«Медосмотр без очереди»: в Кореличах состоялась акция «Здоровый городок»

У Карэліцкім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці праведзена акцыя «Здаровы гарадок» у рамках праекта «Карэлічы — здаровы пасёлак». Яе ўдзельнікі мелі магчымасць атрымаць кансультацыі ў эндакрынолага і кардыёлага, зрабіць кардыяграму сэрца, памераць артэрыяльны ціск, даведацца пра ўзровень цукру ў крыві, атрымаць першую дапамогу. Работнікі аптэкі прапаноўвалі віктарыну з прызамі для ўдзельнікаў акцыі, а таксама вітаміны, мінеральныя комплексы, фіта-гарбату для прафілактыкі авітамінозу.

Інструктар-валеёлаг раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Людміла Валасевіч прапанавала ўдзельнікам акцыі лістоўкі, буклеты, памяткі аб захаванні здаровага ладу жыцця і прафілактыцы вірусных захворванняў і каранавірусу.

Супрацоўнікі аддзела рамесніцкай дзейнасці раённага Дома рамёстваў прадставілі свае вырабы.

Мы папрасілі ўдзельнікаў акцыі падзяліцца сваімі меркаваннямі.

Ніна КРАСКОЎСКАЯ,

загадчык ЦРА № 65 г.п. Карэлічы:

— Вясна — перыяд абнаўлення ў прыродзе. Павінна быць і абнаўленне ў арганізме чалавека. Хачу параіць вясной прымаць вітаміны, вітамінна-мінеральныя комплексы, фіта-гарбаты, якія ўзбагачаюць арганізм усім неабходным. Цяпер у аптэках маецца вялікі асартымент гэтых прэпаратаў і біялагічна актыўных дабавак. Жадаю ўсім весці актыўны лад жыцця і быць здаровымі.

Галіна Бокша,

жыхарка г.п. Карэлічы:

— У газеце «Полымя» прачытала аб правядзенні мерапрыемства. У раённай паліклініцы бывае вялікая чарга да ўрачоў, а тут усё-такі намнога менш жадаючых. Хачу зрабіць кардыяграму сэрца і праверыць кроў на цукар. Маё здароўе — па гадах. У свой час працавала на Карэліцкім ільнозаводзе эканамістам. На пенсіі пятнаццаць гадоў. Лічу, што здароўе для чалавека — самае галоўнае: будзе яно, то будзе ўсё.

Ларыса КУЗЬМІЧ,

бібліятэкар аддзела камплектавання і апрацоўкі Карэліцкай раённай бібліятэкі:

— Вельмі добра, што існуюць такія акцыі. Я змерала цукар у крыві — усё ў норме. Атрымала кансультацыю  эндакрынолага. Удзельнічала ў віктарыне, якую арганізавалі работнікі аптэкі № 65 г. п. Карэлічы, і выйграла прыз — вітаміны. Перапаўняюць станоўчыя эмоцыі, удзячна арганізатарам акцыі.

 

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ