Кореличчане приняли участие в акции «Неделя леса»

8 красавіка творчая камандзіроўка прывяла ў Мірскае лясніцтва. З нагоды Тыдня лесу сустрэлася з цікавымі людзьмі, якія моцна любяць навакольны свет і ўсё робяць для таго, каб ён стаў прыгажэйшым.

Ляснік Дзмітрый Беразоўскі ахвотна апавядае пра пасадку лесу. Па плану ў гэтым годзе мяркуецца засадзіць плошчу ў 67 га. У дзень нашага візіту было асвоена 12. Высаджваюць сасну, бярозу, елку. Ёсць 6 добраахвотнікаў, якія выказалі жаданне займацца гэтай справай. Бяруць для сябе дзялянкі па 1-2 га, у асноўным гараджане ў свае выхадныя дні. Схему пасадкі захоўваюць: паміж сасной і елкай — 60 см, бярозай — ад 80 см да 1 м.

На працягу Тыдня лесу плануюць засадзіць 20 га. Участкі знаходзяцца на  мінулагодніх высечках,  ёсць і свежыя. Яны размешчаны па ўсім лясніцтве: на Міранцы, у Беражным, ля Возерскага. Гэты год аказаўся рэкордным на плошчу для пасадкі, у папярэднія гады займаліся плошчы 40-50 га. Дзмітрый Беразоўскі гаворыць, што любіць сваю справу, бо дзякуючы ёй знаходзіцца бліжэй да прыроды.

Загадчык гаспадаркі Жухавіцкай сярэдняй школы Аляксандр Саковіч адзначае, што за 20 гадоў працы ў навучальнай установе на пасадку лесу прыязджае ў сёмы раз. Сёлета працуюць у лясніцтве 14 чалавек, і ўсе самі выказалі жаданне дапамагчы ў патрэбнай справе. На гэты раз садзяць лес каля Беражна, і ўжо высадзілі дрэўцы на плошчы 3 га.

— Для мяне гэта не ў навіну, — гаворыць работнік школы. — Мой дзядуля працаваў лесніком і з дзяцінства браў мяне ў лес. Люблю збіраць лясныя дары, а лес садзіў у школьныя гады і пазней. Гэта праца ў камандзе: адзін робіць лункі, а другі садзіць. Мне падабаецца гэтым займацца пры добрым надвор’і: і карысную справу робіш, і наталяешся свежым паветрам.

З Турэцкай сярэдняй школы на пасадку лесу штодзённа прыязджае ад 16 да 19 чалавек — настаўнікі і тэхработнікі. Садзяць бярозу, сасну, елку на плошчы 1,5 га, ужо асвоена больш 4 га. Па меркаванні Наталлі Ленгіновіч, загадчыка гаспадаркі навучальнай установы, гэта адказнасць перад нашчадкамі. Лес дае чалавецтву шмат даброт: паветра, кнігі, жыллё, і трэба  з пашанай адносіцца і берагчы яго.

— Такая акцыя — важная справа для людзей у цэлым, — гаворыць майстар Мірскага лясніцтва Алена Булах. — Радуе, што людзі не застаюцца абыякавымі да экалагічных праблем, выказваюць жаданне дапамагчы работнікам лясной гаспадаркі ў аднаўленні ляснога фонду. Лес — наша багацце, і трэба беражліва адносіцца да яго дароў і падтрымліваць парадак падчас адпачынку на прыродзе.

Да Тыдня лесу далучылася і кіраўніцтва Карэліцкага райвыканкама. На плошчы 5 гектараў былі высаджаны саджанцы бярозы, елкі, альхі і дуба.

Не засталіся ў баку ад добрай справы і работнікі культуры раёна. Яны накіраваліся на ўзбярэжжа возера Свіцязь, дзе ачысцілі берагавую лінію ад смецця.

 7 красавіка супрацоўнікі праваахоўных органаў выехалі ў Карэліцкае лясніцтва Навагрудскага лясгаса, дзе для іх быў пастаўлены шэраг задач. Група з супрацоўнікаў Карэліцкага РАУС сумеснымі намаганнямі высадзіла на тэрыторыі лясніцтва каля аграгарадка Палужжа 120 клёнаў. Кожны з удзельнікаў упэўнены, што праз 5-7 гадоў, калі дрэвы будуць ужо добра прыкметныя сярод шматгадовых елак і клёнаў, людзі змогуць атрымаць асалоду не толькі ад прыгажосці лесу, але і ад свежага, чыстага паветра.

Галіна СМАЛЯНКА

Наталля САКАЛЯНСКАЯ

Фота Ларысы ШУГЛІ і Наталлі САКАЛЯНСКАЙ