Заведующий молочно-товарным комплексом «Литаровщина» СПК «Свитязянка-2003» Анна Миселя представит Кореличский район на VI Всебелорусском народном собрании
Загадчык малочнатаварнага комплексу «Літараўшчына» СВК «Свіцязянка-2003» Ганна Міселя — адна з дзесяці дэлегатаў, якія прадставяць Карэліцкі раён на VI Усебеларускім народным сходзе. Энергічнай і кіруючай адным з самых паспяховых малочных комплексаў раёна, Ганне Аляксееўне ёсць што сказаць на народным форуме.
— Я нарадзілася і вырасла ў Пінску, і пра малочнатаварныя фермы мала што ведала, — распавядае Ганна Аляксееўна. — Але мы жылі ў прыватным доме, трымалі дзвюх каровак, быў свой агарод. Да працы на зямлі былі прывучаны з дзяцінства.
Ганна заўсёды марыла стаць настаўнікам, але для паступлення ў Пінскае педвучылішча патрабаваўся добры музычны слых, таму да экзаменаў справа не дайшла. У медыцынскае вучылішча таксама не прайшла: не хапіла аднаго бала. Дзяўчына пагартала даведнік для паступаючых і вырашыла ехаць у Карэлічы, дзе набіралі групу лабарантак. Прафесія аказалася цікавай, асабліва захапіла практыка на малочных заводах. Затым скончыла Пінскі мяса-малочны тэхнікум. Ужо будучы замужняй жанчынай з двума дзецьмі, паступіла ў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт і атрымала дыплом эканаміста-менеджара.
— У калгасе «Варонча» некаторы час працавала дыспетчарам, узначальвала прафсаюзны камітэт, — расказвае Ганна Аляксееўна. — У 2004 годзе прыйшла загадчыцай на ферму «Літараўшчына».
Гэта сёння «Літараўшчына» — сучасны малочнатаварны комплекс, дзе кароў дояць робаты і кожная дае па 10 600 кг малака, а ў 2004-м тут стаяў усяго адзін невялікі кароўнік на 150 галоў і ўдоі не падымаліся вышэй за 4 500-4 800 кілаграмаў. Заробкам пахваліцца таксама не маглі.
Зараз у падначаленні Ганны Міселі — 20 чалавек. Сярэдні заробак на МТК складае 920 рублёў, у даярак яшчэ вышэй. Ды і ўмовы працы годныя: у вытворчых памяшканнях цёпла, пабудаваны душавыя з цёплай вадой, ёсць гардэробныя, дзе можна пераапрануцца, стаяць пральныя машыны. Нават не верыцца, што былі часы, калі даяркі прыходзілі на першую дойку а 5-й гадзіне раніцы, а трэцюю завяршалі ў палове першай ночы. Сёння іх працоўны дзень пабудаваны так: з 8 раніцы да гадзіны дня, з 19.00 да 23.00. І пры гэтым мінімум ручной працы: за людзей стараюцца робаты.
— Наш МТК з’явіўся дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы. У тыя часы калгас ледзь зводзіў канцы з канцамі, ні пра якое будаўніцтва новых аб’ектаў і не марылі, — успамінае жанчына пачатак 2000-х. — Затое цяпер СВК «Свіцязянка-2003» горда гучыць на ўсю рэспубліку, па выніках паспяховай работы некалькі разоў занесены на Рэспубліканскую дошку гонару.
Ганна Аляксееўна перакананая: агульны поспех у любой справе залежыць ад кожнага і не ў малой ступені ад кіраўніка. Прыйшоўшы на ферму ў 2004 годзе, жанчына перш за ўсё ўзялася за дысцыпліну. Шмат размаўляла з людзьмі, тлумачыла. Сваім прыкладам паказвала, як трэба ставіцца да працы. Жанчына перажывае за справу, якой аддадзена столькі гадоў, не пойдзе дадому, пакуль не пераканаецца, што ўсё зроблена як мае быць.
Разважаем з гераіняй пра жыццё-быццё ў вёсцы. Жанчына кажа, што аграгарадок Райца за апошнія гады ажыў і памаладзеў. Тут з’явіліся маладыя сем’і з дзецьмі, яны забяспечаны жыллём, зарабляюць годна.
— Добра было б адкрыць у нас сямейнае кафэ і дзіцячую пляцоўку, каб моладзь не ехала ў горад і не пакідала там грошы, — разважае Ганна Аляксееўна. — А ў астатнім у нас усё ёсць. Напрыклад, медыцынскае абслугоўванне выдатнае, можа, лепей, чым у горадзе. Не трэба па паўгадзіны стаяць за талонам да ўрача, ды яшчэ невядома, ці патрапіш на прыём. Але так, як у Райцы, не ўсюды. У асноўным моладзь пакідае сельскую мясцовасць, з’язджае ў гарады. Вось з гэтым трэба нешта рабіць. Мясцовыя дарогі таксама трэба прыводзіць у парадак. Спадзяюся, што з увядзеннем транспартнага падатку ў раённыя бюджэты будзе паступаць больш грошай на іх рамонт.
А яшчэ жанчына лічыць, што трэба больш актыўна прасоўваць на кіруючыя пасады моладзь. Сярод маладых спецыялістаў вельмі шмат разумных, таленавітых і крэатыўных. Вынікам жа Усебеларускага народнага сходу яна хоча бачыць выразныя планы па рабоце эканомікі, а таксама магчымасць згладзіць вострыя куты ў грамадстве, каб быў мір, каб мы не страцілі тое, што маем.
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара