На сельском сходе в Луках обсудили вопросы безопасности

У аграгарадку Лукі праведзены шырокамаштабны сельскі сход. На ім прысутнічалі і трымалі слова прадстаўнікі раённых службаў, якія ў адказе за жыццядзейнасць людзей.

Адкрыла сустрэчу старшыня мясцовага сельвыканкама Людміла Ваўчок і адзначыла, што правядзенню сходу папярэднічалі два пажары ў аграгарадку, і гэта паслужыла падставай для інфармавання вяскоўцаў аб паводзінах у быце.

Не дапусцім пажараў!

Першы намеснік начальніка Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалай Шуляк, прывёўшы статыстычныя дадзеныя аб пажарах у рэспубліцы, вобласці, раёне, назваў іх прычыны. Асноўная — «п’яная” цыгарэта: выпіў, закурыў, заснуў, загінуў.  Другая прычына — перагрэў печак. Па правілах трэба прапальваць печ некалькі разоў у дзень і закрываць заслонку, каб у пакоі захаваць цяпло.

Мікалай Шуляк засяродзіў увагу прысутных і на спальванні сухой расліннасці. Хутка растане снег, і вяскоўцы возьмуцца за навядзенне парадку на сваіх прыдамавых тэрыторыях. Спальваць смецце трэба на значнай адлегласці ад пабудоў і абавязкова знаходзіцца  непадалёк.

Прамоўца нагадаў і пра аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Прыбор пажадана змяшчаць ва ўсіх пакоях, але абавязкова ў спальні, бо пры задымленні ў начны час ён разбудзіць і дапаможа выратавацца ад бяды. Набыць яго можна ў магазінах спажывецкай кааперацыі і аўтамагазінах, каштуе нядорага. Пры неабходнасці трэба замяніць крону, і ўстройства будзе служыць далей.

Будзем захоўваць  правілы ў быце

Майстар Карэліцкага раёна газазабеспячэння Мікалай Рытус паведаміў аб захаванні правілаў побыту. Так, нельга пашкоджваць пломбы балонаў, забараняецца ўмешвацца ў работу прыбораў, а пры паху газу трэба званіць у горгаз, утрымліваць газавыя прыборы ў чысціні, а шафы для балонаў павінны быць у спраўным стане.

Парады вяскоўцам прагучалі і ад в.а. начальніка Карэліцкай раённай інспекцыі Энергагазнагляду Аляксандра Даніўкі.  Каб карыстацца старымі бытавымі прыборамі, іх трэба праверыць у эксплуатацыі; нельга заклейваць электраправодку шпалерамі, пры неабходнасці яе трэба замяніць.

Што неабходна для падключэння электраацяплення, паведаміў начальнік Карэліцкага  раёна электрасетак Ігар Маковік. Перад тым, як пачаць займацца гэтай справай, напачатку трэба патэлефанаваць у раён электрасетак для атрымання інфармацыі па дадзеным пытанні.

З клопатам пра людзей

Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Іна Богуш адзначыла, што людзі звяртаюцца найчасцей па пытаннях павышэння пенсій і назначэння групы па інваліднасці, а вось  па дзецях-інвалідах зваротаў амаль не бывае, хоць для іх існуюць пэўныя дапамогі і льготы. Таксама гаварылі пра шматдзетных маці і людзей прадпенсійнага ўзросту.

Аб прадастаўленні сацыяльных паслуг розным катэгорыям насельніцтва, кантролі за бяспекай грамадзян, цесным супрацоўніцтве з раённымі службамі вяла размову дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Інэса Сямібратава. Прамоўца адзначыла, што рабочыя рамантуюць печы, косяць траву на прыдамавых тэрыторых. Такая дапамога аказваецца ў першую чаргу адзінокім грамадзянам і  інвалідам. Што датычыцца датэрміновага распараджэння сямейным капіталам, то яго можна выкарыстаць на будаўніцтва жылля, адукацыю і лячэнне дзяцей.

Старшыня Лукскага сельвыканкама Людміла Ваўчок звярнула ўвагу вяскоўцаў на тое, што ў апошні час пачасціліся выпадкі махлярства,  таму не трэба паведамляць па тэлефоне дадзеныя сваіх банкаўскіх карт. Неабходна праяўляць пільнасць і пры візіце незнаёмых людзей, якія выдаюць сябе за прадстаўнікоў розных службаў. Не давяраць, а добра праверыць і пераканацца ў іх довадах. У такіх выпадках Людміла Іванаўна раіла тэлефанаваць у мясцовы сельвыканкам, каб разам вырашыць узнікшае пытанне.

Галіна СМАЛЯНКА