Делегат Всебелорусского народного собрания Дмитрий Янковский: «Главное, для чего мы работаем, — это благосостояние людей»

Дзмітрый Янкоўскі амаль 20 гадоў узначальвае адно з самых буйных і эканамічна моцных сельгаспрадпрыемстваў раёна — СВК “Жухавічы”. За мінулы год тут атрымана 13 449 тон малака, 2 619 тон ялавічыны і 16 539 тон зерневых. Гэта важкі ўклад у эканоміку Карэліцкага раёна.

Дзмітрый Дзмітрыевіч вось ужо 30 гадоў шчыруе на сваёй малой радзіме. Цану сялянскай працы ведае добра: больш за 10 гадоў быў ветэрынарным урачом, заўсёды побач з людзьмі, вытворчасць вывучыў як свае пяць пальцаў. З маладых гадоў ведае простую ісціну: каб вёска жыла, трэба не толькі мадэрнізаваць сельскую гаспадарку, але і ствараць для людзей камфорт.

— За апошнія гады шэраг вёсак Жухавіцкага сельвыканкама газіфікаваны: Кожава, Уша, Трашчычы і Радунь. Для школы, інтэрната, жылых дамоў і Дома культуры пабудаваны модульныя кацельні, якія дазваляюць эканоміць энергію. За 5 апошніх гадоў у аграгарадку Жухавічы ўзвялі два 12-кватэрных дома. Такім чынам 24 сям’і справілі наваселлі, — расказвае Дзмітрый Янкоўскі.

Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы пабудавана малочнатаварная ферма “Вялікія Жухавічы”, якая дэманструе станоўчую вытворчую дынаміку. У 2020 годзе тут атрымана 6416 тон малака (+181 тона да ўзроўню 2019 года), на адна карову — 7823 кг (+219 кг). У планах кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства — будаўніцтва сучаснай малочнатаварнай фермы на 610 галоў каля вёскі Кожава. У гэтым пытанні без падтрымкі дзяржавы таксама не абысціся. Але, як кажуць, на іншых спадзявайся, але і сам старайся. Таму ў мінулым годзе вырашылі накіраваць фінансавыя сродкі на набыццё тэхнікі. Купілі новы МАЗ з прычэпам, два трактары МТЗ-82, два прычэпы ПСС-10 для ўнясення арганікі, два культыватары, граблі і касілку.

— Важкія надоі і прывагі напрамую залежаць ад адказнасці працуючых, — упэўнены кіраўнік СВК “Жухавічы”. — Сумленна чалавек падыйшоў да свайго ўчастка работы, захаваў тэхналагічны рэгламент — абавязкова будзе вынік. І ў першую чаргу гэта адлюструецца на заработнай плаце, лепшых умовах працы.

Дзмітрый Дзмітрыевіч у гэтым годзе будзе прадстаўляць Карэліччыну на VI Усебеларускім народным сходзе. Дэлегатам такога высокага форуму ён з’яўляецца не ўпершыню.
— Я браў удзел у пятым Усебеларускім сходзе, і хачу сказаць, што гэта вельмі важная палітычная падзея ў жыцці краіны і кожнага з нас. Быць датычным да фарміравання будучага сваёй краіны — пачэсная місія. Хацелася б, каб дзяржава і надалей аказвала падтрымку аграрнаму сектару эканомікі, бо мы вырабляем сацыяльна значныя прадукты, нясём немалую сацыяльную нагрузку. Можна, вядома, аддаць зямлю ў прыватныя рукі, але хто будзе клапаціцца пра людзей, ствараць годныя ўмовы для іх жыцця?
Таксама Дзмітрый Янкоўскі лічыць, што правільна было б перадаць на баланс спецыялізаваных арганізацый клопат пра дарогі, могілкі і водазабеспячэнне, а рост цэн на сельгаспрадукцыю ўвязаць з цэнаўтварэннем на прамысловую групу тавараў. Але галоўнае, аб чым ён марыць, каб Беларусь засталася адзінай і непадзельнай.

Іна ЛЕЙКА
Фота Аксаны ЯНУШ