Приемщица заказов комплексного приемного пункта агрогородка Жуховичи Наталья Малыщик рассказала о своей жизни
Чвэрць стагоддзя прысвяціла бытавому абслугоўванню селькіх жыхароў прыёмшчыца заказаў комплекснага прыёмнага пункта аграгарадка Жухавічы Наталля Уладзіміраўна Малышчык. Напярэдадні прафесійнага свята журналіст раённай газеты «Полымя» пацікавілася, як складваўся яе шлях прафесійнага майстэрства і якімі жыве клопатамі.
— Наталля Уладзіміраўна, як пачынаўся працоўны шлях?
— У 1991-1993 гадах вучылася ў Гродзенскім ПТВ-74 бытавікоў. Пасля яго заканчэння працавала ў Міры цырульнікам. Затым выйшла замуж у Малыя Жухавічы і ў 1994 годзе прыйшла працаваць на комплексны прыёмны пункт цырульнікам. Пасля таго, як загадчыца Аляксандра Аркадзьеўна Бухавец пайшла на пенсію, стала прыёмшчыцай заказаў. З таго часу і па сённяшні дзень займаю гэтую пасаду.
— За гады працы назапасіўся пэўны вопыт. А наколькі бытавое абслугоўванне запатрабаванае?
— Ва ўсе часы яно было запатрабаваным. Усе віды паслуг карыстаюцца попытам.
Вяскоўцы ахвотна рамантуюць адзенне, абутак, здаюць рэчы ў хімчыстку, набываюць камплекты пасцельнай бялізны, коўдры, падушкі, фіранкі, ручнікі, абутак, сродкі для мыцця і іншае.
— Месцазнаходжанне комплекснага прыёмнага пункта ў цэнтры аграгарадка Жухавічы нейкім чынам дапамагае павялічыць колькасць кліентаў?
— Вядома. Дапамагае тое, што знаходзіцца непадалёку ад аўтобуснага прыпынку, і людзі сюды прыходзяць. Побач таксама размясціліся крамы, школа, Дом культуры, праўленне сельгаскааператыва — няма як скардзіцца на карыстальнікаў бытавых паслуг, абавязкова знойдзецца той, хто ў іх мае патрэбу.
— А як працуеце з жыхарамі аддаленых населеных пунктаў?
— Жыхары аддаленых вёсак тэлефануюць на комплексны прыёмны пункт і даюць заяўкі, якія прымаю. Калі ж яны выкананы, то дастаўляю заказчыку. Дарэчы, існуе выязное штотыднёвае абслугоўванне, якое ажыццяўляю на аўтамабілі нашага прадпрыемства.
— Што дапамагае на працягу многіх гадоў працаваць у бытавым абслугоўванні?
— Люблю сваю работу і люблю працаваць з людзьмі. За столькі гадоў усіх ведаю. Кожнаму вяскоўцу, акрамя аказання бытавых паслуг, хочацца падарыць хвіліны добрага настрою. Комплексны прыёмны пункт абслугоўвае 12 населеных пунктаў, і я імкнуся выконваць запыты іх жыхароў.
Да таго ж, мая праца ў бытавым абслугоўванні неаднаразова адзначалася шматлікімі ўзнагародамі, а гэта прыдавала ўпэўненасці і хацелася працаваць яшчэ лепш, новы дзень прысвячаць вяскоўцам, іх запытам.
Віншуем!
За шматгадовую добрасумленную працу ў галіне бытавога абслугоўвання насельніцтва Падзячным пісьмом старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджана прыёмшчыца заказаў комплекснага прыёмнага пункта аграгарадка Жухавічы Карэліцкага ўнітарнага камунальнага прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва Наталля Уладзіміраўна МАЛЫШЧЫК.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКА