В Кореличском районе на зимних каникулах отдохнуло 45 школьников
Зімовыя канікулы адны з самых любімых у школьнікаў. Бацькі і педагогі клапоцяцца, каб дзетвара праводзіла іх з карысцю. Менавіта таму дзяцей адпраўляюць у аздараўленчыя лагеры, якія функцыянуюць пры навучальных установах раёна.
Як паведамілі ва ўпраўленні адукацыі Карэліцкага райвыканкама, сёлета гасцінна расчынілі дзверы школьныя лагеры ў райцэнтры, Міры, Турцы, Жухавічах. Там адпачылі 45 вучняў. Дзяўчынкі і хлопчыкі з задавальненнем прыходзілі ў школьныя сцены, бо тут пра іх клапаціліся вопытныя педагогі, і з задавальненнем бавілі свой вольны час.
Старшы выхавальнік лагера «Радуга» сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы Ларыса Іванаўна Качан адзначыла, што для наведвальнікаў было арганізавана шмат спартыўных мерапрыемстваў. Сярод іх — спартыўныя гадзіны, спартландыі, гульнявыя праграмы. Кожны дзень праводзілася інфармацыйная хвілінка, падчас якой дзецям нагадвалі аб правілах паводзін на дарогах і лёдзе. Падабаліся і пазнавальныя віктарыны, якія дапамагалі ім пашырыць кругагляд.
Да таго ж у лагеры было арганізавана трохразовае збалансаванае харчаванне. Мясныя стравы, салаты, садавіна, сокі, прысмакі прыходзіліся даспадобы дзетвары.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота з архіва рэдакцыі