Районным Советом депутатов избраны 7 делегатов на VI Всебелорусское народное собрание. Слово — председателю Турецкого сельского Совета Сергею Борическому и председателю районного объединения профсоюзов Лидии Шевко

Раённым Саветам дэпутатаў абраны дэлегаты ад Карэліцкага раёна на VI Усебеларускі народны сход, які запланаваны на 11-12 лютага  2021 года. Так, дэлегатамі ад Карэліччыны стануць 7 чалавек, сярод якіх дэпутаты абласнога, раённага і сельскіх Саветаў дэпутатаў. Ім слова.

Сяргей БАРЫЧЭЎСКІ,

старшыня Турэцкага сельскага Савета, дэпутат Гродзенскага абласнога, Карэліцкага раённага і Турэцкага сельскага Саветаў дэпутатаў:

– У кастрычніку 1996 года я ўпершыню прыняў удзел у маштабным народным форуме. Гэта быў I Усебеларускі народны сход. На той момант я займаў пасаду старшыні калгаса імя У.З. Царука.

У цэлым аграрнай сферы раёна я прысвяціў 30 гадоў сваёй працоўнай біяграфіі. На працягу васьмі гадоў узначальваў упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Таму мяне вельмі хвалюе далейшае развіццё і ўмацаванне аграпрамысловага сектара Карэліччыны. Упэўнены, што пытанні аграрнай накіраванасці будуць шырока абмяркоўвацца на сходзе. Бо дзяржава заўсёды падтрымлівала і працягвае аказваць дапамогу аграрыям. І гэта неабходна. Сёння далёка не кожная гаспадарка зможа самастойна, без ільготнага крэдытавання, правесці мадэрнізацыю жывёлагадоўчых аб’ектаў, набыць даільнае абсталяванне. А, як вядома, мяса-малочная вытворчасць з’яўляецца асноўнай крыніцай фінансавых паступленняў у гаспадарку.

Як старшыня сельскага Савета, на Усебеларускім народным сходзе буду прадстаўляць інтарэсы мясцовых жыхароў. Сёння вяскоўцаў хвалююць такія пытанні, як якасць пітной вады, стан мясцовых дарог, закрыццё міні-палігонаў цвёрдых камунальных адходаў. Менавіта яны ўздымаюцца практычна на кожным сельскім сходзе. Таму якаснаму і камфортнаму пражыванню жыхароў сельскай мясцовасці неабходна ўдзяляць увагу.

Наша краіна сапраўды сацыяльна арыентаваная. Мы адчуваем клопат і падтрымку дзяржавы, атрымліваючы бясплатную адукацыю, медыцынскія паслугі. Возьмем, напрыклад, няпростую сітуацыю з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі. Ніхто з хворых на COVID-19 не застаўся без медыцынскай дапамогі і неабходнага лячэння. І кожны беларус павінен цаніць тыя выгоды, які ён мае.

Лідзія ШЭЎКА,

старшыня Карэліцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў, дэпутат Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў:

– На мой погляд, чарговы Усебеларускі народны сход будзе мець лёсавызначальнае значэнне для нашай краіны. Таму прыняць у ім удзел – гонар і адначасова вялікая адказнасць. Лічу, што значная ўвага падчас правядзення мерапрыемства павінна ўдзяляцца пытанням маладзёжнай палітыкі. У апошнія месяцы мы сутыкнуліся з дэструктыўным уплывам інтэрнэт-прасторы на самасвядомасць падрастаючага пакалення. А гэта гаворыць аб тым, што выхаванне новага пакалення беларусаў павінна ажыццяўляцца на падставе глыбокага патрыятызму і гістарычнай памяці.

Мяне, як старшыню раённага аб’яднання прафсаюзаў, хвалюе дабрабыт карэліччан, што сугучна мэтам і задачам прафсаюзнай арганізацыі. Упэўнена, што на сходзе неабходна абмеркаваць пытанні, якія датычаць сацыяльных гарантый грамадзян, – занятасць насельніцтва і ўзровень заробку, стварэнне новых працоўных месцаў, асабліва ў сельскай мясцовасці, замацаванне моладзі на першых працоўных месцах, падтрымка пенсіянераў і шматдзетных сем’яў.

 

Аксана ЯНУШ