Механизатор ОАО «Кореличи-Лён» Евгений Лустач: «Зимой жду-не дождусь, чтобы услышать песню жаворонка над свежевспаханным полем» (+видео)

Спеў жаўрука разліваецца над урочышчам “Маціеўскія пакоі”, што непадалёк ад мехмайстэрняў СВК “Лукі-Агра”. Неўзабаве на гэтым полі заблакітнее лён. Пакуль жа тут на культывацыі глебы шчыруе механізаваны атрад Карэліцкага льнозавода.

33-гадовы механізатар Яўген Лустач заводзіць свой старэнькі МТЗ-1221, і мы плаўна ўзнімаемся на невялікі пагорак.

— Майму жалезнаму каню 17 гадоў, але на льнозаводзе з запчасткамі праблем няма, — гаворыць Яўген. – А калі ўсё неабходнае пад рукой, то паставіць на колы тэхніку можна. За рулём трактара я 10 гадоў. Як паспрабаваў у школе сесці ў кабіну механізатара, адчуў: гэта маё. Мой дзядуля ўсё жыццё на трактары, праўда на гусянічным.

Малады механізатар расказвае, што цяпер у аграрыяў гарачая пара: гул трактароў не сціхае да 7 вечара, працуюць без выхадных, але такая работа земляробам даспадобы. Яўген, напрыклад, зімою працуе на льнозаводзе на прасаванні кароткага льновалакна і не можа дачакацца, калі зноў можна будзе пачуць спеў жаўрука і адчуць водар свежаўзаранай раллі.

У гэтым годзе ў Карэліцкім і Лідскім раёнах пад лён-даўгунец адведзена 3400 га, гэта на 200 га больш, чым у мінулым годзе. Лён – стратэгічна важная культура для Беларусі, акрамя таго, добра ідзе на экспарт у Кітайскую Народную Рэспубліку. За першы квартал бягучага года ААТ “Карэлічы-Лён” экспартавала ў КНР 440 тон кароткага льновалакна на суму амаль 530 тысяч долараў ЗША. Пад новы ўраджай набыта 20 тон насення льну-даўгунцу першай рэпрадукцыі французскага гатунку.

На гэтым тыдні на культывацыі глебы пад паўночны шоўк працуе 7 адзінак тэхнікі. За дзень кожны механізатар апрацоўвае амаль па 26 га зямлі. На наступным тыдні аграрыі прыступяць да сяўбы льну, якую плануецца завяршыць да 20 красавіка.

У Карэліцкім раёне на раніцу 2 красавіка падрыхтавана 1387 га пад сяўбу яравых культур. Пасеяна 355 га зерневых і зернебабовых культур, што складае 7% ад запланаваных 6553 га.

 

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара

1