Птицефабрике «Красноармейская» — 55 лет. О том, как на предприятии справляются с непростой экономической ситуацией, рассказывает директор Дмитрий Махина

Зусім нядаўна птушкафабрыка «Чырвонаармейская» адсвяткавала свой 55-гадовы юбілей. Датай нараджэння прадпрыемства лічыцца 15 студзеня 1966 года, калі была падпісана Пастанова Савета Міністраў БССР аб пераўтварэнні Мірскай міжкалгаснай птушкафермы ў саўгас «Чырвонаармейскі», які ў лютым 1971 года ператвораны ў птушкафабрыку «Чырвонаармейская».

Аднак першая старонка летапісу прадпрыемства была напісана яшчэ 70 гадоў таму, калі 3 чэрвеня 1951 у вёсцы Аюцавічы Мірскага раёна была арганізавана сельскагаспадарчая арцель імя Леніна.

Галоўны аграном Сяргей Кужалевіч і дырэктар птушкафабрыкі Дзмітрый Махіна

Два гады таму птушкафабрыку «Чырвонаармейская», перажываючую не лепшыя часы ў эканоміцы, узначаліў малады і энергічны кіраўнік Дзмітрый Махіна. Свой першы кіруючы вопыт ён атрымаў яшчэ ў 28 гадоў, калі стаў старшынёй ААТ «Уздзенскі райаграсэрвіс» Мінскай вобласці. Кажа, што гэтае прадпрыемства тады ледзь зводзіла канцы з канцамі, аднак амаль за тры гады працы маладому дырэктару ўдалося палепшыць фінансавы стан арганізацыі і нават разлічыцца з даўгамі. Таму становішча на «Чырвонаармейскай» Дзмітрыя Махіну не спалохала, ён разумеў, што трэба шмат і ўпарта працаваць.

— Птушкафабрыка мае вялікую плошчу, 9280 гектараў, — расказвае дырэктар. — У лютым 2007 года да «Чырвонаармейскай» быў далучаны СВК «Мірскі», праз год — СВК «Аюцавічы-Агра». Калі раней асноўнай задачай прадпрыемства было забеспячэнне рэгіёну выключна таварным яйкам, то з узбуйненнем спецыфіка яго дзейнасці істотна змянілася. Акрамя курынага яйка, прадпрыемства стала вырабляць малако, цукровыя буракі і збожжавыя культуры, мяса буйной рагатай жывёлы, аказваць паслугі насельніцтву і арганізацыям.

Два гады таму, вывучыўшы становішча спраў на птушкафабрыцы, Дзмітрый Махіна паставіў калектыву задачу — нарыхтаваць на будучую зіму як мага больш якасных кармоў для дойнага пагалоўя.

— Асноўныя фінансы ў сельгаспрадпрыемства прыносіць малако, а яно ў каровы на языку, — падключаецца да размовы галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Кужалевіч. — Таму заняліся перазалужэннем лугапашавых угоддзяў. На сённяшні дзень перасеялі каля 70% лугавых плошчаў. І калі ў мінулыя гады даводзілася купляць нямала кармоў у іншых арганізацыях, то ў новым годзе ёсць надзея, што будзем карміць буронак са сваіх палёў.

Вытворчасць малака на прадпрыемстве хоць невялікімі тэмпамі, але расце: у 2020 годзе надой на адну карову павялічыўся на 105,6%, а валавая вытворчасць сыравіны на — 105,9%. Павялічваецца вытворчасць буйной рагатай жывёлы і птушкі. Ушчыльную заняліся прадуктыўнасцю птушкі: па выніках 2020 года кожная нясушка стала даваць на 45 яек больш, чым у 2019-м.

— Важна ўмець паставіць перад спецыялістамі правільную задачу, выбудаваць вытворчы працэс так, каб кожны работнік адчуваў адказнасць за свой участак работы перад усім калектывам, — перакананы Дзмітрый Махіна. — На чале кута павінна быць тэхналогія вытворчага працэсу, і тады будзе аддача.

Дзякуючы такому падыходу да працы на прадпрыемстве ў 2020 годзе ўдалося павялічыць валавы збор збожжа амаль на 360 тон, а ўраджайнасць — з 28 да 30 цэнтнераў з гектара. Здавалася б, у разрэзе раёна гэтыя лічбы не высокія, але ў 2018-м збіралі толькі па 25 цэнтнераў на круг, а валавы збор быў на 30% ніжэй. Аднак такія рэнтабельныя культуры, як рапс і цукровыя буракі ў 2020 годзе падкачалі: на ўраджайнасці сказалася засуха. Так што студзеньскія снегапады раслінаводам у радасць: чым больш снегу, тым больш вільгаці для росту раслін.

Дзмітрый Махіна з задавальненнем канстатуе:

— Калі у 2019 годзе птушкафабрыка працавала са стратамі, то 2020 год стаў для нас прыбытковым. Пакуль разлічваемся са старымі даўгамі. На жаль, інвестыцыі ў развіццё прадпрыемства прыйдзецца адкласці да лепшых часоў. Хоць планы па мадэрнізацыі ёсць. Трэба рэканструяваць фермы, сянажныя траншэі. Мы не будуем грандыёзных планаў, глядзім на сітуацыю рэалістычна.

Зараз сельгаспрадпрыемства рыхтуе тэхніку да веснавога выхаду ў поле. Ідзе рамонт трактароў, замена запасных частак. Дырэктар не хавае: машынна-трактарны парк састарэлы. Сярэдні ўзрост трактароў — каля 20 гадоў, камбайнаў — 16. Тэхніку паступова замяняюць, але не так хутка, як хацелася б. Нядаўна ў лізінг купілі новенькі кормаўборачны камбайн, некалькі прычэпаў.

— Важна, каб у разгар палявых работ тэхніка не стаяла на прыколе, — кажа галоўны аграном Сяргей Кужалевіч. — Некалькі дзён прапусціш — потым не навярстаеш, усё, тэхналагічны цягнік сышоў.

Сёння на птушкафабрыцы працуе 268 чалавек, нядаўна прыйшлі чатыры маладыя спецыялісты: ветэрынарны ўрач, інжынер, бухгалтар і эканаміст. На прадпрыемстве разумеюць: за імі — будучыня, бо асноўны касцяк птушкафабрыкі — людзі перадпенсійнага ўзросту.

— Маладым спецыялістам прадастаўляем пакой у добраўпарадкаваным інтэрнаце. Яны атрымліваюць даплаты, — кажа Дзмітрый Махіна. — Думаю, рабяты застануцца ў нас. У вялікім горадзе ветэрынарнаму ўрачу або інжынеру-механіку працу па профілю знайсці няпроста. У гэтым годзе зноў чакаем маладое папаўненне.

Слова — аграрыям

Таццяна Панкрац, птушніца:

— У птушкафабрыку я прыйшла ў 1984 годзе. З тых часоў тут і працую. Работу сваю люблю, прыкіпела да яе душой. Важна не толькі напаіць-накарміць рабушак. Я птушку разумею, і здаецца, што яна мяне таксама. Бо за ўвесь час, колькі працую, у маёй групе добрая прадуктыўнасць. На сённяшні дзень даглядаю за 42 тысячамі галоў. Ці складана? Так, няпроста. Але важна, у якой камандзе працуеш. У мяне калегі добрыя, спецыялісты ў нас таксама адказныя. Ад гэтага і залежыць вынік нашай працы.

Марына Каспяровіч, загадчык МТФ «Любна»:

— 24 гады працую на ферме, а здаецца, толькі ўчора прыйшла сюды маладой дзяўчынай. У мяне дыплом бухгалтара за плячыма, але пасля дэкрэтнага водпуску па спецыяльнасці не ўладкавалася, прыйшла на вытворчасць і  не шкадую. Сёння на МТФ «Любна» ўтрымліваецца 154 малочныя каровы, ёсць статак на дарошчванні і маладняк. За 2020 год атрымалі 4490 кг на адну карову. Гэта другі паказчык у птушкафабрыцы. Прывагі буйной рагатай жывёлы складаюць 680 грамаў, таксама працуем з плюсам. Захаванасць маладняку добрая. У цэлым усё залежыць ад каманды. Калі людзі адказныя, тады будзе і вытворчасць.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара