсоводы из ГУО «Средняя школа г.п. Мир имени А. И. Сташевской» знают, как заинтересовать слушателей
Пры дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай» дзейнічаюць адразу два музеі: гісторыка-краязнаўчы і гістарычнай асобы Ігнація Дамейкі. Пра тое, чым прываблівае гісторыя і як зацікавіць слухачоў, расказваюць юныя экскурсаводы — сённяшнія вучні навучальнай установы.
Павел БЫЧКО, вучань 9 «Б» класа:
— Мне цікава ведаць гісторыю нашай Радзімы і пасёлка, тыя падзеі, якія адбываліся на гэтых землях. Спачатку было складана, але паступова прызвычаіўся да правядзення экскурсій. Разглядаем фотаздымкі і дапаўняем праекты. Спадзяюся, што ў будучым мне спатрэбяцца гэтыя веды і ўменне наладжваць зносіны з людзьмі.
Яна ФІЛОНЧЫК, вучаніца 9 «А» класа:
— З шостага класа мне вельмі падабалася гісторыя і хацелася як мага больш даведацца пра наш пасёлак, у якім жыву чатырнаццаць гадоў. Мы часта сустракаем гасцей з розных куткоў свету, і гэта новыя знаёмствы, навыкі. Я ўпэўнена, што атрыманы вопыт спатрэбіцца мне ў будучым, бо мару працаваць у музейнай сферы.
Анастасія АМБАЛАВА, вучаніца 9 «А» класа:
— Я збіраюся выбраць у жыцці прафесію экскурсавода-перакладчыка і мяркую, што школьны вопыт мне дапаможа. Мы валодаем англійскай, рускай, беларускай мовамі. Валерый Іванавіч Брант, настаўнік гісторыі і старшы захавальнік фондаў музея, да таго ж добры і мудры чалавек. Ён прывівае нам любоў да Радзімы. З ім лёгка засвойваецца матэрыял, бо ён даступна тлумачыць старонкі гісторыі.
Серафіма ЛАЗАР, вучаніца 8 класа:
— Музей гістарычнай асобы Ігнація Дамейкі адносіцца да клуба «Хранители», які наведваем па суботах. У клубе — дзесяць удзельнікаў. Праводзіць пасяджэнні настаўнік гісторыі Валерый Іванавіч Брант. Тут даведваемся пра гісторыю Міра, Беларусі, Ігната Дамейку, яго сяброў.
Другі год праводзім экскурсіі ў музеі, дзелімся інфармацыяй з наведвальнікамі, і яны застаюцца задаволены. Запомнілася сустрэча з прапраўнучкай Ігнація Дамейкі з Аўстраліі — Паз Дамейка.
Наш кіраўнік прыкладае шмат намаганняў для развіцця музея і робіць усё магчымае для таго, каб мы маглі гэтую інфармацыю засвоіць і перадаць людзям.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ