Пожилые кореличчане занимаются лыжным спортом
Здароўе — вялікая каштоўнасць для чалавека. Зімовыя захапленні — незвычайная радасць і карысць для здароўя. А заняткі лыжным спортам з’яўляюцца рэзультатыўным прафілактычным сродкам загартоўвання арганізма. Садзейнічаюць далучэнню да спартыўных рухаў, павышаюць супраціўляльнасць арганізма да прастудных захворванняў, надаюць бадзёрасць, павышаюць працаздольнасць і трываласць.
Спецыялісты аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва сумесна са спецыялістамі Дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы на стадыёне «Юнацтва» арганізавалі для наведвальнікаў аддзялення фізкультурна-аздараўленчае мерапрыемства «Лыжныя старты». Лыжня сабрала тых, хто вядзе здаровы лад жыцця, актыўных, энергічных, жыццярадасных, маладых душой людзей.
Удзельнікі мерапрыемства з задавальненнем правялі вольны час на свежым паветры, атрымалі шмат незабыўных станоўчых эмоцый і ўражанняў, а таксама навучыліся хадзіць на лыжах.
Слова — удзельнікам фізкультурна-аздараўленчага гуртка «Рытм» пры Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва
Валянціна ЛАЗАРЭВІЧ:
— Другі год займаюся ў гуртку. Хаджу на танцы, трэнажоры, а таксама выконваю спартыўныя практыкаванні. Што гэта мне дае? Па-першае, зносіны. Тут сустракаеш новых сяброў, адчуваеш добразычлівыя адносіны з боку супрацоўнікаў Цэнтра. Атрымліваецца, ты не адзін, і гэта немалаважна, каб адчуваць жыццё ў маляўнічых фарбах. Па-другое, ты ўзбадзёрваешся, робіш яшчэ адзін крок да паляпшэння свайго самаадчування. Як вядома, здароўе — самае вялікае багацце ў жыцці, і гэта асабліва адчуваеш у сталым узросце.
Тамара РАТОМСКАЯ:
— «Лыжныя старты» — яшчэ адзін прыклад таго, што такія мерапрыемствы прыносяць вялікую карысць арганізму чалавека. Яны даюць шмат пазітыву і здароўя, а сустрэчы — добрыя зносіны з людзьмі. Займаюся ўжо тры гады скандынаўскай хадой. Ніколі не пашкадавала аб тых гадзінах, якія правяла ў Цэнтры. Мерапрыемствы праходзяць цікава, я атрымліваю шмат карыснага для сябе.
Ніна ГЛУХАВА:
— Скандынаўская хада — бадзёрасць духу і добры настрой. Гэта яшчэ адна магчымасць быць у руху. Я з задавальненнем наведваю заняткі, тут сустракаюся з новымі сябрамі. На заслужаным адпачынку хочацца прадаўжаць жыць змястоўным жыццём. Для гэтага трэба няшмат: тваё жаданне вясці здаровы лад жыцця і ўвага з боку супрацоўнікаў Цэнтра. Усё гэта ёсць, і жыццё прадаўжаецца. Снег здаецца такім казачным, што хочацца стаць на лыжы і прайсціся па гэтым бялюткім дыване.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Таццяны ДАНІЎКА