31 января — День белорусской науки. Рассказываем об уроженцах Кореличчины известных ученых Николае Ламане и Фёдоре Мирочицком
Штогод у апошнюю нядзелю студзеня ў Беларусі адзначаецца Дзень беларускай навукі. Гэта добрая нагода, каб прыгадаць нашых землякоў, якія прысвяцілі сваё жыццё навуковай дзейнасці.
Мікалай Афанасьевіч Ламан нарадзіўся ў 1941 годзе ў в. Загор’е. Пасля заканчэння Турэцкай сярэдняй школы паступіў на агранамічны факультэт Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута, які з адзнакай скончыў у 1963 годзе.
Вучоны ў галіне эксперыментальнай батанікі, фізіёлаг раслін. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2003; чл.-кар. з 1996), доктар біялагічных навук (1993), прафесар (2000). Ганаровы доктар Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта (2008).
З 1968 г. у АН БССР. У 1974-1978 гг. вучоны сакратар аддзялення біялагічных навук, з 1979 г. — загадчык лабараторыі, з 1998 г. — намеснік дырэктара па навуковай рабоце, у 2000-2010 гг. — дырэктар Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Аўтар больш за 390 навуковых прац, у тым ліку 5 манаграфій, 5 кніг, 26 вынаходак і патэнтаў, 14 рэкамендацый і галіновых рэгламентаў.
Мікалай Афанасьевіч Ламан — навуковец, які плённа спалучае фундаментальныя даследаванні з укараненнем атрыманых вынікаў у практыку сельскай гаспадаркі.
Навуковую працу Мікалай Афанасьевіч паспяхова спалучае з навукова-арганізацыйнай дзейнасцю. У цяперашні час ён член экспертнага савета ВАК па біялагічных навуках, Дзяржаўнага экспертнага савета па вытворчасці і перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі Камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь, член двух спецсаветаў па абароне доктарскіх дысертацый, член экспертнага савета Секцыі біялагічных навук Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў.
У 2021 годзе Мікалай Афанасьевіч адзначае юбілейную дату з дня свайго нараджэння.
Фёдар Уладзіміравіч Мірачыцкі нарадзіўся ў 1936 г. у в. Баяры, закончыў Цырынскую СШ у 1954 годзе, а ў 1962 годзе — Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут.
Беларускі вучоны ў галіне заатэхнікі і эканомікі сельскай гаспадаркі, член-карэспандэнт Акадэміі аграрных навук Беларусі (1992), Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі (1983), першы міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь (1991–1994 гг.).
За невялікі тэрмін прайшоў шлях ад сялянскага хлопца да Міністра сельскай гаспадаркі і члена-карэспандэнта Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь.
З юных гадоў ён спазнаў складанасць сельскай гаспадаркі, цяжкасці таго, хто вырабляе хлеб надзённы. Служэнню гэтай справе ён прысвяціў каля 40 гадоў. Падымаючыся па службовай лесвіцы, паглыбляў свае навуковыя веды.
Фёдара Уладзіміравіча не стала ў 2020 годзе пасля цяжкай працяглай хваробы.
Алена МАКАРЧЫК,
бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі ДУК “Карэліцкая раённая бібліятэка”