Работнікі Карэліцкага раённага краязнаўчага музея прынялі ўдзел у навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”

Работнікі Карэліцкага раённага краязнаўчага музея далучыліся да традыцыйнай навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”. Апрануўшыся ў касцюмы Дзеда Мароза і Снягурачкі, яны накіраваліся ў Сацыяльна-педагагічны цэнтр у Палужжа, дзе павіншавалі маленькую Сашу са святамі. Затым казачны дэсант наведаў дзве сям’і ў Карэлічах, у якіх выхоўваюцца дзеткі з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця. Яны таксама атрымалі шмат прыемных пажаданняў, салодкія падарункі і цацкі. Дарэчы, цацкі сабраны нераўнадушнымі карэліччанамі ў рамках акцыі “Падары дзіцяці цацку”, якую музей анансаваў яшчэ ў пачатку снежня.

— Важна, каб у гэтыя святочныя дні ні адно дзіця з катэгорыі сірот, а таксама маючых асаблівасці псіха-фізічнага развіцця не засталося без увагі і пазітыўных эмоцый, — адзначае дырэктар музея Дзмітрый Арцюх. — Наша задача — падарыць ім хвіліны радасці.

Іна ЛЕЙКА

Фота прадастаўлена Карэліцкім раённым краязнаўчым музеем