Подведены итоги фотоконкурса «В объективе — осень», победители получили призы
Рэдакцыя газеты «Полымя» падвяла вынікі фотаконкурсу «У аб’ектыве — восень». У дзел у ім прынялі 11 чалавек, даслана 45 фатаграфій. Пераможцамі сталі: Ірына Пянькоўская і Баляслаў Навіцкі з г.п. Карэлічы, Кацярына Жамойда з аграгарадка Жухавічы. Яны атрымалі дыпломы і памятныя падарункі ад рэдакцыі газеты «Полымя», Карэліцкай РА РГА «Белая Русь» і Карэліцкага райкама РГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».
Ірына ПЯНЬКОЎСКАЯ, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу адзначыла:
— Я люблю фатаграфаваць. Фота, на маю думку, — гэта ілюстраваны архіў жыцця чалавека. Здымкі, дасланыя на конкурс, зроблены ў горадзе Нясвіж і парку каля Нясвіжскага замка. Люблю асеннюю пару за яркасць фарбаў і магчымасць ступаць па залатому дывану апаўшай лістоты. Фатаграфііідапамагаюць захаваць гэтую зямную прыгажосць, а фотаконкурс — падзяліцца ёю з чытачамі.
Баляслаў НАВІЦКІ, ветэран працы, жыхар г.п. Карэлічы расказвае:
— Можна сто разоў прайсці па адной і той жа дарозе і толькі на сто першы ўбачыць ракус для фота. Убачыш цікавае і нават сам здзівішся. Кожны раз адкрываеш нешта новае, і гэта, мабыць, залежыць ад настрою, надвор’я, пары года… Дзе ні даводзіцца бываць, на маленькай радзіме ці ў іншым месцы, звяртаю ўвагу на навакольныя краявіды і стараюся зрабіць добры здымак. Наша прырода дорыць такую магчымасць, і трэба быць ёй удзячным за гэты падарунак.
Кацярына ЖАМОЙДА, культарганізатар аддзела культуры і вольнага часу «Жухавіцкі ДК» дзеліцца:
— Мае фотаздымкі пра прыгажосць роднага краю. Тыя, што даслала ў рэдакцыю газеты, зрабіла ў Мінску. Спалучэнне цудоўнай прыроды і архітэктуры сталіцы складае адзінае цэлае. У чарговы раз даказваюць, што Беларусь — вельмі прыгожая і чыстая краіна, і яе трэба любіць і старацца захоўваць гэтае хараство.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКА і з архіва пераможцаў конкурсу