На планерке у председателя райисполкома. О росте заболевших коронавирусом, ходе сельскохозяйственных и дорожных работ
На традыцыйнай нарадзе кіраўнікоў службаў у старшыні райвыканкама Генадзія Шатуева пытаннем нумар адзін стала складаная эпідэміялагічная абстаноўка ў рэгіёне. З кожным тыднем расце колькасць карэліччан, захварэўшых на каранавірус.
— Сітуацыя ўскладняецца, — падкрэсліў кіраўнік раёна, — але, на жаль, рэйды па гандлёвых кропках, аптэках, вузлах сувязі і банках дэманструюць нежаданне нашых людзей насіць маскі. Амаль 90% пакупнікоў прыходзяць у магазін без гэтага сродку абароны. Пры гэтым сёння не толькі аптэкі, але і многія гандлёвыя кропкі прапануюць шырокі асартымент масак і антысептыкаў. Адсюль вынікае, што масак дастаткова, вось толькі адказнасці мала, адказнасці за сваё здароўе і тых, хто побач.
Не менш турбуе і той факт, што частка прадаўцоў таксама грэбуе элементарнымі мерамі перасцярогі: маска калі і ёсць, то на падбародку, пальчатак увогуле няма або дзіравыя. Спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі папярэджваюць: за такія парушэнні прадавец можа быць аштрафаваны ад 5 да 30 базавых велічынь. Многія апелююць тым, што здаровыя, таму і маскі непатрэбныя. Між тым медыкі канстатуюць, што вельмі шмат людзей з’яляюцца бессімптомнымі носьбітамі віруса. Адзеўшы маску, яны абароняць іншых ад хваробы.
У сувязі з ростам захворваемасці для лячэння каранавірусных хворых будзе перапрафілявана дзіцячае аддзяленне. Такім чынам Карэліцкая раённая бальніца зможа прымаць не менш за 50 хворых на цяжкія пнеўманіі.
Ішла размова на нарадзе і аб ходзе сельскагаспадарчых работ. На сёння ў раёне ўбрана амаль 90% цукровых буракоў, зябліва ўзнята на 60% плошчаў, на 17 тысяч тон больш у параўнанні з мінулым годам унесена арганічных угнаенняў.
Генадзій Шатуеў засяродзіў увагу спецыялістаў на неадкладнай падрыхтоўцы да рамонту збожжа- і кормаўборачнай тэхнікі:
— Усе агрэгаты павінны стаяць у закрытых памяшканнях. Недапушчальна, каб тэхніка знаходзілася на адкрытым паветры. Важна таксама паклапаціцца пра тое, каб у мехмайстэрнях было цёпла і механізатры маглі выконваць рамонтныя работы ў камфортных умовах.
Дзякуючы спрыяльнаму надвор’ю ў раёне поўным ходам ідуць дарожныя работы. Карэліцкі дарожнікі прыступілі да асфальтавання ўчастка дарогі Жухавічы-Бурдзевічы. На кальцавой дарозе ў Карэлічах зараз здымаюць гранулят, ідзе падрыхтоўка да асфальтавання.
Іна ЛЕЙКА