Работники культуры района подвели итоги работы за 2020 и определили задачи на 2021 год

У актавай зале Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў работнікі культуры раёна сабраліся на нараду, каб падвесці вынікі работы за 2020 і вызначыць задачы на 2021 год.

З дакладам «Аб выніках работы ўстаноў культуры раёна за 2020 год і задачах на 2021» выступіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Іна Санчук.

Сетка ўстаноў культуры Карэліцкага раёна прадастаўлена 6 юрыдычнымі асобамі: ДУ «Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці» (8 аддзелаў культуры і вольнага часу, 5 сектараў, аддзел метадычнай работы, аддзел рамесніцкай дзейнасці), ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка» (15 структурных падраздзяленняў), ДУА «Карэліцкая ДШМ», «Жухавіцкая ДШМ», «Мірская ДШМ», УК «Карэліцкі раённы краязнаўчы музей».

У 2020 годзе клубнымі ўстановамі культуры праведзена 1174 культурна-масавых мерапрыемстваў.

На высокім мастацкім і арганізацыйным узроўні ў 2020 годзе прайшлі брэндавыя мерапрыемствы: «Дзіцячы Калядны баль», свята «Ай, да Масленіца» (г.п. Карэлічы), этна-фэст «У Міры пякуць бліны», свята «Улассе ў Луках» (агр. Лукі), свята хлеба «Цар-Хлеб» (агр. Малюшычы).

У 2020 годзе творчыя калектывы, індывідуальныя выканаўцы ДУ «Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці» прынялі ўдзел у 75 міжнародных, рэспубліканскіх і абласных фестывалях, конкурсах.

Маргарыта Звонка, Маргарыта Дубкова, Сафія Карвіга, удзельніцы тэатральнай студыі «Эксперымент» ДУ «Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці», сталі стыпендыятамі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі за актыўны ўдзел у мастацка-творчых мерапрыемствах.

У 2020 годзе майстры Дома рамёстваў да юбілею раёна рэканструявалі традыцыйны строй мужчынскага і жаночага адзення, верхняга адзення, якое насілі нашы продкі ў ХІХ-пачатку ХХ стагоддзяў.

Важная падзея мінулага года для Дома рамёстваў — практыкі саломапляцення Веры Салдатавай і Святланы Гусаковай занесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

Бібліятэчнае абслугоўванне насельніцтва Карэліцкага раёна ажыццяўляе ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка», у склад якой уваходзяць 15 бібліятэчных устаноў. Бібліятэчны фонд павялічыўся на 6798 экзэмпляраў і налічвае 349157 адзінак. Выпісваецца 112 перыядычных выданняў, з іх — 75 часопісаў і 57 газет.
ва УК «Карэліцкі раённы краязнаўчы музей» арганізавана 8 часовых выстаў, праведзены 2 культурныя мерапрыемствы. Летась работа музея перамясцілася ў інтэрнэт. Арганізавана 22 анлайн-праекты.

ДУА «Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў» — гэта школа мастацтваў у г.п. Карэлічы і 6 класаў у аграгарадках: Цырын, Варонча, Краснае, Малюшычы, Баранавічы, Райца. Навучанне ў школе вядзецца па наступных накірунках: музычнае, мастацкае і дэкаратыўна-прыкладное, харавое, эстраднае, тэатральнае, харэаграфічнае.
За 2020 год навучэнцы і педагогі прынялі ўдзел у 28 міжнародных, 4 рэспубліканскіх, 3 абласных, 5 рэгіянальных конкурсах. Атрымана 137 узнагарод, з іх 1 гран-пры, 85 лаурэатаў І-ІІІ ступеняў, 40 дыпламантаў І-ІІІ ступеняў.

У ДУА «Мірская дзіцячая школа мастацтваў» працуюць два аддзяленні: музычнае і дэкаратыўна-прыкладное. У аграгарадках адкрыты і функцыянуюць чатыры класы. У 2020-2021 навучальным годзе настаўнікі прынялі ўдзел у 13 міжнародных, абласных і рэспубліканскіх конкурсах.

На нарадзе слова трымалі кіраўнікі падраздзяленняў. Дырэктар Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Гароднік паведаміла аб выніках работы клубных устаноў у сучасных умовах, аб арганізацыі сістэмнай работы па абслугоўванні чытачоў бібліятэкамі — дырэктар Карэліцкай раённай бібліятэкі Лілія Арцюх.

«Работа ўстановы культуры «Карэліцкі раённы краязнаўчы музей» у інфармацыйнай прасторы» — тэма выступлення дырэктара гэтай установы Дзмітрыя Арцюха.

Дырэктары Мірскай дзіцячай школы мастацтваў Вольга Ведзянеева і Жухавіцкай Дзмітрый Малышчык падзяліліся думкамі аб выніках работы ўстаноў і задачах на новы 2021-2022 навучальны год.

У правядзенні мерапрыемства прыняў удзел і выступіў намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўген Чычкан.

Лепшыя культработнікі раёна атрымалі ўзнагароды.

 

 

 

 

 

 

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ