Ученица СШ №2 г.п. Кореличи Вероника Кот: «Люблю весну, когда все вокруг пробуждается»
Сярод занесеных на раённую Дошку пашаны за дасягненне высокіх паказчыкаў у спорце, вучобе, творчай і грамадскай дзейнасці ў 2020 годзе і вучаніца 11 класа ДУА «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы» Вераніка КОТ.
Напярэдадні 8 Сакавіка дзяўчына расказала пра свае захапленні і адносіны да жыцця.
— Як успрынялася вестка аб занясенні на раённую Дошку пашаны? І як аднесліся да гэтага аднакласнікі?
— Гэта было нечакана, але я была вельмі рада, калі мне сказалі аб гэтым. Аднакласнікі павіншавалі, вядома.
— Якім школьным прадметам аддаеш перавагу?
— Люблю англійскую мову. Гэты прадмет спатрэбіцца ў далейшым, але напрамую з будучай прафесіяй не звязаны.
— Не толькі прадстаўнікі маладога, але і старэйшага пакалення шмат цікавяцца інфармацыяй у сацыяльных сетках. А якія адносіны ў цябе да папяровых кніг і сродкаў масавай інфармацыі?
— Калі гаварыць пра мастацкую літаратуру, то аддаю перавагу папяровым сродкам — так інфармацыя ўспрымаецца лепш. Але для вучобы карысней інтэрнэт, бо там хутчэй можна знайсці адказ на патрэбнае пытанне.
Чытанне расслабляе, а таксама павышае ўзровень пісьменнасці. Парадокс чытання: яно адводзіць ад рэальнасці, каб напоўніць яе сэнсам. Чытаючы, можна забыцца аб праблеме і знайсці яе рашэнне ў кнізе. Але найбольш мне падабаецца тое, што можна пражыць тысячы жыццяў і зрабіць сваё жыццё лепшым дзякуючы памылкам і дзеянням герояў.
— У любым узросце вельмі важна падтрымка людзей, якія б падзялялі погляды ці падтрымалі ў складанай сітуацыі. Хто з’яўляецца надзейнай апорай у жыцці?
— Для мяне гэта бацькі, мой брат і лепшыя сябры. Калі б я ні звярнулася да іх па дапамогу ці параду, яны заўсёды падтрымаюць.
— Ці ёсць любімае захапленне, якое б не толькі запаўняла вольны час, але і сагравала душу?
— Асноўнае маё хобі — маляванне. Гэтым відам мастацтва займаюся на працягу сямі гадоў. За час навучання дасягнула пэўных вынікаў. Мае работы ўпрыгожвалі выставы і займалі прызавыя месцы ў міжнародных конкурсах. Для мяне гэта не проста захапленне. Маляванне — метафара кантролю. Я выбіраю ўсё: палатно, фарбы, пэндзлі, матэрыял для афармлення карціны. Маляванне навучыла мяне галоўнаму: сваіх мэт можна дасягнуць звычайнай сілай волі. Галоўнае, чаму вучыць, — цярпенне, вытрымка і канцэнтрацыя ўвагі.
— На календары — вясна. Яе подых адчуваецца ў прыродзе. Для многіх яна з’яўляецца любімай парой года. Ці можаш сябе аднесці да іх ліку?
— Так, мне падабаецца вясна, бо ўсё навокал расцвітае, становіцца прыгожа і цёпла. Усё абуджаецца пасля зімы.
— Якія рысы характару найбольш падабаюцца ў людзях?
— Галоўным для мяне з’яўляецца шчырасць, сумленнасць, добразычлівасць і адказнасць.
— А што б хацелася сказаць сваім равеснікам пры выбары жыццёвага шляху?
— Па-першае, выбірайце тое, што падабаецца менавіта вам. Сто раз падумайце перад тым, як ісці ў накірунку да сваёй мэты. І, вядома, верце, што ў вас усё атрымаецца.
— Наша інтэрв’ю праходзіць напярэдадні Дня жанчын. Хто тыя, каму хочацца выказаць самыя шчырыя і цёплыя словы ўдзячнасці і віншаванняў?
— Хачу павіншаваць з надыходзячым святам і выказаць удзячнасць сваёй матулі, бабулям, усім настаўнікам, сяброўкам. Пажадаць здароўя, здзяйснення мараў, вясновага настрою.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКА