В Кореличском районе с 17 ноября введен обязательный масочный режим

У Карэліцкім раёне з 17 лістапада ўводзяць абавязковы масачны рэжым. Пра гэта паведаміў на традыцыйнай нарадзе з кіраўнікамі службаў раёна старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў.
Па правілах, грамадзяне павінны выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай абароны на працоўных месцах, абавязкова ў крамах, кафэ і грамадскім транспарце. Штрафы за адсутнасць маскі не прадугледжаны. Аднак адказнасць за людзей, якія грэбуюць такой абаронай ад каранавіруснай інфекцыі, будуць несці кіраўнікі арганізацыі, дзе выявілі парушальніка.
— У Карэліцкім раёне працягвае расці колькасць тых, хто захварэў на каранавірус, — падкрэсліў Генадзій Шатуеў. — У сувязі з гэтым вырасла і колькасць тых, хто захварэў на пнеўманіі. 76,7% хворых — гэта людзі старэйшых узроставых груп, з іх 24% — асобы ва ўзросце 50-59 гадоў. Гэтай сітуацыяй і прадыктавана рашэнне аб увядзенні абавязковага масачнага рэжыму на тэрыторыі Карэліцкага раёна.
Акрамя эпідэміялагічнай сітуацыі ў рэгіёне, кіраўнік раёна засяродзіў увагу на недастатковай асветленасці раённага цэнтра.
— Раніцай на вуліцы Гастэлы ў Карэлічах ліхтары гараць праз адзін. Такога быць не павінна! Гэта ажыўлены ўчастак вуліцы: дзеці спяшаюцца ў школу, дарослыя — на працу. Ва ўмовах ранішняга і вячэрняга змроку і дрэннай бачнасці да бяды недалёка, — акцэнтаваў увагу службы жылкамунгаса Генадзій Шатуеў.
Ён даручыў ліквідаваць выяўленыя недахопы і забяспечыць дастатковы ўзровень асветленасці, асабліва ў зонах пешаходных пераходаў і каля ўстаноў адукацыі.
Гаварылі на нарадзе і аб выкананні раёнам плана па здачы другасных матэрыяльных рэсурсаў. Бо другасныя адыходы — гэта і добрыя даходы, і клопат аб чысціні навакольнага асяроддзя. Як паведамлялася, у раёне за цяперашні перыяд сабрана макулатуры больш, чым за мінулы, а вось шкла — менш.
На палях раёна працягваецца ўзняцце зябліва і ўнясенне арганічных угнаенняў. На гэтым тыдні будзе завершана ўборка цукровых буракоў. Усе збожжа- і кормаўборачныя камбайны пастаўлены ў ангары на захоўванне.
У раёне запланаваны маніторынг арандаваных водных аб’ектаў. Прадстаўнікі мясцовай выканаўчай улады правераць, як арандатары выконваюць свае абавязацельствы згодна заключаных дагавораў з райвыканкамам.
На сельскіх могілках ідзе навядзенне парадку, спілоўванне аварыйных дрэў. Зараз такія работы праводзяцца на могілках у Міратычах і Плужынах.

Іна ЛЕЙКА