Мирский замок является источником вдохновения для многих художников

Веліч і энергетыка Мірскага замка, непаўторная гармонія яго архітэктурных форм прыцягвалі і натхнялі многіх мастакоў. На сваіх жывапісных і графічных работах яны адлюстравалі не толькі замак, але і яго наваколле. Выявы сярэднявечнага замка, які стаў ператварацца ў XIX стагоддзі ў рамантычныя руіны, вядомы па акварэльным малюнку Канута Русецкага і літаграфіі паводле малюнка кампазітара і мастака Напалеона Орды. Пра стан архітэктурнага помніка ў першай трэці XX ст. можна меркаваць па замалёўках археолага Юзафа Ядкоўскага, малюнках мастака і скульптара Язэпа Драздовіча, маляўнічым эцюдзе вядомага польскага мастака-манументаліста Феліцыяна Каварскага, князёўны Н.І. Святаполк-Мірскай, а таксама кіраўніка сталярнай майстэрні пры замку І.С. Хмеля.

Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны Аскар Марыкс адлюстраваў напаўразбураныя заходнюю і паўднёвую абарончыя сцены замка. У 1957 г. Іван Мядзведзеў засяродзіў ўвагу на паўднёва-ўсходняй вежы і частках замка, адноўленых пры князях Святаполк-Мірскіх у 1920–1930-х гг., дзе пасля вайны пражывала мясцовае насельніцтва. У 1966–1967 гг. Канстанцін Касмачоў зрабіў выяву замка з боку возера. Выбітныя беларускія графікі Кацярына Паплаўская, Яўген Кулік, Уладзімір Басалыга і іншыя ў сваіх работах зафіксавалі змены, якія адбываліся з ім у 1970–1980-х гг. У перыяд сучасных рэстаўрацыйных работ мястэчка Мір і замак адлюстраваў мастак з Навагрудка Кастусь Качан.

І ў наш час замак вабіць мастакоў розных накірункаў і ўзростаў. Прасякнуты духам даўніны, ён навявае выявы падзей мінулага, даючы прастор для фантазій мастакоў, і натхняе іх на стварэнне работ, па якіх наступныя пакаленні будуць шукаць сляды трансфармацыі архітэктурнай жамчужыны Беларусі на пачатку XXI ст.

Сёлета з нагоды 20-годдзя ўключэння Мірскага замка ў Спіс аб’ектаў Сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА з 14 па 17 ліпеня ля сцен старажытнага замка адбыўся пленэр “Гармонія архітэктуры”. Кіраваў творчым працэсам старшыня секцыі “Графіка” Беларускага саюза мастакоў, дацэнт кафедры малюнка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Ігар Гардзіёнак. Удзельнікамі пленэру сталі пачаткоўцы-мастакі Ганна Плотнікава і Марыя Кручкова, маладыя, але ўжо вядомыя ў Беларусі і за мяжой Вольга Бычко, Юлія Мацура, Сафія Піскун, Павел Кандрусевіч; мастакі-выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Сяргей Шэмет і гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка Піліп Басалыга, Вольга Гардзіёнак-Кірэева, Вікторыя Дзямешка, былы выпускнік гімназіі, старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык. Таксама ў пленэры, які быў арганізаваны музеем “Замкавы комплекс “Мір”, прынялі ўдзел галоўны мастак Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Андрэй Меранкоў, паэтка, мастак Наталля Алейнікава, мастак-рэстаўратар манументальнага і станковага жывапісу творчай майстэрні “Басталія” Андрэй Кальга.

Як адзначыў Ігар Гардзіёнак, для кожнага беларуса Мірскі замак – вечная крыніца натхнення і даследаванняў. На маляўнічых палотнах, створаных каля сцен Мірскага замка падчас пленэру, выказаны пачуцці і думкі мастакоў аб вечнасці і гістарычнай спадчыне, будучыні нашай краіны. Напрыклад, у жывапісным творы “Брама ля капліцы” Вольга Бычко намалявала перад варотамі маленькага сабачку, як сімвал адначасовага суіснавання архітэктурных форм, якія прастаяць стагоддзі, і жывой істоты, якая жыве сённяшнім днём. Як увасабленне вобразаў абаронцаў Айчыны паўстаюць замак і крылаты гусар перад ім на карціне Ігара Гардзіёнка. На эцюдзе “Альтанка ў англійскім пейзажным парку Мірскага замка” Наталля Алейнікава намалявала пару галубоў, як пажаданне мірнага жыцця і ўзаемнага кахання ўсім нам і тым парам, што жэняцца ля сцен старадаўняга замка.

Разгадаць іншыя творы ўсе жадаючыя могуць на выставе “Гармонія архітэктуры” ў інфармацыйнай зале музея “Замкавы комплекс “Мір”. Выстава прадоўжыцца да 31 снежня 2020 года.

 

Таццяна КОЖУХ,

загадчык аддзела па навуковай рабоце ўстановы “Музей “Замкавы комплекс “Мір”

Фота Вікторыі НАРБУТОВІЧ