«Свитязянка» ставит молочные рекорды. По итогам 2020 года в хозяйстве получено более 10 тысяч кг молока от коровы
За некалькі дзён да наступлення Новага года ў СВК “Свіцязянка-2003” усталявалі “малочны” рэкорд Карэліччыны. 29 снежня 2020 года ў гаспадарцы перасягнута дзесяцітысячная мяжа па надоі малака ад каровы. З нагоды падзеі “Свіцязянку” наведалі старшыня райвыканкама Генадзій Шатуеў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў і начальнік Карэліцкага сырцэха “Навагрудскія дары” філіяла ААТ “Лідскі малочна-кансервавы камбінат” Ларыса Рапавец, якія павіншавалі кіраўніцтва і калектыў гаспадаркі, уручыўшы прыемныя сімвалічныя падарункі.
– Для большасці гаспадарак рэспублікі дасягнуць надою малака ад каровы ў 10 тысяч кілаграмаў – пакуль толькі мара. У СВК “Свіцязянка-2003” не пабаяліся паставіць перад сабой амбіцыёзную задачу, а паставіўшы, дасягнулі яе. І сёння мы маем магчымасць павіншаваць калектыў гаспадаркі з тым, што запаветныя 10 тысяч кілаграмаў малака ад каровы сталі рэальнасцю, – адзначыў Генадзій Шатуеў. – Мы добра разумеем, што атрыманы паказчык – гэта тытанічная шматгадовая праца, вынік работы зладжанай і адпрацаванай сістэмы, у аснове якой ляжыць формула 3К – кадры, кармы, каровы. Сюды ж абавязкова неабходна дадаць і камфорт жывёлы, якому ў “Свіцязянцы” надаецца значная ўвага. Аднак зусім невыпадкова на першае месца мы ставім кадры, бо ў жывёлагадоўчым ланцужку важная і неабходная работа кожнага – ад жывёлаводаў да галоўных спецыялістаў.
Шчырую радасць за дасягнутыя паказчыкі “Свіцязянкі” выказаў Аляксандр Шкадаў, які ўзгадаў яшчэ адну перамогу гаспадаркі ў 2020 годзе – занясенне на Рэспубліканскую Дошку гонару ў пяты раз. Акцэнт не толькі на колькасці, але і якасці сыравіны, якая пастаўляецца на перапрацоўку са свіцязянскіх фермаў, зрабіла Ларыса Рапавец.
– Сёння мне хочацца павішаваць СВК “Свіцязянка-2003” з дзесяцітысячным літрам якаснага малака, – адзначыла начальнік Карэліцкага сырцэха. – Дзякуючы высокай якасці сыравіны мы атрымліваем выдатную прадукцыю, якая становіцца пераможцам шматлікіх конкурсаў. Таму “Свіцязянка” – наш надзейны партнёр і буйны пастаўшчык, якому мы выказваем словы падзякі за працу і пажаданні далейшых поспехаў.
Такога рэкорднага паказчыка жывёлаводам гаспадаркі ўдалося дасягнуць дзякуючы выкарыстанню сучасных тэхналогій, кваліфікаваным кадрам, селекцыі, стварэнню моцнай кармавой базы, правільнаму ўтрыманню пагалоўя буйной рагатай жывёлы. Аднак “малочны” поспех “Свіцязянкі” пачынаўся з малога. Былі часы, калі малака даілі ў некалькі разоў меней, ды і дойны статак быў не 1800 галоў, як сёння, а 650.
– Добра памятаю 2002 год, калі я ўзначаліў калгас імя Гастэлы. Становішча было стратнае. Без слёз нельга было глядзець на тыя фермы. Ад каровы атрымлівалі ўсяго 1807 кг малака, – узгадвае старшыня СВК “Свіцязянка-2003”, Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Галавач. – Але рукі не апусцілі. Зразумела, каб адчуць пэўныя змены, спатрэбіўся час і нямала намаганняў. Пачалі з падбору кваліфікаваных кадраў, навядзення парадку на жывёлагадоўчых аб’ектах і ўсталявання дысцыпліны, перагледзелі рацыён жывёл. Як толькі перайшлі з трохразовага на двухразовае даенне, адразу адчулі прырост малака. Паступова павялічвалася пагалоўе, будаваліся сучасныя аўтаматызаваныя комплексы, раслі тэмпы малочнай вытворчасці. Штогод дадавалі каля 450 кг. І сёння маем запаветныя 10 000 кг. Большая частка сыравіны адпраўляецца на перапрацоўку гатункам “экстра”.
Кіраўніцтва і спецыялісты жывёлагадоўчай галіны гаспадаркі добра ведаюць, што малако ў каровы на языку. Таму, распрацоўваючы рацыён дойнага статку, у “Свіцязянцы” не баяцца пераймаць вопыт такіх перадавых гаспадарак, як СВК імя Дзеншчыкова Гродзенскага раёна. Так, у 2020 годзе ўпершыню паспрабавалі ўвесці ў кармленне жывёл моркву, якая валодае аздараўленчым эфектам. Караняплод аказаўся да густу рагулям, таму і надалей ён будзе прысутнічаць у іх рацыёне. Увогуле, ход корманарыхтоўчай кампаніі і якасць кармоў – на пастаянным кантролі ў гаспадарцы.
– Безумоўна, у наступіўшым годзе будзем імкнуцца павялічыць атрыманы паказчык. Аднак, перш за ўсё, нам неабходна ўтрымаць тое, чаго ўжо дасягнулі, – адзначае Уладзімір Галавач. – У планах будаўніцтва камбікормавага цэха і цэха па перапрацоўцы рапсу. Асабістая вытворчасць камбікорму і рапсавага шроту будзе спрыяць патанненню кармоў. Увогуле, наша мэта – не біць рэкорды, а стварыць эканамічна моцную, фінансава ўстойлівую гаспадарку, працаўнікі якой мелі б дастойны заробак і з упэўненасцю глядзелі ў заўтрашні дзень.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара