Оператор свинокомплекса «Луки» Светлана Соколова вошла в тройку лучших на Гродненщине
Аператар па абслугоўванні свінаматак з парасятамі — прафесія ў сваім родзе ўнікальная і вельмі важная. Ад таго, як будзе прыняты апарос, які догляд будзе за нованароджанымі і іх маці, залежыць якасць пагалоўя, а значыць прыбытковасць свінакомплексу і ўсяго сельгаспрадпрыемства. Адна з лепшых у сваёй справе — аператар свінаводчага комплексу “Лукі” Святлана Сакалова, якая ў гэтым годзе ўвайшла ў тройку лепшых на Гродзеншчыне.
Аператарам па абслугоўванні свінаматак з парасятамі Святлана працуе ўжо 16 гадоў. У прафесію прыйшла, хутчэй за ўсё, па волі лёсу. Пасля таго, як не стала работы ў зборачным цэху Карэліцкай сельгастэхнікі (там жанчына адпрацавала 20 гадоў), прыйшлося асвойваць новую сферу дзейнасці.
З гэтым яна справілася хутка — і не дзіўна: да працы прывыкла з дзяцінства, бо нарадзілася і вырасла ў вёсцы Асташын. Вядома, вясковыя дзеці заўсёды працавалі амаль нараўне з дарослымі.
Рабочае месца Святланы можна назваць своеасаблівым дзіцячым садком. Разам з напарніцай яны прымаюць апарос, лечаць, кормяць малых і іх маці. На дваіх у аператараў — паўтары тысячы падапечных! Святлана расказвае, што працаваць прыходзіцца шмат і па зменным графіку, але як інакш? Пагалоўю патрэбны клопат і догляд.
— Як праходзіць Ваш рабочы дзень? — пытаюся ў Святланы.
— Найперш праходжу санітарную апрацоўку, прымаю душ, пераапранаюся ў чыстую рабочую вопратку (яе сціраем кожны дзень), пераабуваюся, — расказвае субяседніца. — Такія меры патрэбны, каб абараніць пагалоўе ад свіной чумы і іншых небяспечных хвароб. Затым іду ў цэх і правяраю, ці ўсе жывыя-здаровыя. Калі ёсць хворыя, клічу ветэрынарнага ўрача. Калі ў групе ўсё добра, пачынаю чысціць кармушкі. Потым уключаю лінію раздачы камбікорму для дарослага пагалоўя. Малым раздаём корм уручную. Пасля сняданка разам з ветурачом робім абход, прывіваем, лечым. Дарослых гадаванцаў кормім тры разы на дзень, маленькіх — чатыры. Вось і атрымліваецца, што аператар — гэта і акушэрка, і медсястра і нянечка.
Гледзячы на гэтую энергічную і малажавую жанчыну, цяжка паверыць, што нядаўна яна адзначыла 55-годдзе.
— Юбілей адгулялі шумна: прыехалі ўсе чацвёра дзяцей, шасцёра ўнукаў. Віншавалі сябры і калегі, — усміхаецца Святлана.
Будні ж жанчыны напоўнены працай на свінакомплексе і гаспадарчымі клопатамі дома.
— Наша з мужам жыццё вясковае, размеранае: куры ды качкі, немалы кавалак зямлі. У вольную часінку люблю пачытаць. З любімага — раманы Міхаіла Шолахава “Ціхі Дон” і “Паднятая цэліна”.
На развітанне аператар падзялілася сакрэтам прафесійнага поспеху: дружная каманда аднадумцаў і ўласныя адказнасць і ініцыятыўнасць. Менавіта гэта, на думку жанчыны, абавязкова прывядзе да поспеху.
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара