Жители агрогородка Еремичи Николай и Анна Руц на пенсии не скучают: разводят цветы и плетут корзины
Рэдакцыя газеты «Полымя» сумесна з Цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва пачынаюць новы творчы праект «Актыўнае даўгалецце». У ім мы будзем расказваць пра людзей залатога ўзросту, якія вядуць здаровы лад жыцця, маюць цікавыя захапленні, а таксама аб тым, як захаваць моцным здароўе і заставацца маладымі душой.
«Душа павінна быць маладой»
Дом пад нумарам адзін па вуліцы Школьнай у аграгарадку Ярэмічы знаходзім адразу. Яго гаспадары Мікалай Мікалаевіч і Ганна Васільеўна Руц на заслужаным адпачынку прадаўжаюць весці актыўны лад жыцця.
«Нашы кошыкі трапілі ў Італію»
Мікалай Мікалаевіч нарадзіўся ў вёсцы Застадолле Цырынскага сельсавета. Закончыў Цырынскую сярэднюю школу і Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Адразу працаваў па размеркаванні галоўным аграномам у Віцебскай вобласці. Затым прызвалі ў армію, службу праходзіў у Германіі.
У 1975 годзе вярнуўся на Радзіму і сваю абранніцу жыцця Ганну сустрэў у мясцовай школе, дзе яна працавала настаўніцай. У 1976 годзе пажаніліся. Затым працаваў галоўным аграномам у Баранавіцкім раёне, а ў 1978 годзе быў прызначаны намеснікам старшыні гаспадаркі ў калгасе імя Гастэлы Карэліцкага раёна. Праз два гады абраны старшынёй Малюшыцкага сельсавета. Праз восем гадоў пераехаў у калгас імя Царука, дзе займаў пасаду старшыні прафсаюзнага камітэта, а апошнія пяць гадоў працаваў нарыхтоўшчыкам.
— А як жывецца зараз на пенсіі? — цікаўлюся ў Мікалая Мікалаевіча.
— Пляту кошыкі з упаковачнай ленты і металу. Дзень аддаю на кошык, але трэба добра пасядзець за любімай справай, зімовыя вечары доўгія, — гаворыць субяседнік і дадае, што гэтыя кошыкі трапілі ў Італію. Вырабы падарылі цётцы Ірыне Васільеўне, якая іх добра ацаніла, але выкарыстоўвае па-свойму, як вазы для кветак.
У сям’і Руц займаюцца і асабістай гаспадаркай — трымаюць свіней, трусоў, курэй.
— Вельмі люблю маленькіх трусянят, прыгожых і пухнатых. Асноўны клопат — зімой і летам, працу лёгкай не назавеш, але яна акрыляе і задавальняе, — прызнаецца гаспадыня.
Кветкі — вялікая радасць
Ганна Васільеўна захапляецца ружамі трыццаць гадоў. Першую калекцыю выпісала з Рыгі. Зараз у яе — пяцьдзясят шэсць кустоў прыгажунь. Даглядаць іх жанчыне ў радасць, і яна пастаянна знаходзіцца ў пошуку новых «сябровак». Выпісвае каталогі і дзякуючы свайму імкненню да прыгожага набыла новых знаёмых — яе пазнаюць па голасе, калі дае заяўкі на кветкі.
— Цяпер аддаю перавагу герані, — дзеліцца жанчына. — Дачка Таццяна знайшла трыста відаў гэтай кветкі ў інтэрнэце. Яна дапамагае мне з новымі гатункамі, у дачкі іх пяцьдзясят сем. Расліны настолькі мяне захапілі, што не магу ўявіць без іх жыцця.
Блізкія людзі
Усё працоўнае жыццё Ганны Васільеўны Руц звязана з настаўніцтвам. Трыццаць гадоў прысвяціла роднай Ярэміцкай школе, дзе выкладала гісторыю. Па яе меркаванні, гісторыя — складаны прадмет, на які трэба мець свой погляд. Заўсёды абапіралася на гісторыю роднага краю, а цяпер захапляецца гісторыяй роднай школы. Два гады таму адзначалі 50-годдзе выпуску, збіралі фотаздымкі, зрабілі фотаальбом.
— Сустрэчы з аднакласнікамі патрэбны для душэўнага аб’яднання, — прыйшла да высновы Ганна Васільеўна. — З Ярэмічамі звязаны самыя найлепшыя ўспаміны: тут хадзіла ў школу, тут бегала на спатканні, тут каталася на крыгаходах па рэчцы… У дзясятым класе пасадзілі каля школы бярозавы гай. Прадаўжаю падтрымліваць сувязь з настаўнікамі Ганнай Уладзіміраўнай Бандарык і Людмілай Аляксандраўнай Балабановіч, якім удзячна за добрыя жыццёвыя ўрокі і мудрыя парады.
Жанчына пераканана: самае галоўнае ў жыцці — нашы дзеці. Каб дабіцца іх належнай увагі ў старасці, трэба ў маладосці быць прыкладам. У жыцці Ганна Васільеўна была лідарам: у школе сакратаром камсамольскай арганізацыі, у інстытуце старастаю групы, у сям’і старалася трымаць усё пад кантролем, але ніколі ў кругавароце бурлівага жыцця не забывала пра сваіх дзяцей. Зараз гэтая любоў вярнулася з ліхвой: штодзённа тэлефануюць і спраўляюцца аб самаадчуванні бацькоў, а таксама часта наведваюцца на маленькую радзіму.
Любы сэрцу родны край
— У сельскай мясцовасці жыць не сумна? — цікаўлюся ў членаў сям’і Руц.
— Добра пабываць дзень-два ў горадзе, — адказваюць яны аднагалосна, — але лепшых мясцін, чым ярэміцкая зямля, не трэба шукаць.
— А што да старасці, — дабаўляе Ганна Васільеўна, — павінна быць маладая душа. Мы з суседкай Веранікай Сініцай кожны дзень пешшу ходзім па пяць кіламетраў — па два з паловай да Ярэміцкага лясніцтва і назад. Здароўю гэтая прагулка ідзе на карысць, а прыгажосць прынёманскіх краявідаў як бальзам для душы.
Напрыканцы сустрэчы субяседніца выказала чытачам раёнкі свае пажаданні: «Жыццё складанае, але трэба заставацца заўсёды чалавекам. Дабрыня павінна кіраваць светам. Усё павінна быць па-людску і па-добраму».
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ