Іна Санчук: «На VІ Усебеларускім народным сходзе будуць прадстаўлены інтарэсы ўсіх слаёў насельніцтва»
Іна САНЧУК, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама, старшыня РА ГА «Беларускі саюз жанчын»:
— На VІ Усебеларускім народным сходзе будуць прадстаўлены інтарэсы ўсіх слаёў насельніцтва. Дзяржаву хвалюе лёс кожнага з нас. У любога чалавека ёсць свае пытанні, на якія ён хоча атрымаць адказы, некаторыя маюць патрэбу ў дапамозе. У гэтым даводзілася пераконвацца падчас правядзення ў раёне дыялогавых пляцовак і функцыянавання грамадскіх прыёмных. Карэліччане ўзнімаюць эканамічныя, сацыяльныя, бытавыя праблемы, якія прадстаўнікі мясцовай улады імкнуцца своечасова вырашыць альбо ўзяць на кантроль.
Дыялогавая пляцоўка — прамыя зносіны з людзьмі, і трэба весці гутарку з кожным. Для мяне як кіраўніка пэўнай сферы і грамадскага аб’яднання важна: быць не проста побач з людзьмі, а быць разам. Кіраўніку трэба ўмець рэагаваць на любыя змены сітуацыі і старацца вырашаць узнікшыя пытанні.
Як старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» сваёй мэтай стаўлю аб’яднаць жанчын Карэліччыны і накіраваць іх памкненні на плённую працу, стварэнне моцнай сям’і, захаванне міру і спакою на зямлі. Ва ўсе часы жанчына была і застаецца надзейнай падтрымкай і апорай грамадства. Выхаванне асобы пачынаецца менавіта з сям’і, а жанчына — аснова сям’і і дзяржавы.
Адзінства нашага грамадства абапіраецца на тры складальнікі — тры магутныя сілы: Савет дэпутатаў, прафсаюзы, моладзь. Хачу адзначыць, што толькі разам можна дасягнуць пэўных вынікаў і рухацца наперад, да дасягнення новых вяршынь.
Усебеларускі народны сход праходзіць у незвычайны час. На 2021 год выпалі дзве знакавыя падзеі: Год народнага адзінства і 80-годдзе з пачатку Вялікай Айчыннай вайны, у якой менавіта разам была атрымана вялікая перамога, дзякуючы ёй 76 гадоў жывём пад мірным небам. Упэўнена, што спакой на зямлі будзе захаваны, а дэлегаты форуму змогуць абмеркаваць тыя пытанні, якія паслужаць на карысць нашага грамадства і кожнага з нас.