В Кореличском районе убрано более 70% площадей сахарной свеклы

Ход сельскагаспадарчых работ

у Карэліцкім раёне

Па інфармацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, на раніцу 2 лістапада на Карэліччыне:

завершана ўборка кукурузы на сілас. Усяго аграрыі раёна здрабнілі 5533 га царыцы палёў, атрымалі амаль 176 тыс. тон сіласу пры сярэдняй ураджайнасці 318 ц/га, якая знаходзіцца прыкладна на ўзроўні мінулага года. Працягваецца ўборка кукурузы на зерне. Працаўнікамі раёна запланавана абмалаціць 944 га, з якіх ужо ўбрана 80%, альбо 752 га. Намалочана 6278 тон кукурузнага зерня пры сярэдняй ураджайнасці 83 ц/га;

у разгары ўборка цукровых буракоў. На раніцу 2 лістапада выкапана 74% ад запланаваных плошчаў, што складае 2431 га з неабходных 3265 га. Усяго гаспадаркамі раёна накапана крыху больш за 105 тыс. тон пры сярэдняй ураджайнасці 435 ц/га. У цэлым гэты паказчык саступае выніку мінулага года. Аднак, па словах начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Анатолія Коршуна, улічваючы складаныя ўмовы надвор’я бягучага года, атрыманая ўраджайнасць з’яўляецца нядрэнным вынікам. Планку раённага лідара па ўраджайнасці цукровых буракоў упэўнена трымае СВК “Свіцязянка-2003”, аграрыі якога збіраюць 630 цэнтнераў салодкіх караняплодаў на круг. Больш за 500 ц/га атрымліваюць у КСУП “Племзавод Карэлічы” (520 ц/га), СВК “Жухавічы” (510 ц/га) і “Маяк-Заполле” (507 ц/га);

працягваецца нарыхтоўка, вывазка і ўнясенне арганічных угнаенняў пад яравую сяўбу. Усяго аграрыямі Карэліччыны пад ураджай 2021 года нарыхтавана 250,1 тыс. тон арганікі, вывезена 172,4 тыс. тон, унесена 103,8 тыс. тон. Па магчымасці пасля ўнясення арганічных угнаенняў аграрыі раёна ажыццяўляюць зяблевую апрацоўку глебы, якая дазваляе сэканоміць час вясной і ўкласціся ў аптымальныя тэрміны вясенняй сяўбы;

падыходзіць да свайго лагічнага завяршэння кампанія па нарыхтоўцы кармоў. Сёння перад аграрыямі раёна стаіць задача завяршыць уборку шматгадовых траў, якія дзякуючы цёпламу асенняму надвор’ю працягваюць расці. У цэлым некаторым сельгаспрадпрыемствам Карэліччыны сёлета ўдалося правесці па 4-5 укосаў люцэрны, 3-4 укосы шматгадовых траў. Па словах Анатолія Коршуна, у раёне назапашана трывалая кармавая база на будучую зімоўку: аграрыямі раёна нарыхтавана 32,3 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы.

у рэспубліцы

Па аператыўнай інфармацыі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, цукровыя буракі ў Беларусі ўбраны з 65,4 тыс. га, што складае 79,3% ад уборачнай плошчы.

Па дадзеных на 2 лістапада, сабрана 3,105 млн тон цукровых буракоў пры сярэдняй ураджайнасці 475 ц /га. Цукрыстасць буракоў складае 16,25%. Што датычыцца іншай гародніны, беларускія аграрыі правялі ўборачныя работы на 5,28 тыс. га (88,1% ад плана), сабрана 133,9 тыс. тон пры ўраджайнасці 253,8 ц /га.

Кукуруза ўбрана з 1,071 млн га, альбо 87,9% ад запланаванай плошчы. На сілас і зялёны корм здрабнілі 947,6 тыс. га (94,3% плана), сабрана 22,093 млн тон зялёнай масы пры ўраджайнасці 233,2 ц /га. Уборка кукурузы на зерне таксама працягваецца: работы праведзены на 123,6 тыс. га (57,8% плана), намалочана 859,1 тыс. тон.

Усяго па краіне намалочана 8,918 млн тон збожжа разам з кукурузай пры сярэдняй ураджайнасці 38,5 ц /га (у 2019 годзе ўраджайнасць на аналагічную дату складала 34,4 ц /га). У Мінскай вобласці сабралі 2,2 млн тон збожжа, у Гродзенскай – 1,7 млн тон, Брэсцкай – 1,5 млн тон, Магілёўскай – 1,2 млн тон, Віцебскай – звыш 1,1 млн тон, Гомельскай – больш за 1 млн тон. У Беларусі нарыхтавана 13,728 млн тон сенажу (108,9%) і 18,981 млн тон сіласу (99%). Усяго ў гэтым годзе планавалася атрымаць 9,3 млн тон кармавых адзінак травяных кармоў. Да гэтага часу нарыхтавана 101,6% плана.

 

Аксана ЯНУШ