В рамках республиканской акции «Наш животновод» награждены труженики КСУП «Цирин-Агро»
Рэспубліканская акцыя «Наш жывёлавод» на гэты раз прывяла ў КСУП «Цырын-Агра». Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Пянькоўская ўручыла лепшым працаўнікам жывёлаводчай галіны Падзячныя пісьмы і прэміі, падзякавала ім за штодзённую карпатлівую працу.
Паліна Скіпар — жывёлавод малочнатаварнай фермы «Краснае». Яна з любоўю расказвае пра сваіх падапечных — даглядае цялят. «Над імі трэба пастаяць, каб падраслі і набраліся сілы», — гаворыць жанчына і ўдакладняе, што на іх выпайку адводзіцца 21 дзень, а затым малых пераводзяць на іншую ферму. Асноўнае ў доглядзе — выпайка па гадзінах і любоў да іх. Што да апошняга, то гэта немалаважны фактар у рабоце. Старэйшыя дзеці Паліны Скіпар (а ўсіх пяцёра) дапамагаюць на ферме, з дзяцінства прывучаюцца да працы. Муж Міхаіл працуе на ферме жывёлаводам. Дома трымаюць асабістую гаспадарку. «Да работы не прывыкаць, — зазначае жанчына. — У пяць раніцы ўстаю, дзяцей у школу збіраю, увіхаюся па дому, на працу спяшаюся…»
Жывёлавод малочнатаварнай фермы «Кайшоўка» Павел Гулецкі не любіць сядзець склаўшы рукі. Даглядае 130 цялят і працуе слесарам па рамонце і абслугоўванні ферм. Работу лёгкай не называе, хоць пэўную ролю адыгрывае і вопыт: на ферме працуе добрыя два дзясяткі гадоў.
— У нашай рабоце важна, каб кармы былі добрыя, — гаворыць жывёлавод. — Кармы ёсць, цяляты накормлены, падасланы — і справа выйграна. Ад нас, работнікаў, патрабуецца сумленна працаваць, што з дня ў дзень і раблю.
З Леанідам Мулярчыкам, слесарам па абслугоўванні малочнага абсталявання малочнатаварнай фермы «Альшаны», гутарым пра штодзённую працу. «Рамантую і кантралюю работу даільнага абсталявання, каб яно было заўсёды спраўным», — гаворыць слесар.
У Леаніда Мулярчыка багаты вопыт работы не толькі ў жывёлагадоўлі, але ў зносінах з людзьмі. Да гэтага часу працаваў загадчыкам ферм «Кайшоўка» і «Альшаны», брыгадзірам у КСУП «Цырын-Агра». «Прапанавалі гэтую пасаду, згадзіўся — і не шкадую», — прызнаецца субяседнік.
— Галоўнае ў рабоце — імкненне да яе, — зазначае Леанід Мулярчык, — а таксама дысцыпліна і парадак на рабочым месцы.
На малочнатаварнай ферме «Цырын» прафсаюзны лідар аграпрамысловага комплексу раёна спяшаецца павіншаваць адразу траіх жывёлаводаў: Антаніну Грыцкевіч, Валянціну Давыдзенка, Святлану Януш. Яны даглядаюць цялят ад нараджэння да 3 месяцаў і атрымліваюць добрыя сярэднясутачныя прывагі. Асноўнае ў рабоце — догляд у першыя сем дзён, калі жывёлу трэба напаіць малодзівам, а таксама патрэбны старанне і адказнасць.
— Усе прыйшлі на ферму ў адзін дзень,— гаворыць Валянціна Давыдзенка. — Шкадавання няма: працуем сумленна і атрымліваем задавальненне ад таго, што работа спорыцца.
Ад фермы да фермы на сустрэчы з перадавікамі сельскагаспадарчай вытворчасці ездзіла разам з намі старшыня прафкама КСУП «Цырын-Агра» Юлія Сцецка. Яна раскрыла формулу поспеху ў рабоце жывёлаводаў: любоў да жывёлы, вопыт у рабоце, сумленныя адносіны да справы.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Ірыны ПЯНЬКОЎСКАЙ