С охотничьими традициями князей Радзивилов можно ознакомиться в залах Мирского замка
3 лістапада ў шматлікіх краінах адзначаецца дзень Святога Губерта, які з’яўляецца заступнікам усіх паляўнічых.
Першапачаткова дзень Св. Губерта святкаваўся французамі і немцамі, а пачынаючы з XVIII ст. і прадстаўнікамі шляхты Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Раніцай таго дня ў замкавай капліцы, а часцей нават у асобнай лясной капліцы, пабудаванай у гонар Святога Губерта, праводзілася імша, пасля якой ладзілася паляванне на жывёлу. Скончвалася свята звычайна забавамі і танцамі. Кожны сапраўдны паляўнічы лічыў сваім абавязкам прыняць удзел у паляванні 3 лістапада. Вызваленнем ад забавы маглі стаць толькі вельмі важныя прычыны сярод якіх, напрыклад, хвароба, удзел у сойме ці вайне.
Спрытным паляўнічым з роду Радзівілаў з’яўляўся Міхал Казімір па мянушцы Рыбанька. Вядома, што ён быў добрым стральцом. За гэта майстэрства яго паважаў нават сам кароль Францыі Людовік XV, які таксама захапляўся паляваннем. Радзівіл часта знаходзіўся пры ім, калі прыязджаў у госці.
Цікава, што шмат апісанняў наконт святкавання дня Святога Губерта Міхал Казімір пакінуў у сваім дыярыушы. Напрыклад, 3 лістапада 1728 г. Рыбанька занатаваў: “Паляваў. Вечарам танцавалі і быў у мяне баль”. У 1730 г.: “З раніцы ездзіў паляваць і забіў цецерука, на абед вярнуўся”. Трэба адзначыць, што, акрамя цецерукоў, сярод здабычы ў дыярыушы адзначаюцца курапаткі, ласі, дзікія кабаны і не толькі. У 1731 г., напрыклад, Радзівіл пакінуў запіс: “Пасля імшы ездзіў на паляванне і 20 злавіў зайцоў”. Паляваў ён пераважна познім летам, восенню і ўзіму. Але 3 лістапада Рыбанька вылучаў невыпадкова. Гэта звязана з тым, што ён меў ордэн Святога Губерта. Гэты ж ордэн, дарэчы, меў і яго сын – Караль Станіслаў Радзівіл (Пане Каханку). Яны разам часта выязджалі на паляванне з нагоды Святога Губерта. Так, 3 лістапада 1752 г. Рыбанька адзначыў: “Пасля імшы і снедання ездзіў на паляванне ў гонар Святога Губерта, як кавалер гэтага ордэна з маім сынам, таксама кавалерам Святога Губерта…; не пашчасціла нам, толькі казулю адну забілі…”.
Цікава, што Пане Каханку шматразова выкарыстоўваў Мірскі замак для адпачынку і забаў. Часта запрашаў сюды сваіх сяброў, адкуль яны ўсе разам выпраўляліся на паляванне.
Сёння ў Мірскім замку рэканструяваны інтэр’ер “Паляўнічай залы”, дзе кожны наведвальнік можа атрымаць уяўленне аб выглядзе паляўнічага замкавага пакою XVII–XVIIІ стст. Раней такое памяшканне прызначалася для дэманстрацыі паляўнічых трафеяў. Сёння ў музеі “Замкавы комплекс “Мір”, акрамя іх, у залах можна ўбачыць зброю, парахаўнічкі, а таксама творы мастацтва, на якіх прасочваецца вышэйзгаданая тэма.
Вераніка Красоўская, малодшы навуковы супрацоўнік музея “Замкавы комплекс “Мір”