Юные кореличчане отдыхают на осенних каникулах в лагерях «Радуга» и «Малышок»
Канікулы з нецярпеннем чакаюць дзяўчынкі і хлопчыкі. Дзетвара любіць бавіць вольны час карысна і цікава. Для дарослых жа важна, каб дзеці былі добра дагледжаны і своечасова накормлены. Менавіта таму многія бацькі рады адправіць дзяцей у дзіцячыя аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем, якія функцыянуюць пры навучальных установах раёна.
Як адзначылі ва ўпраўленні адукацыі Карэліцкага райвыканкама, на асенніх канікулах у раёне дзейнічаюць 6 дзіцяча-аздараўленчых лагераў, якія наведваюць 92 дзіцяці. Лагеры ёсць у дзвюх школах райцэнтра, навучальных установах Міра, Жухавіч, Ярэміч, Краснае.
Дзіцячы аздараўленчы лагер «Радуга» пры дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа № 2 г. п. Карэлічы» функцыянуе з 31 кастрычніка да 6 лістапада. Дзверы яго адчынены з 8 гадзін раніцы да 16 гадзін, да таго ж арганізавана і работа дзяжурнага выхавальніка да 18 гадзін. Яго наведвае 15 вучняў пачатковых класаў — ад першакласнікаў да чацвёртакласнікаў.
Харчаванне ў лагеры разнастайнае, трохразовае. У меню ўключаюцца супы і мясныя стравы, салаты з агародніны і садавіна.
Начальнік лагера Кацярына Сяргееўна Варанко назвала мерапрыемствы наступных накірункаў: спартыўныя, музычныя, квест-гульні, хвілінкі здароўя і бяспекі, гульні-віктарыны, гульні-падарожжы, артстудыі, а сярод найбольш любімых адзначыла квест-гульні і спартыўныя мерапрыемствы, у якіх дзяўчынкі і хлопчыкі з задавальненнем прымаюць удзел.
У дзіцячым аздараўленчым лагеры «Радуга» захоўваюцца санітарна-эпідэміялагічныя меры па папярэджанні і заносу каранавіруснай інфекцыі. Медсястра навучальнай установы штодзённа змярае тэмпературу ў вучняў і іх стан здароўя адлюстроўвае на спецыяльных медыцынскіх лістах здароўя.
Мы пагутарылі з дзяўчынкамі і хлопчыкамі. На пытанне: «Як ім адпачываецца ў лагеры?» пачулі дзіцячыя адказы.
Даша ЕРАМЕЦЬКА:
— У лагеры крута. Можна пагуляць з лялькамі, лато, лега. Праводзяцца дыскатэкі, на якіх весела.
Серафім ШУРАК:
— Тут шмат дзяцей, і можна знайсці сяброў. А яшчэ весела, і няма часу калі сумаваць.
Есенія МАНЬКО:
— Мне тут падабаецца. Гуляем у розныя гульні і адпачываем. Тут смачна гатуюць ежу і клапоцяцца выхавальнікі.
Марыя ГРАМЫКА:
— Мне добра тут. У нас лепшыя выхавальнікі. Мы гуляем, ядзім, спім. Праводзіцца шмат цікавых мерапрыемстваў.
Вераніка АНДРЭЙЧЫК:
— З настроем іду ў лагер. Тут весялей, чым застацца дома. А яшчэ шмат сяброў, з кім можна пагуляць.
Начальнік дзіцячага аздараўленчага лагера «Малышок» пры дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа № 1 г. п. Карэлічы» Іна Мікалаеўна Суднік ужо ў шосты раз на гэтай пасадзе. За гэты час кіраўнік пераканалася ў тым, што лагер патрэбны, бо тут дзеці добра адпачываюць і атрымліваюць рацыянальнае харчаванне, што належным чынам уплывае на іх здароўе. У наш няпросты час для дзяцей праводзяцца інфармацыйныя хвілінкі з мэтай прафілактыкі інфекцыйных захворванняў і выканання элементарных правілаў.
У кожнай змене лагера рэалізоўваецца творча-гульнявы праект. На гэтых восеньскіх канікулах мае назву «Рыжая восень». Усю прыгажосць гэтай цудоўнай пары дзеці могуць адчуць падчас прагулак па парку, і калі пад нагамі шамаціць лістота. Штодзённа дзеці бываюць на свежым паветры, а ў дзіцячых пакоях захоўваецца графік іх праветрывання.
Кожны дзень праводзяцца конкурсы, гульнёвыя мерапрыемствы, пераможцы ўзнагароджваюцца прызамі. Школьнікам падабаецца ў лагеры, наведванне стопрацэнтнае, яны просяцца застацца да 18 гадзін, пакуль працуе дзяжурны выхавальнік. У лагеры ёсць у наяўнасці канструктары, мазаікі, развіваючыя гульні, наборы для рукадзелля і заняткаў творчасцю. Працуе танцавальны гурток.
Аўторак лічыцца спартыўным — Днём спартыўных спаборніцтваў. Праводзяцца спартландыя паміж камандамі. Інфамацыйная хвілінка прысвечана загартоўванню.
З дзецьмі працуе сацыяльны педагог.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Аксаны ЯНУШ