Священнослужители Николай Орса и Ежи Сакович о том, как создать малую родину для жизни

Мікалай Орса, благачынны цэркваў Карэліцкай акругі:

— На карэліцкай зямлі людзі любяць Бога, шануюць памяць сваіх бацькоў і дзядоў, клапоцяцца аб святынях і храмах Бога Усявышняга.

Пры храмах дзейнічаюць нядзельныя школы і групы. Дзеці удзельнічаюць у арганізацыі святочных канцэртаў, спяваюць у царкоўных хорах, паломнічаюць і вывучаюць святыні нашай роднай Беларусі, удзельнічаюць у царкоўных конкурсах і алімпіядах. Пры нядзельных школах у Райцы і Турцы дзейнічаюць тэатр батлейка і тэатр ценяў.

Традыцыйнымі на карэліцкай зямлі сталі акцыі «Збяром дзяцей у школу», калі аказваецца дапамога малазабяспечаным сем’ям, «Дзень сям’і, кахання і вернасці», калі надаецца ўвага шматдзетным і прыёмным сем’ям. Акцыя «У Бога ўсе жывыя» праводзіцца перад памінальнымі службамі на Радаўніцу, Троіцкую і Дзімітрыеўскую суботы, калі прыхаджане храма або выхаванцы школ разам са святаром клапоцяцца аб закінутых могілках.

Галоўнай духоўнай падзеяй адыходзячага года стала асвячэнне храма святой праведнай Ганны ў в. Загор’е.

За апошнія гады клопатамі і намаганнямі святароў, богалюбівых прыхаджан, неабыякавых людзей у храмах г.п. Мір, вёсак Беражна, Малыя і Вялікія Жухавічы, Дольная Рута заменены дахі і ўстаноўлены залатыя купалы. У вёсках Цырын і Вялікія Жухавічы адрэстаўраваны памятныя знакі, у Заполлі абноўлена капліца. За апошнія гады буйныя рэстаўрацыйныя работы прайшлі ў храмах Успення Найсвяцейшай Багародзіцы в. Любанічы, Раства Іаана Прадцечы в. Малыя Жухавічы, капітальны рамонт фасада і замена іканастаса храма святой впц. Варвары в. Райца.

Ежы Саковіч, пробашч парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах і св. Ганны ў агр. Варонча:

— Карэліччына — Зямля Абяцаная… Трэба жыць на ёй так, каб выкарыстаць усе магчымасці і намаганні, усю сваю творчасць і здольнасць у служэнні Богу і Людзям, заслугоўваючы праз вернасць у малым абяцанае Хрыстом неба. Дзякуем Богу, што Ён многім даў такую магчымасць праявіць сябе праз нараджэнне на гэтай Зямлі, другім, што была такая Яго воля прыбыць сюды. Усе маем магчымасць праявіць сябе і зрабіць з гэтага куточка малую радзіму для Жыцця.

Юбілей васьмідзесяцігоддзя дае нам магчымасць убачыць усю прыгажосць нашага Краю. Нашы каталіцкія святыні таксама з’яўляюцца Яго перламі. Святыня Касцёла Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах на працягу апошніх пяці гадоў мела свае юбілеі: 25 год, калі адбудавалі святыню ў 1992 г., 80 год, калі пабудавалі Святыню ў 1938 г., 25 год, калі манахі-святары Ордэна Паўлінаў прыбылі з Чанстахоўскага манастыра ў 1993 г., каб несці сваё служэнне на беларускай зямлі.

Святыня Касцёла Святой Ганны ў Варончы таксама мела свае юбілеі: 280 год, калі была пабудаваная ў 1740 г., 25 год, калі адбудавалі касцёл, узносячы яго з разбурэння.

Няхай Святыні нам прыпамінаюць пра прысутнасць Бога сярод нас, а нашы малітвы, каб былі пачутыя Богам праз заступніцтва Багародзіцы і Святой Ганны, якія асабліва патрануюць нам унясенне любові, міласэрнасці, міру і дабра нашай цудоўнай Зямлі. Квітней і прыгажэй, Карэліччына, будзь заўсёды адкрытай на Ласку Неба!