В Турецкой средней школе возрождают кукольный театр «Батлейка»

Мы запрашаем вас у тэатральную студыю “Батлейка”

Яшчэ зусім нядаўна мы  амаль што зусім нічога не ведалі пра гісторыю такого тэатра.  Быў час, калі лялечны тэатр  страціў  сваё значэнне, а разам з тым пачала забывацца і дзедаўская спадчына,  біблейскія легенды. Але па ўсёй Беларусі  жывуць людзі, хто памятае пра батлейку і намагаецца ўзнавіць яе значэнне ў грамадстве. Менавіта  навучэнцы ДУА “Турэцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа” разам з іх настаўніцай Аленай Гунько на працягу амаль дзесяці гадоў развіваюць акцёрскія і драматургічныя здольнасці ў вучняў, адлюстроўваючы сацыяльныя, рэлігійныя і культурныя патрэбы людзей праз пастаноўку спектакляў у тэатры “Батлейка”.

Мне добра запомнілася наша першае выступленне. Гэта была  пастаноўка  “Птахі з выраю вяртаюцца, людзі сонцу ўсміхаюцца…”, сцэнарый якой быў напісаны да свята Саракі. Далей з’явіўся цэлы цыкл п’ес, рэжысёрамі-пастаноўшчыкамі якіх былі настаўнікі, самі вучні і іх бацькі. Музыкальнае афармленне на працягу многіх гадоў ажыццяўляе настаўнік музыкі Л.С. Сас.

Час не стаіць на месцы. Мяняюцца акцёры, але застаецца нязменным імкненне творчага калектыву адраджаць лепшыя традыцыі беларускай народнай спадчыны, што вучыць міласэрнасці, адказнасці, любві да сваёй Радзімы.

Іна Коцік,

вучаніца 11 класа

 

Зачараванне тэатрам

Гісторыя ўзнікнення любога аб’екта, з’явы, падзеі заўсёды зачароўвае. Так адбылося і з тэатральнай студыяй “Батлейка”  ў нашай школе. Памятаю, як у пачатковых класах мяне ўпершыню запрасілі паўдзельнічаць у выступленнях.

Мой тата, настаўнік тэхнічнай працы, на той час ужо зрабіў драўляную батлейку, якую часта выкарыстоўвалі і выкарыстоўваюць зараз у прадстаўленнях студыі. Было цікава прымаць удзел у аздабленні батлейкі, стварэнні дэкарацый, касцюмаў. Галоўнымі ўдзельнікамі ў той час былі мае аднакласнікі, вучні пачатковай школы.  І амаль усе  святы знайшлі сваё адлюстраванне ў праграме батлейкі. П’есы ствараліся на беларускай мове і расказвалі  пра  гісторыю ўзнікнення  такіх свят,  як Пакровы, Каляды, Вялікдзень і іншыя. За час, пакуль я займалася ў тэатральнай студыі, мы неаднаразова выступалі перад вучнямі і настаўнікамі школы, жыхарамі агр. Турэц у царкве, у мясцовым Доме культуры. Таксама часта праводзілі сустрэчы з дзецьмі, якія часова жывуць у прытулку ў в. Палужжа, прымалі ўдзел у конкурсах мастацкай самадзейнасці, у тым ліку з нашай п’есай “Цар Ірад”.

Заўсёды было прыемна праводзіць свой час у творчай атмасферы, якая вельмі захапляла, стварала добры настрой і давала магчымасць плённа працаваць, каб яшчэ больш зацікавіць   акружаючых. Выступленні праводзіліся як з драўлянай батлейкай, так і без яе. Наша настаўніца Алена Аляксандраўна Гунько разам з музычным кіраўніком Сас Людмілай Сяргееўнай складалі сцэнарыі для п’ес. Настаўнікі заўсёды імкнуліся ўлічваць жаданні дзяцей у размеркаванні роляў, што давала магчымасць хутчэй уліцца ў працэс. Напрыклад, я амаль заўсёды выконвала ролю вядучай, і мне гэта вельмі падабалася.

Наогул, любое прадстаўленне ўспрымалася як свята: перад ім дасканала рыхтавалася адзенне, лялькі, дэкарацыі, артысты настройваліся на выступленне, навокал панавала атмасфера яднання. Але з цягам часу змяняліся пакаленні артыстаў, і мы, ужо старшакласнікі, з ахвотай назіраем за работай тэатральнай студыі ў асноўным у якасці гледачоў, дапамагаем Алене Аляксандраўне парадамі, шэфствам над малодшымі школьнікамі – удзельнікамі студыі.

Нягледзячы на карэктывы, якія ўнесла каранавірусная інфекцыя, студыя не спыніла сваю работу: выступае перад вучнямі пачатковай школы, і рыхтуецца выступленне на “Саракі”.

Я лічу, што батлеечны тэатр – гэта лепшы сродак далучэння да гістарычнай спадчыны і знаёмства з біблейскімі легендамі. Ён дапамагае развіваць акцёрскія і музычныя навыкі, фарміраваць адказнасць і гатоўнасць рабіць дабро. Як выпускніца адзінаццатага класа жадаю поспехаў тэатральнай студыі і яе кіраўнікам і спадзяюся, што яшчэ не адзін раз, завітаўшы ў родную школу, з задавальненнем наведаю прадстаўленні гэтай студыі, у якой сама прымала ўдзел.

Агеліна Цаба,

вучаніца 11 класа