Таццяна Арда: «Нашу Беларусь трэба захаваць»

Таццяна АРДА, Герой Сацыялістычнай Працы, жыхарка г.п. Карэлічы:

— VІ Усебеларускі народны сход мае сваю асаблівасць: ён праходзіць у няпросты час. Няпрошаная хвароба, каранавірус, ускладніла жыццё людзей, і хочацца верыць, што беларусы з ёй справяцца. Што да вырашэння  рознабаковых жыццёвых пытанняў, то яны таксама будуць па плячы ўдзельнікам сходу. Іх дэлегатамі, як вядома, стануць лепшыя  прадстаўнікі нашай інтэлігенцыі, моладзі, аграрнай сферы, іншых галін народнай гаспадаркі. Хочацца спадзявацца, што яны неабыякавыя да лёсу дзяржавы і змогуць зазірнуць у будучае краіны.

Я пражыла няпростае, але змястоўнае жыццё. Яго каштоўнасць у тым, што шмат працавала і ніколі не цуралася ніякай работы. Усё свядомае жыццё працавала ў жывёлагадоўлі — прайшла шлях ад даяркі да брыгадзіра фермы. Хачу нагадаць, што ў той час на ферме «Людвікі» племзавода «Карэлічы» было шмат старанных працаўнікоў. І гэта заканамерна: праца — аснова асноў, і яе трэба шанаваць.

У нашай краіне 2021 год аб’яўлены Годам народнага адзінства. Мне хочацца падтрымаць гэтую задумку, бо толькі разам можна дабіцца пэўных вынікаў як у дзяржаве, так і дома. Што да роднай Беларусі, то яе трэба захаваць, бо яна — адзіная і любімая. У сваёй сям’і мы павінны быць чулымі і спагадлівымі адзін да аднаго, падтрымліваць родных людзей у жыццёвых сітуацыях.

А яшчэ мне хочацца асобна сказаць пра пажылых людзей. Дзяржава ўсебакова клапоціцца пра нас, пенсіянераў.  Мы атрымліваем пенсію, у нас ёсць шмат вольнага часу. Гэта той час, якім трэба даражыць, і ўсё рабіць для здароўя і прадаўжэння жыцця. А маладым скажу: жывіце і тварыце, знайдзіце любімую справу, і няхай яна стане сэнсам жыцця, служыць на карысць Айчыны і мацуе дабрабыт вашай сям’і.