Больше 20 лет на страже тепла. О жизни и работе рассказала инженер-теплотехник Марина Семиш

Выбраць прафесію аднойчы і на ўсё жыццё шанцуе многім, каб потым свядома служыць ёй, прыносіць карысць грамадству, атрымліваць задавальненне самому.
Правільны выбар
У 1999 годзе пасля заканчэння Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Марына з мужам Іванам прыехалі ў Карэлічы па размеркаванні. Карэліччына — радзіма абранніка.
— Я па спецыяльнасці — інжынер-цеплатэхнік, а муж — вядучы інжынер вытворча-тэхнічнага аддзела. — У жніўні споўніцца дваццаць два гады, як працуем у Карэліцкім раённым унітарным прадпрыемстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі. На нашых вачах адбылося шмат змен: мадэрнізацыя кацельні з пераводам на мясцовыя віды паліва, замена цеплавых сетак на папярэдне ізаляваныя трубы, будаўніцтва станцыі другога пад’ёму водазабеспячэння г.п. Карэлічы, будаўніцтва водазабеспячэння ў г. п. Мір і іншае.
Марына Семіш займаецца разлікам цеплавой энергіі па ўсіх спажыўцах, кантралюе спраўнасць прыбораў уліку цеплавой энергіі, якаснае рэгуляванне цеплавой энергіі, выконвае іншыя абавязкі (яна і інжынер-цеплатэхнік Алена Леанідаўна Лукашкова ў адной звязцы працуюць з начальнікам участка ацяпляльных кацельных і цеплавых сетак Уладзімірам Сап’янікам).
— Цяпло — гэта камфорт у доме, — лічыць жанчына. — Заўсёды прыемна, калі ў пакоях цёпла і ўтульна, асабліва дзецям. Ім няма ніякай справы да таго, адкуль яно бярэцца, былі б добрыя ўмовы для жыцця. Пра гэта клапоцімся мы, дарослыя.
За дваццаць два гады працы Марына Семіш ніколі не пашкадавала аб выбары прафесіі. Як прызналася падчас сустрэчы, ёй па душы формулы і разлікі. Падабаецца спецыфіка работы ў камунгасе, дзе сустракаецца з разлікамі за ваду і будаўнічымі працэсамі, дзе жыве клопатамі ўсёй арганізацыі. Калектыў падабраўся дружны і згуртаваны, і справа ладзіцца. «Наша праца запатрабаваная, мы служым людзям», — сцвярджае субяседніца. нездарма ў гэтым годзе яна ўзнагароджана Падзячным пісьмом старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта.
Любы сэрцу куточак
Марына нарадзілася ў горадзе Орша Віцебскай вобласці. Пра Карэлічы раней не чула, але лёс звязаў з гарпасёлкам, і аб гэтым не шкадуе. Нават лічыць сябе шчаслівай: больш двух дзясяткаў гадоў тут жыве яе сям’я і падрастаюць дзеці. Па-добраму радуецца ўсім зменам, якія адбываюцца ў любым сэрцу куточку. За апошні час райцэнтр змяніўся — Карэлічы сталі ўтульным гарадком. «Чысты і мілы для жыцця сям’і і дзяцей», — лічыць яна.
У гэтым ёсць уклад і камунальнікаў, і будаўнікоў. Змяняюцца фасады дамоў, добраўпарадкоўваюцца тэрыторыі, з’яўляюцца клумбы з кветкамі — і усё гэта радуе. Жанчына ўскладвае надзеі на саміх жыхароў, якія не павінны быць раўнадушнымі да свайго населенага пункта і старацца зрабіць усё, каб гарпасёлак станавіўся прыгажэйшым.
Сэрца маці
Марына Анатольеўна Семіш з любоўю паведала і пра дзяцей. Дар’і — дзевятнаццаць, яна студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, выбрала прафесію праграміста.
Дзевяцігадовая Лізавета вучыцца ў 4 «Б» класе сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы. Дзяўчынка займаецца ў Карэліцкай дзіцячай школе мастацтваў па класе фартэпіяна і вельмі любіць маляваць.
Ягору споўнілася пяць, ён наведвае дзіцячы садок. Яго любяць усе, і хлопчык расце бацькавым памочнікам.
— Сэнс жыцця ў дзецях, — гаворыць матуля. — Хвалюешся за дзіця больш, чым за сябе. Яго дасягненні ўспрымаеш з двайной радасцю. Сэрца маці хвалюецца за ўсіх. Для дзяўчынак хочацца жаночага шчасця, а для сына, каб вырас абаронцам, каб змог пабудаваць дом, пасадзіць дрэва, выхаваць сына. Жадаю ім дабра і шчасця, і хачу, каб дзеці былі ў будучым дастойнымі людзьмі.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ