Спецпроект «Земляки» путешествует по Красненскому сельскому Совету
На бацькоўскай зямлі
Родны куточак, як эліксір для душы: прыцягвае і ў радасці, і ў трывозе. Здаецца, што сонца тут свеціць ярчэй, дыхаецца лягчэй, навакольныя краявіды зачароўваюць па-асабліваму. Многія выбіраюць бацькоўскую зямлю месцам для працы, правяраючы сябе на прафесійную годнасць і прызнаючыся ёй у любові.
Яўгеній і Анастасія пажаніліся незадоўга да заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Калі паўстала пытанне аб выбары далейшага жыццёвага шляху, юнак спыніўся на роднай гаспадарцы. «Маяк-Заполле» — моцны СВК, — меркаваў ён.— Чаму б не паспрабаваць праверыць атрыманыя веды на практыцы?!»
У рэшце рэшт, яго жаданне збылося: маладая сям’я прыехала па размеркаванні на працу на Карэліччыну. Жыць пачалі ў бацькоўскай хаце ў вёсцы Востухава і ўзяліся за яе рамонт.
Зараз гэта прыгожы дом, у ім шмат пакояў: зала, дзве спальні, гульнявая, веранда.
Яўгеній Варановіч — памочнік упраўляючага вытворчага ўчастка № 2 СВК «Маяк-Заполле». У сакавіку будучага года споўніца чатыры гады, як працуе на роднай зямлі. «Вучыўся ў Івана Пятровіча Гавакі, прадаўжаю набірацца вопыту ў Вячаслава Аляксеевіча Трафімчыка — упраўляючых вытворчых участкаў мясцовай гаспадаркі. Яны любяць зямлю, умеюць ладзіць з людзьмі, адданыя сваёй рабоце, на іх трымаецца сельгаскааператыў», — адзначае Яўгеній Варановіч. Сваёй працай малады кіраўнік задаволены, як і заробкам, які лічыць дастойным.
Яўгеній не абмяжоўваецца прафесійнымі клопатамі. У асабістай гаспадарцы — 40 курэй, 3 качкі. Бульбу садзяць у СВК, каля дому на градках — агародніну. Радуюць маладых гаспадароў сады: грушы, вішні, персікі, слівы і яшчэ яблыні, якія засталіся ў спадчыну ад бацькоў.
— Я па гаспадарцы, а Насця па дому ўпраўляецца, — удакладняе субяседнік і дадае, што хаця абранніца жыцця гарадская, родам з Ліды, але яна добра спраўляецца з вясковымі абавязкамі.
У сваю чаргу Анастасія прызнаецца, што выходзіла замуж па любові. Калі паўстала пытанне, куды б накіравацца на працу, то паехала за мужам. Зараз маладая маці знаходзіцца ў водпуску па догляду за дзіцем — Арцёму пяць месяцаў. Сын расце на радасць бацькам.
— У горадзе людна і мітусліва, — гаворыць яна. — У вёсцы ціха і спакойна. Востухава знаходзіцца ў добрым месцы: да цэнтральнай сядзібы гаспадаркі рукой падаць і да раённага цэнтра недалёка. У нас ёсць магазін, прыязджае аўталаўка, дачнікі выбіраюць вёску месцам для жыхарства. Жыццё прадаўжаецца…
Шчасце адно на дваіх
Сакрэт шчасця ў кожнага свой. Многія бачаць яго ў працы, штодзённай і будзённай, якая складае сэнс жыцця. І колькі б гадоў ні прайшло, іх не пакідае жаданне зрабіць як мага больш і перадаць гэтую любоў прадаўжальнікам роду.
Дом пад нумарам 44 па вуліцы Цэнтральнай у аграгарадку Краснае знаходзім адразу. У пакоях утульна і цёпла. Яго гаспадары зараз на заслужаным адпачынку і шчыра апавядаюць пра сваё жыццё. Аляксандра Мікалаеўна Вырко працавала даяркай на мясцовай ферме і хадзіла на паляводчыя работы. Узнагароджана Бронзавым медалём Галоўнага камітэта ВДНГ СССР за дасягнутыя поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі. Леанід Мікалаевіч у паляводчай брыгадзе выконваў многія работы: лён рваў, сена сушыў і збажыну ўбіраў, бульбу капаў, а яшчэ працаваў асемянатарам — працоўны стаж складае сорак чатыры гады.
Усю любоў да працы бацькі імкнуліся перадаць сваім дзецям. Акрамя калгаса, яны шчыравалі дома, асабістая гаспадарка была вялікая: конь, карова, свінні. Гэтыя ўрокі працавітасці не прайшлі дарэмна: дочкі і сыны вызначыліся ў жыцці — выбралі патрэбныя прафесіі. Ала працуе бухгалтарам, Сяргей — у камунальнай службе, Аляксандр — шафёрам, Святлана — даяркай. На радасць бабулі і дзядулі растуць дзевяць унукаў і дзевяць праўнукаў.
Аляксандра Мікалаеўна не можа сядзець склаўшы рукі — абавязкова знойдзе сабе занятак. «Вунь поўны склеп нарыхтовак: салаты, сокі, саленні, — прызнаецца гаспадыня. — Я раблю ўсё сама, хоць не ем па стане здароўя. Паядуць унукі — яны маладыя. Садзім агародніну, ёсць яблыні, грушы, маліны, клубніцы. На пенсіі можна жыць, было б на зямлі спакойна…»
Жанчына паведала, што для ўнукаў і падарункі купляюць. Руслану падрыхтавалі вялікі тэлевізар, бо летам павінен атрымаць кватэру. З удзячнасцю ўспамінае пра яго і той час, калі, будучы хлапчуком, ён дапамагаў нарыхтоўваць сена і капаць бульбу.
— Раней працы было больш у калгасе, — з настальгіяй у голасе гаворыць Леанід Мікалаевіч. — Усім яе хапала, хаця і ручная была. Ды цікавей жылося — вяселлі і выправы рабілі…
Зараз у доўгія зімовыя вечары і нават днём погляды вяскоўцаў прыцягвае тэлевізар. Глядзяць серыялы, слухаюць навіны — як-ніяк пры занятку ды ў курсе спраў, што адбываюцца ў краіне. Ёсць у Аляксандры Мікалаеўны любімы занятак: яна любіць вышываць. Вочы радуюць карціна «Алёнка», прасціны, навалачкі — як ні кажыце, залатыя рукі!
Успаміны… Яны заўсёды саграваюць, вяртаюць у далёкія гады, калі шчасце прыйшло ў сям’ю Вырко. Нагадалі 8 студзеня 1966 года: вяселле было за тыдзень перад Вялікаднем, шчасцю не было канца. Успомнілі і пра тое, як пяць гадоў таму адзначалі залатое вяселле. Вось ужо 55 гадоў як крочаць па жыцці разам і берагуць гэтае светлае пачуццё. Дзеці і ўнукі — частыя госці ў бацькоўскай хаце, ёсць дзеля каго і чаго жыць. «Люблю парадак у доме, — гаворыць гаспадыня. — Мне трэба, каб кожны дзень было прыгожа…»
Гаспадар вясковай ідыліі
У вадзіцеля СВК “Маяк-Заполле” Мікалая Рабко за плячыма багаты прафесійны вопыт. За 40 гадоў працы ў гаспадарцы ён наматаў прыстойны кіламетраж, многа дзе быў, што бачыў. І сёння мужчына з неймаверным задавальненнем азіраецца на пражытыя гады, дзелячыся багатымі ўражаннямі і ўспамінамі аб камандзіроўках па Беларусі і за яе межы.
– Жыццё на колах – тое, што мне блізка і да чаго душа ляжыць, – адзначае вадзіцель “Маяка”. – Мне не важна, куды ехаць, абы рухацца, не стаяць на месцы. Іншы пражыў жыццё і нічога не бачыў. У мяне ж многа ўражанняў назапашана, не адну гадзіну аб убачаным магу расказваць. Добра памятаю, як на сваім жоўценькім “ПАЗіку” дзяцей работнікаў гаспадаркі ў Польшчу вазіў, адкуль яны адправіліся ў Англію на адпачынак, арганізаваны Беларускім Таварыствам Чырвонага Крыжа. А яшчэ вазіў на гастролі ў польскі горад Бельск-Падляскі наш красненскі народны ансамбль народнай песні “Забава”. Да таго ж быў у Ленінградзе, Львове, на Украіне, Карпацкія горы праехаў. Кожную паездку да дробязяў памятаю. Шмат незабыўных уражанняў засталося!
А пачалася вадзіцельская кар’ера Мікалая Рабко ў 1980 годзе, калі пасля заканчэння дзесяцігодкі ў роднай вёсцы Востухава і службы ў арміі юнак прыйшоў на працу ў калгас “Новае жыццё”. Сеў за руль новенькай аўтамашыны “ГАЗ-53” і так палюбіў сваю прафесію, што ў іншай сферы дзейнасці і не спрабаваў сябе.
Апошнія восем з паловай гадоў Мікалай Рабко ездзіць за рулём “ПАЗіка”. У чысты, акуратны і дагледжаны аўтобус, на якім сёння возіць работнікаў гаспадаркі, прыемна зайсці. Адразу адчуваецца рука гаспадара!
– За чысцінёй у аўтобусе пільна сачу. І самому прыемна ехаць, і людзей везці, – адзначае вадзіцель “Маяка” са шматгадовым стажам. – Летам стараюся свой аўтобус падкруціць, перабраць яго, каб зімой не было сур’ёзных паломак. Аднак, вядома ж, кожны механізм можа сапсавацца. Але ў нас у гаспадарцы ёсць з кім і чым працаваць: кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства абавязкова пойдзе насустрач, добрыя спецыялісты падставяць плячо, неабходныя запчасткі заўсёды ў наяўнасці. Увогуле, я вельмі рады, што ўсё жыццё адпрацаваў у “Маяку”. Гэта ж мая радзіма, куды я без яе? Ды і калектыў у нас самы лепшы. Увогуле, я да людзей заўсёды добра стаўлюся, і яны адказваюць тым жа.
Ідучы з аптымізмам па жыцці, Мікалай Рабко вельмі любіць спорт. Яшчэ са школьных гадоў захапляецца хакеем, футболам, лыжным спортам.
– Для мяне галоўнае не перамога, а ўдзел, – адзначае Мікалай Рабко. – Пастаянна ўдзельнічаю ў раённых спаборніцтвах па лыжных гонках. Напрыклад, у лыжнай эстафеце, якая ладзіцца на базе аздараўленчага лагера “Вясёлка”. За высокімі вынікамі я не ганюся, атрымліваю задавальненне ад самога працэсу. Я вельмі прыроду люблю, цішыню. З жонкай Ірынай, якая працуе настаўніцай у Красненскай школе, жывём ў асабістым доме ў агр. Краснае. Дык я выйду з хаты на двор, сяду на лаўку і адпачываю душой, любуюся: чыста вакол, кветак шмат. Тры каты размесцяцца побач. Чым не вясковая ідылія?
Яблыневы сад Вольгі Кандрашовай
Жыць пад мірным небам — вялікае шчасце. Бачыць, як жаўрук узнімаецца высока ў неба, як каласіцца збажына, як цвітуць сады, як бурліць ручэй — і адчуваць прыналежнасць да роднай Айчыны, у якой пануюць цішыня і спакой. Кожны дзень спяшацца на працу, а дзецям крочыць у школу — і гэта ёсць норма нашага штодзённага жыцця.
Вольга Мікалаеўна Кандрашова з вёскі Кальчычы не па чутках ведае пра вайну: яна — вязень канцлагера. Ёй давялося пабываць у германскім горадзе Франкфурце-на-Майне. «Спачатку ўзялі сястру Марыю, а затым мяне, — успамінае яна. — Мне было чатырнаццаць гадоў. Маці плакала, у сям’і — сямёра дзяцей. Было гэта летам 1943 года…»
Вользе давялося пабываць у жаночым лагеры. Пазней яго разбамбілі, і нявольнікі жылі ў завадскіх карпусах. Ложкі былі двух’яруснымі. З ежы — гарбата, 100 грамаў хлеба — даводзілася галадаць. На заводзе цэлы дзень складвалі запчасткі ў скрынкі. У 1945 годзе амерыканцы сабралі палонных у адзін лагер і многіх перадалі рускім.
Сёння гэтыя ўспаміны 90-гадовай жанчыне даюцца вельмі цяжка. Жыццё асабліва не песціла, але яна не згіналася перад цяжкасцямі. Давялося спазнаць і жаночае шчасце, але ў 1995 годе муж Уладзімір памёр, і вось ужо чвэрць стагоддзя яна стараецца моцна трымацца за жыццё.
Вольга Мікалаеўна ніколі не цуралася працы. Працавала ў калгасе «Маяк» на ферме і ў паляводстве, тэхнічкай у мясцовай школе. Як усе вяскоўцы таго часу, трымала асабістую гаспадарку. Мае медаль «За працоўную адзнаку».
… Час бяжыць няўмольна, а старасць у сваю чаргу правярае жанчыну на трываласць. Па-ранейшаму яна не згінаецца перад выпрабаваннямі, не губляе дабрыні свайго сэрца. Сёння дзяржава, сацыяльная служба, медыцынскія работнікі раёна праяўляюць вялікі клопат. Не тыя зараз і Кальчычы, якімі былі шмат гадоў таму. Няма столькі жыхароў, не чуваць дзіцячых галасоў. Хіба што ўлетку, калі пакліча вёска адданых сыноў і дачок ды завітаюць унукі і праўнукі. На іх таксама багатая Вольга Мікалаеўна: трое ўнукаў і сем праўнукаў саграваюць бабуліна сэрца і будзяць памяць…
І ў рэшце рэшт, лёс аказаўся літасцівы да жанчыны ў глыбокай старасці. Выйшаўшы на заслужаны адпачынак, прыехаў у родную вёску са сталіцы сын Іван. Зараз з матуляй з дня ў дзень і дапамагае ў штодзённых клопатах, пасадзіў з унукамі і праўнукамі яблыневы сад, больш дваццаці дрэўцаў, не забыліся пра грушы, маліны, ажыны..
Няхай сад прыносіць радасць сям’і Кандрашовых: вясной радуе бела-ружовай квеценню, а восенню — сакавітай садавінай. Няхай унукі і праўнукі ніколі не зведаюць жахаў, якія давялося перажыць бабулі. І заўсёды будзе мір на зямлі.
Цудадзейная сіла мастацтва
Мастацтва валодае неймавернай сілай, прыносіць духоўнае задавальненне, хвалюе, прымушае задумацца, пабуджае да дзеянняў. А яшчэ мастацтву ўласціва выратавальная місія, калі, далучаючыся да свету прыгажосці і яркіх фарбаў, чалавек унутрана абуджаецца, вяртаецца да жыцця і вучыцца нанова радавацца яго дробязям.
Менавіта так адбылося ў жыцці Валянціны Кузьміч з вёскі Паланая, з якой шмат гадоў назад здарылася бяда: на сваё 30-годдзе жанчына страціла пальцы на правай руцэ.
– Так, гэта быў мой дзень нараджэння, сакавік, я была на рабоце, – успамінае жанчына трагічны выпадак, пасля якога яна ніколі не адзначае дзень народзінаў. – Мне на правую руку ўпаў цяжкі прэс, цудам левую паспела ўбраць. Так засталася без пальцаў. А гэта значыць і без работы. Вядома ж, у вёсцы не кожны здаровы чалавек працу знойдзе. Як я ў той час не звар’яцела, не разумею. Вельмі рука балела. Да фізічнага болю далучаўся адчай. Але ў мяне падрастала двое малых дзетак, якіх трэба было на ногі паставіць, даць дарогу ў жыццё. Дзеля іх і жыла. А яшчэ ўзяла ў руку пэндзлік, і мастацтва стала для мяне выратаваннем з хаосу, у якім панавалі страх і боль.
Па словах Валянціны, першыя карціны палохалі нават яе саму, бо малявала яна страшэнных істот выключна цёмнымі колерамі. Такая цемра панавала ўнутры жанчыны. Аднак паступова ў жыцці Валянціны пачалі з’яўляцца светлыя фарбы.
– Аднойчы я трапіла ў пратэзны цэнтр і ўбачыла, што некаторым людзям, якія поўнасцю пазбаваліся рук і ног, значна горш, чым мне. У той момант я канчаткова вырашыла, што больш не буду сядзець і сябе шкадаваць, – расказвае жанчына. – І пачала выкарыстоўваць светлыя і цёплыя адценні. Дачка Анастасія працуе ў дзіцячай школе мастацтваў у г.п. Карэлічы. Яна і ўнукі прывозяць мне фарбы. Зараз малюю шмат кветак, лёгкіх і прыгожых, якія дапамагаюць абстрагавацца ад рэальнасці. Вельмі люблю размалёўваць драўляныя днушкі, іх у мяне ўжо шмат, усе розныя. Драўляныя нарыхтоўкі купляю. Як сяду, дык за дзень тры дакладна аздоблю. Вось стол і зэдлікі таксама ўпрыгожыла. І сабе, і суседцы. Увогуле, яшчэ ў школе мяне цягнула да фарбаў. Мне вельмі хацелася хадзіць на мастацкі гурток, але бацькі працавалі ў калгасе і лішніх грошай на фарбы не было.
Надворак Валянціны Кузьміч служыць своеасаблівым упрыгожваннем вёскі: тут і бялюткія рамонкі на сцяне склепа, і птушкі на падмурку хаты. Адразу бачна, майстар уклала ў работу душу. Спрабавала жанчына займацца вышыўкай. Аднак ёй больш даспадобы з пэндзлікам у руках акунацца ў атмасферу эмацыянальнай лёгкасці свету мастацтва.
Падчас падарожжа па Красненскім сельсавеце вельмі цікавым аказалася знаёмства з ячшэ адной майстрыхай, кожную вышыўку якой інакш як шэдэўрам не назавеш. Сёння ў калекцыі Марыі Бірук з вёскі Амневічы каля 70 работ, сярод якіх шмат ікон і пейзажаў. Любоў да вышыўкі майстрыха пранесла праз усё жыццё, а заклала яе яшчэ ў юнацтве матуля, постаць якой за кроснамі так жыва стаіць у памяці жанчыны.
– Я ж нарадзілася ў вёсцы, дзе ўсе ўпрыгожванні ў хаце гаспадыня стварала сваімі рукамі. Гэтак і мы з мамай абрусы, сурвэткі, ручнікі расшывалі, – дзеліцца юнацкімі ўспамінамі Марыя Бірук. – Вось дыван на сцяне, якому ўжо 50 гадоў. Усе ўзоры сама малявала, а потым вышывала іх. Зразумела, у маладосці на рукадзелле вольнага часу было няшмат. Пасля заканчэння школы ў Навагрудскім раёне пайшла працаваць у брыгаду ў мясцовы калгас. Праз год выйшла замуж і пераехала з Навагрудак, потым у Светлагорск Гомельскай вобласці. Але праз пэўны час ужо з дзеткамі вярнулася ў Амневічы. Працавала спачатку ў калгаснай канторы, затым шмат гадоў на ферме даяркай. Я заўсёды старалася добра выконваць свае абавязкі. Наша брыгада мела высокія паказчыкі, таму мяне ўзнагародзілі Граматай Прэзідыўма Вярхоўнага Савета БССР.
Сёння Марыі Бірук 79 гадоў. Зразумела, зрок ужо падводзіць, але рукі так і цягнуцца да рознакаляровых нітак і іголкі. І нараджаецца новы шэдэўр. Кожная з вышытых работ жанчыны падкупляе сваім сюжэтам, вытанчанасцю і акуратнасцю, уражвае шчырасцю і пяшчотай.
– Калі пачынаю чарговую вышыўку, мне не церпіцца яе скончыць. Вечарам як вазьмуся за работу, дык не магу адарвацца. Старэйшая дачка Святлана па тэлефоне нават сварыцца пачынае, – усміхаецца жанчына. – Бывае, нават у сне працягваю вышываць. Так я гэтую справу люблю. Безумоўна, кожная работа – гэта часцінка мяне, вынік шматдзённай карпатлівай працы. Напрыклад, вось апошняя мая работа “Анёл”. Яе вышывала па 5-6 гадзін у дзень на працягу трох месяцаў. Калі пачынаю працаваць над іконай, абавязкова памалюся, папрашу дапамогі ва Усявышняга, тады вышываю.
Марыя Бірук прызнаецца, што занятак вышыўкай яе супакойвае і прыносіць задавальненне. Шмат сваіх работ яна падарыла родным, сябрам і знаёмым. Частка ж, блізкіх сэрцу і такіх дарагіх, упрыгожвае хату і радуе вока гаспадыні і яе гасцей.
Спецвыпуск падрыхтавалі Аксана ЯНУШ і Галіна СМАЛЯНКА.
Фота Аксаны ЯНУШ