Рождения, свадьбы и разводы. Статистика за 2020 год от Кореличского ЗАГСа
У 2020 годзе ў Карэліцкім раёне нарадзілася 115 дзяцей (48 у райцэнтры і 67 у сельскай мясцовасці), што на 8 дзяцей менш, чым у 2019-м. На свет з’явіліся 54 хлопчыка і 61 дзяўчынка.
Зарэгістравалі бацькоўства 15 жыхароў раёна, узяўшы адказнасць за дзяцей. 16 немаўлят нарадзіліся ў адзінокіх маці. Першае дзіця з’явілася ў 41 сям’і, другое — у 43, трэцяе — у 22, чацвёртае — у 7, пятае — у адной і шостае таксама ў адной сям’і. У адной сям’і нарадзілася двойня.
Самай маладой маме споўнілася 16 гадоў, бацьку — 18, самай сталай маме — 43, бацьку — 54. Сярэдні ўзрост маці пры нараджэнні дзіцяці — 27 гадоў, бацькі — 30.
Самымі папулярнымі імёнамі для нованароджаных хлопчыкаў сталі: Арцём, Максім, Арсеній, Данііл, Іван, Яраслаў. Сярод нованароджаных дзяўчынак бацькі аддавалі перавагу імёнам: Сафія, Ганна, Ева, Анастасія. Сустракаліся і рэдкія імёны, якімі адорвалі сваіх дзетак карэліччане: Захар, Давід, Радзівон, Сцяпан, Эмілія, Тэона, Мія, Аніта.
Таксама паводле статыстыкі, 96 пар з пачатку 2020 года зарэгістравалі свой шлюб, што на 27 шлюбаў менш, чым у 2019 годзе. Упершыню шлюб заключылі 76 чалавек. Сярэдні ўзрост уступіўшых у шлюб мужчын склаў 31 год, жанчын — 29 гадоў. Самай юнай нявесце на момант рэгістрацыі было 17 гадоў, жаніху — 20. Самай дарослай нявесце споўнілася 55 гадоў, жаніху — 53.
Са зніжэннем шлюбнага ўзросту ў 2020 г. зарэгістравана адна пара.
Стабільным застаецца колькасць шлюбаў, зарэгістраваных з замежнымі грамадзянамі, — 6. Гэта грамадзяне такіх рэспублік, як Расійская Федэрацыя, Літоўская Рэспубліка, Украіна.
А вось 70 сем’яў, наадварот, развяліся: 19 сем’яў скасавалі шлюб праз ЗАГС, 51 — праз суды.
Валянціна СІЎКО,
начальнік аддзела ЗАГС