Фотография поселка Мир попала на страницы американского журнала «LIFE»

Амерыканскі часопіс “LIFE” быў заснаваны ў 1883 г. Першапачаткова ён выдаваўся як забаўляльны часопіс, але з 1936 г. ператварыўся ў багата ілюстраванае выданне, якое асвятляла падзеі ва ўсім свеце. У ім працавалі таленавітыя пісьменнікі, рэдактары, карыкатурысты і фотажурналісты свайго часу. Адным з такіх супрацоўнікаў быў Джон Філіпс (1914–1996) – амерыканскі фатограф.

Менавіта ён у 1938 г. наведаў Польскую рэспубліку (1918–1939), у склад якой пасля падпісання Рыжскай дамовы 1921 года ўваходзіла тэрыторыя Заходняй Беларусі. Для Джона Філіпса гэта была службовая камандзіроўка, па выніках якой ён падрыхтаваў артыкул: “Польшча. Пакуты, гонар і страх кіруюць пасляваеннай дзяржавай, якая завецца краінай палёў”. Артыкул быў надрукаваны ў нумары за 29 жніўня 1938 г. У ім аўтар разглядаў пытанні, якія тычыліся палітыкі, вайсковай бяспекі, сельскай гаспадаркі Польшчы. Акрамя гэтага, артыкул суправаджаўся фотаздымкамі, на якіх былі задакументаваны савецкія памежныя будынкі, польскія жаўнеры, адметныя мясціны краіны, яе жыхары і не толькі.

Некаторыя выявы былі зроблены аўтарам на тэрыторыі сучасных беларускіх населеных пунктаў, у тым ліку і ў Міры.

Фотаздымак, безумоўна, варты ўвагі. На першым плане стаіць чалавек. На жаль, з-за таго, што ён павернуты спіною да фатографа, асобу немагчыма ідэнтыфікаваць. Відаць, ён даглядае жывёлу, якая пасецца на лузе перад ракой Міранкай. На другім беразе ракі размяшчаюцца драўляныя дамы з агароджамі, а таксама вадзяны млын. А сярод драўляных пабудоў над дрэвамі велічна ўзвышаецца вежа мураванага касцёла.

Цікава, што пад фотаздымкам на старонках часопіса быў змешчаны надпіс: “У Міры сялянства галадае. На поўнач ад пагранічных балот. Звярніце ўвагу на вежу храма”. Такім чынам, аўтар падаў кароткія звесткі пра паселішча, а таксама яго жыхароў. Так, Мір стаў вядомы сярод амерыканскай аўдыторыі – чытачоў часопіса “LIFE”.

У той час Мір з’яўляўся цэнтрам гміны Стаўбцоўскага павета Навагрудскага ваяводства, дзе налічвалася каля 6 тыс. жыхароў. Хаця Мір і не быў вялікім населеным пунктам, але тут знаходзілася даволі значная колькасць помнікаў гісторыі і архітэктуры. На вышэйузгаданым фотаздымку якраз некаторыя з іх бачныя: вадзяны млын, які не захаваўся да нашых дзён, а таксама касцёл Святога Мікалая, які быў пабудаваны ў XVI ст. князем Мікалаем Крыштафам Радзівілам Сіроткам.

Дарэчы, захаваліся і іншыя фотаздымкі, зробленыя Джонам Філіпсам у Міры. У часопісе яны не былі апублікаваныя, але іх сёння можна ўбачыць. Яны належаць да фотаархіва часопіса “LIFE”. На адным з іх, напрыклад, задакументаваны замак, у якім, як вядома, да 1939 г. жылі князі Святаполк-Мірскія. На іншым – дарожны ўказальнік з адзнакамі: “Stopce 20 km”, “Turzec 13 km”, “Horodziej 16 km”.

Так ці інакш, але фотаздымкі Джона Філіпса на сёняшні дзень з’яўляюцца цікавым візуальным матэрыялам па вывучэнні гісторыі мястэчка. Яны сведчаць аб тагачасным стане вадзянога млына, мураванага касцёла, а таксама Мірскага замка, які ў цяперашні час лічыцца ўнікальным помнікам архітэктуры Беларусі. Важна і тое, што дзякуючы працам Джона Філіпса, амерыканская аўдыторыя мела магчымасць даведацца пра мястэчка Мір і некаторыя аспекты жыцця яго жыхароў.

Вераніка КРАСОЎСКАЯ,
малодшы навуковы супрацоўнік музея “Замкавы комплекс “Мір”