Маленькие кореличчане и их родители посадили деревья возле Дошкольного центра развития ребенка
У рамках акцыі “Пасадзім дрэва разам”, што праводзілася ў Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці г.п. Карэлічы на мінулым тыдні, выхаванцы сярэдняй групы № 10 і іх бацькі сабраліся разам, каб пасадзіць дрэўцы на сваёй пляцоўцы.
У групе мы пагутарылі з дзеткамі пра тое, навошта патрэбна садзіць дрэвы. Было шмат меркаванняў: для прыгажосці, каб дрэвы ачышчалі нам паветра, каб быў цянёк у гарачы дзянёк і каб было куды схавацца падчас гульні ў хованкі. Меркаванні розныя, а рашэнне адно — будзем садзіць!
На дапамогу паклікалі бацькоў. Прыйшлі амаль усе, у некаторых нават тата і мама. Колькі ж было радасці і хвалявання ў дзіцячых вачах, калі разам з татамі капалі ямку для маленькага дрэўца, затым ішлі выбіраць саджанец.
Выбралі елачку і дзве хвойкі. З цікаўнасцю назіралі дзеткі, як тата апускае выбраны саджанец у ямку і прысыпае зямлёй. І тут жа сталі дапамагаць: адны падсыпалі глебу, другія палівалі вадой.
Кажуць, што сапраўдны мужчына павінен пабудаваць дом, пасадзіць дрэва і выгадаваць дзіця. А ў нас з’явілася сваё меркаванне: сапраўдныя бацькі павінны пасадзіць дрэва разам з сваім дзіцем. Таму што нельга было не заўважыць — агульная справа не толькі збліжае бацькоў і дзяцей, але і насычае ўсіх нейкім дзіўным адчуваннем адзінства і веры ў будучыню.
Спадзяемся, што дрэўцы добра прыжывуцца і будуць радаваць не адно пакаленне маленькіх карэліччан, а кожны з нашых выхаванцаў стане добрым грамадзянінам сваёй краіны.
Ірына АРЦЮХ,
выхавацель дашкольнай адукацыі ДЦРД г.п. Карэлічы
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ